Гласарый тэрмінаў

Тэрміны, якія выкарыстоўваюцца пры ажыццяўленні рэйтынгавай дзейнасці:

акрэдытацыя – афіцыйнае пацвярджэнне Нацыянальным банкам права рэйтынгавага агенцтва на ажыццяўленне рэйтынгавай дзейнасці шляхам уключэння рэйтынгавага агенцтва ў рэестр і выдачы яму пасведчання;

вядучы рэйтынгавы аналітык – рэйтынгавы аналітык, асноўныя абавязкі якога ўключаюць у сябе ўзаемадзеянне з аб'ектам рейтынгавання (атрымальнікам рэйтынгу), а таксама падрыхтоўку дакументаў і прапаноў для рэйтынгавага камітэта ў дачыненні да канкрэтнага рэйтынгу;

дадатковыя паслугі – паслугі, якія аказваюцца рэйтынгавым агенцтвам на платнай аснове, не звязаныя з рэйтынгавай дзейнасцю, узгодненыя ва ўстаноўленым парадку з Нацыянальным банкам;

заяўнік – асоба, якая прадставіла ў рэйтынгавае агенцтва матываваную апеляцыю;

ідэнтыфікацыйны код – літарна-лічбавае кодавае абазначэнне для рэйтынгавага агенцтва, якое надаецца Нацыянальным банкам пры прыняцці рашэння аб акрэдытацыі рэйтынгавага агенцтва;

замежнае (міжнароднае) рэйтынгавае агенцтва – юрыдычная асоба, якая створана ў адпаведнасці з заканадаўствам замежнай дзяржавы і якая атрымала права на ажыццяўленне рэйтынгавай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам гэтай дзяржавы;

інфармацыя – любыя звесткі (незалежна ад формы прадстаўлення і іх носьбіта), атрыманыя рэйтынгавым агенцтвам або падрыхтаваныя ім самім для ажыццяўлення рэйтынгавай дзейнасці;

каляндар – інфармацыя рэйтынгавага агенцтва, якая ўстанаўлівае даты прысваення (перагляду) і публікацыі суверэнных крэдытных рэйтынгаў і рэйтынгавых прагнозаў, што адносяцца да іх;

кліент – юрыдычная асоба, якая заключыла з рэйтынгавым агенцтвам дагавор на аказанне паслуг;

канфлікт інтарэсаў – сітуацыя, пры якой асабістыя інтарэсы работніка рэйтынгавага агенцтва і (або) імкненне работніка рэйтынгавага агенцтва кіравацца інтарэсамі рэйтынгавага агенцтва, яго ўдзельнікаў (акцыянераў), а таксама асабістыя інтарэсы яго мужа (жонкі), блізкіх сваякоў уплываюць або могуць паўплываць на належнае выкананне работнікам рэйтынгавага агенцтва абавязкаў пры ажыццяўленні дзейнасці па аказанні рэйтынгавых паслуг;

крэдытны рэйтынг – меркаванне аб узроўні крэдытаздольнасці, фінансавай устойлівасці і плацежаздольнасці аб'екта рэйтынгавання (атрымальніка рэйтынгу), а таксама ўзроўні крэдытнай рызыкі і фінансавай устойлівасці фінансавых інструментаў, якія эмітуюцца (выдаюцца) ім;

крэдытная рызыка – рызыка ўзнікнення страт з прычыны невыканання, несвоечасовага або няпоўнага выканання даўжніком фінансавых і іншых маёмасных абавязацельстваў у адпаведнасці з умовамі дагавора і (або) заканадаўствам;

міжнародная рэйтынгавая шкала – рэйтынгавая шкала, якая забяспечвае магчымасць міжнароднага супастаўлення крэдытных рэйтынгаў, прысвоеных замежным (міжнародным) рэйтынгавым агенцтвам або рэйтынгавым агенцтвам;

метадалогія – дакумент рэйтынгавага агенцтва, што вызначае прынцыпы, формы, метады і спосабы аналізу колькасных і якасных фактараў, прымянення мадэлей і ключавых рэйтынгавых меркаванняў, на падставе якіх прымаецца рашэнне аб адпаведным рэйтынгавым дзеянні;

метадалагічны камітэт – група работнікаў рэйтынгавага агенцтва, якая ажыццяўляе зацвярджэнне і перагляд метадалогіі рэйтынгавага агенцтва;

маніторынг аб'екта рэйтынгавання – дзеянні (назіранне, ацэнка і прагноз) у дачыненні да аб'екта рэйтынгавання, якія ажыццяўляюцца рэйтынгавым агенцтвам у рамках умоў, вызначаных дагаворам з кліентам, або ў рамках дзеянняў з незапытаным крэдытным рэйтынгам;

матываваная апеляцыя – гэта патрабаванне заяўніка або члена рэйтынгавага камітэта аб пераглядзе рашэння, прынятага рэйтынгавым камітэтам у дачыненні да аб'екта рэйтынгавання;

нацыянальная рэйтынгавая шкала – рэйтынгавая шкала, якая забяспечвае магчымасць супастаўлення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь крэдытных рэйтынгаў, прысвоеных рэйтынгавым агенцтвам;

незапытаны крэдытны рэйтынг – крэдытны рэйтынг, прысвоены аб'екту рэйтынгавання, па якім ініцыятарам ажыццяўлення рэйтынгавых дзеянняў выступае рэйтынгавае агенцтва без заключэння дагавора з кліентам;

аб'ект рэйтынгавання – атрымальнік крэдытнага рэйтынгу (Рэспубліка Беларусь і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, замежная дзяржава і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, юрыдычная асоба, якой прысвойваецца рэйтынг), а таксама фінансавыя інструменты, якія эмітуюцца (выдаюцца) ім;

адкліканне – рэйтынгавае дзеянне рэйтынгавага агенцтва, факт ажыццяўлення якога афармляецца прэс-рэлізам і вынікам якога з'яўляецца прызнанне рэйтынгу для аб'екта рэйтынгавання несапраўдным (які спыніў сваё дзеянне);

адступленне ад метадалогіі – выключная сітуацыя, пры якой рэйтынгавае агенцтва не можа прымяніць дзеючую метадалогію ў поўнай меры;

перагляд – рэйтынгавае дзеянне рэйтынгавага агенцтва, факт ажыццяўлення якога афармляецца прэс-рэлізам і вынікам якога з'яўляецца пацвярджэнне або змяненне (павышэнне ці паніжэнне) рэйтынгу, раней прысвоенага рэйтынгавым агенцтвам аб'екту рэйтынгавання;

пацвярджэнне – рэйтынгавае дзеянне рэйтынгавага агенцтва, факт ажыццяўлення якога афармляецца прэс-рэлізам і вынікам якога з'яўляецца ўстанаўленне для аб'екта рэйтынгавання рэйтынгу на тым жа ўзроўні, які быў прысвоены рэйтынгавым агенцтвам раней;

карыстальнікі – асобы, якія выкарыстоўваюць інфармацыю аб рэйтынгах і рэйтынгавай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь;

прадпісанне аб устараненні парушэння заканадаўства аб рэйтынгавай дзейнасці – пісьмовае патрабаванне Нацыянальнага банка аб устараненні парушэння заканадаўства аб рэйтынгавай дзейнасці, выяўленага ў рамках ажыццяўлення кантролю за выкананнем рэйтынгавым агенцтвам заканадаўства аб рэйтынгавай дзейнасці;

прэс-рэліз – інфармацыя аб ажыццяўленні рэйтынгавым агенцтвам рэйтынгавага дзеяння ў дачыненні да аб'екта рэйтынгавання, размешчаная на сайце рэйтынгавага агенцтва ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт для забеспячэння яе распаўсюджвання і доступу неабмежаванай колькасці карыстальнікаў;

прысваенне – рэйтынгавае дзеянне рэйтынгавага агенцтва, факт ажыццяўлення якога афармляецца прэс-рэлізам і вынікам якога з'яўляецца ўзровень рэйтынгу, упершыню прысвоены аб'екту рэйтынгавання рэйтынгавым агенцтвам;

прагноз – меркаванне рэйтынгавага агенцтва аб магчымым змяненні рэйтынгу;

работнікі рэйтынгавага агенцтва – рэйтынгавыя аналітыкі, вядучыя рэйтынгавыя аналітыкі, а таксама іншыя работнікі, уцягнутыя ў працэс ажыццяўлення рэйтынгавай дзейнасці;

рэйтынг – меркаванне адносна аб'екта рэйтынгавання па вызначаным (вызначаных) паказчыку (паказчыках) у шэрагу падобных аб'ектаў;

рэйтынгавая дзейнасць – прафесійная дзейнасць, якая ажыццяўляецца рэйтынгавым агенцтвам на аснове аналізу інфармацыі ў адпаведнасці з распрацаванай рэйтынгавым агенцтвам метадалогіяй, якая складаецца з рэйтынгавых дзеянняў, звязаных з крэдытнымі рэйтынгамі, маніторынгу аб'екта рэйтынгавання, а таксама распаўсюджвання інфармацыі аб крэдытных рэйтынгах і прагнозах па іх любым спосабам, што забяспечвае доступ да яе неабмежаванаму колу карыстальнікаў;

рэйтынгавая катэгорыя – элемент рэйтынгавай шкалы, абазначаны ў выглядзе літары (літар), лічбы (лічбаў) або іншага сімвала (сімвалаў);

рэйтынгавая шкала – сістэма рэйтынгавых катэгорый, прымяняльная рэйтынгавым агенцтвам для класіфікацыі ўзроўняў крэдытнага рэйтынгу;

рэйтынгавае агенцтва – юрыдычная асоба, створаная ў арганізацыйна-прававой форме гаспадарчага таварыства, асноўным відам дзейнасці якой з'яўляецца рэйтынгавая дзейнасць;

рэйтынгавыя дзеянні – сукупнасць дзеянняў рэйтынгавага агенцтва (прысваенне, перагляд, пацвярджэнне, адкліканне крэдытных рэйтынгаў і прагнозаў па іх), ініцыятарам якіх выступае рэйтынгавае агенцтва або кліент;

рэйтынгавы аналітык – работнік рэйтынгавага агенцтва, які ажыццяўляе аналітычныя функцыі, неабходныя для выканання адпаведных рэйтынгавых дзеянняў;

рэйтынгавы камітэт – калегіяльны, пастаянна дзеючы орган рэйтынгавага агенцтва ў складзе не менш за пяць членаў, якія з'яўляюцца рэйтынгавымі аналітыкамі (уключаючы старшыню рэйтынгавага камітэта), упаўнаважаны прымаць рашэнні па пытаннях прысваення, перагляду, пацвярджэння і адклікання крэдытных рэйтынгаў і прагнозах па іх;

рэйтынгавы кампраміс – сітуацыя, пры якой рэйтынгавае агенцтва можа заключыць на аснове ўзаемных саступак з аб'ектам рэйтынгавання – атрымальнікам крэдытнага рэйтынгу (кліентам) пагадненне, якое перашкаджае ажыццяўленню рэйтынгавай дзейнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам аб рэйтынгавай дзейнасці;

сістэма кіравання рэйтынгавага агенцтва – сістэма ўзаемадзеяння ўдзельнікаў (акцыянераў) і органаў кіравання, кантрольнага органа, службовых асоб рэйтынгавага агенцтва і іншых зацікаўленых асоб, накіраваная на агульнае эфектыўнае кіраўніцтва дзейнасцю рэйтынгавага агенцтва. Крытэрыямі эфектыўнасці з’яўляюцца паказчыкі, якія распрацоўваюцца рэйтынгавым агенцтвам;

суверэнны крэдытны рэйтынг – рэйтынг, прысвоены Рэспубліцы Беларусь або замежнай дзяржаве, адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы Рэспублікі Беларусь або замежнай дзяржавы, міжнароднай фінансавай арганізацыі і (або) фінансавым інструментам, якія эмітуюцца (выдаюцца) імі.