Памятныя манеты "Легенда пра гіля"
Дата выпуску ў абарачэнне: 20 лістапада 2014 года
Дызайн: А. Навасёлава (Беларусь)Чаканка: ЗАТ "Літоўскі манетны двор", Вільнюс, Літва
Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.
Аверс
уверсе – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, па крузе надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры на фоне сімвала вечнага руху – кола калаўрота, фактура якога пераходзіць у структуру гадавых кольцаў на зрэзах дрэва, размешчана стылізаваная выява птушак, карункавых сняжынак і ялінак як вобразаў беларускіх легенд і элементаў беларускага народнага пляцення; унізе – намінал: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай манеце) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), злева ад наміналу – год чаканкі (на срэбнай справа – проба сплаву).
Рэверс
у цэнтры – стылізаваная выява гіля, на грудках, спінцы і крылах якога рэльефныя выявы карункавых сняжынак, галінак; вакол птушкі – ягадкі рабіны (любімы ласунак гілёў) і сімвалы беларускіх легенд. Справа па крузе надпіс: ЛЕГЕНДА ПРА ГІЛЯ.