Памятныя манеты "Шлях Скарыны. Кракаў"
Дата выпуску ў абарачэнне: 12 мая 2016 года
Дызайн: С. Някрасава (Беларусь)Чаканка: ЗАТ "Літоўскі манетны двор", Вільнюс, Літва
Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.
Аверс
уверсе – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, пад ім надпіс: РЭСПУБЛIКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры – гравюра "Дыспут" (тытульны ліст з кнігі "Ісус Сірахаў", выдадзенай Ф. Скарынай); злева і справа – дэкаратыўны арнамент, у поле якога ўпісаны: злева – год чаканкі, справа – проба сплаву (на срэбнай); унізе – намінал: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай).
Рэверс
у цэнтры – выява акна, дэкарыраванага архітэктурнымі элементамі і знакамі з гравюр Ф. Скарыны; у ніжняй частцы – на стылізаваным малюнку геральдычнага поля буквіца "К", увянчаная каронай, і пад ёй надпіс "КРАКАЎ"; у верхняй частцы – надпісы па крузе "ШЛЯХ СКАРЫНЫ". Кампазіцыя разгортваецца на фоне віду Кракава з гравюры XV ст. ("Сусветная хроніка" Шэдзеля).