НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Манетарная палітыка. Агульныя звесткі.

Асноўнай мэтай манетарнай палітыкі ў 2017 г. з'яўляецца зніжэнне інфляцыі да 9 працэнтаў (снежань 2017 г. да снежня 2016 г.). Сярэднетэрміновая мэта – паслядоўнае зніжэнне інфляцыі да 5 працэнтаў у 2020 г.

Інфляцыя ўяўляе сабой агульны рост спажывецкіх цэн за пэўны прамежак часу. Вымяраецца інфляцыя з дапамогай індэкса спажывецкіх цэн (ІСЦ).

Малюнак 1. Прырост спажывецкіх цэн
(месяц да адпаведнага месяца папярэдняга года)

Важным паказчыкам інфляцыі з'яўляецца базавы індэкс спажывецкіх цэн (базавая інфляцыя). Базавая інфляцыя адлюстроўвае дынаміку змянення цэн, не схільных да ўплыву фактараў адміністрацыйнага і сезоннага характару.

Прамежкавым арыенцірам манетарнай палітыкі з'яўляецца прырост сярэднямесячнай шырокай грашовай масы на ўзроўні 14% ±2 п.п. (снежань 2017 г. да снежня 2016 г.)

Малюнак 2. Прырост сярэднямесячнай шырокай грашовай масы
(месяц да адпаведнага месяца папярэдняга года)



  • Што такое макраэканамічная стабільнасць і чаму яна з’яўляецца важнай?

    Макраэканамічная стабільнасць – гэта сітуацыя, пры якой у нацыянальнай эканоміцы назіраюцца ўстойлівыя доўгатэрміновыя тэмпы эканамічнага росту, інфляцыя (рост цэн) знаходзіцца на нізкім узроўні і кантралюецца, а сама эканоміка валодае высокай унутранай устойлівасцю да шокаў (фінансавая стабільнасць).

    Важнасць макраэканамічнай стабільнасці можна растлумачыць на прыкладзе яе адсутнасці, калі цэны не стабільныя або эканоміка спажывае больш, чым можа сабе дазволіць. У такім выпадку прадпрыемствам і людзям цяжка планаваць свае будучыя дзеянні: інвесціраваць або зберагаць, рабіць ці не рабіць пакупкі, браць ці не браць пазыку/крэдыт.

    Адным з найважнейшых складнікаў дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, накіраванай на дасягненне макраэканамічнай стабільнасці, з'яўляецца манетарная палітыка.

  • Што такое манетарная палітыка?

    Манетарная (грашова-крэдытная) палітыка – гэта сукупнасць мерапрыемстваў, якія прадпрымае цэнтральны банк для падтрымання цэнавай стабільнасці ў мэтах садзейнічання ўстойліваму і збалансаванаму развіццю эканомікі.

    Пад цэнавай стабільнасцю (устойлівасцю пакупной здольнасці нацыянальнай валюты) у гэтым выпадку разумеецца ўмераны рост спажывецкіх цэн, а не іх нязменнасць.

  • Чаму патрэбна стабільнасць цэн?

    Інфляцыя памяншае пакупную здольнасць грошай, зніжаючы рэальную каштоўнасць грашовых даходаў і зберажэнняў насельніцтва і арганізацый, паколькі праз некаторы час на адну і тую ж суму грошай можна будзе купіць менш тавараў і паслуг, чым раней.

    Ва ўмовах нестабільнай і высокай інфляцыі хатнія гаспадаркі імкнуцца як мага хутчэй матэрыялізаваць свае грашовыя сродкі, якія абясцэньваюцца, у тавары і паслугі або перавесці ў актывы, якія служаць "сховішчам" ад інфляцыі, перш за ўсё ў замежную валюту. У выніку інфляцыя яшчэ больш узмацняецца, павышаецца ціск на абменны курс.

    Інфляцыя падаўляе стымулы да інвестыцый, зніжае здольнасць эканомікі рэалізаваць свой вытворчы патэнцыял. Высокая інфляцыя перашкаджае рэалізацыі доўгатэрміновых інвестыцыйных праектаў, узмацняючы тым самым зніжэнне дзелавой актыўнасці, скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці і колькасці занятых.

    У выніку высокая і нестабільная інфляцыя негатыўна ўплывае на доўгатэрміновы рост эканомікі і дабрабыт грамадзян.

    Адсутнасць інфляцыі і дэфляцыя (зніжэнне цэн) таксама з'яўляюцца небяспечнымі для эканомікі. Калі цэны на тавары не растуць або зніжаюцца, спажыўцы пачынаюць адкладаць пакупкі, таму што спадзяюцца на далейшае зніжэнне цэн. У выніку вытворцы перастаюць развівацца, наймаць персанал і падтрымліваць ранейшы ўзровень заробкаў. У сілу гэтага спажыўцы трацяць яшчэ менш, чым далей пагаршаюць магчымасці для вытворцаў. Узмацняючы адзін аднаго, дадзеныя эфекты негатыўна адбіваюцца на доўгатэрміновых тэмпах росту эканомікі.

  • Якім чынам цэнтральны банк забяспечвае стабільнасць цэн?

    Гістарычна склалася, што за стабільнасць цэн адказвае цэнтральны банк. Гэта звязана з узнікненнем права цэнтральных банкаў на эмісію грошай у выглядзе папяровых асігнацый. З'яўляючыся эмітэнтам грошай, цэнтральны банк абавязаны забяспечыць устойлівасць іх пакупной здольнасці або, іншымі словамі, нізкую інфляцыю.

    Такім чынам, за інфляцыяй як з'явай заўсёды стаіць рост прапановы нацыянальнай валюты, якая эмітуецца цэнтральным банкам.

    Каб дасягнуць мэт па інфляцыі, цэнтральны банк выкарыстоўвае адну з магчымых стратэгій (рэжымаў) манетарнай палітыкі – сукупнасць правілаў і працэдур правядзення цэнтральным банкам манетарнай палітыкі. Ключавой характарыстыкай рэжыму манетарнай палітыкі, улічваючы немагчымасць непасрэднага ўплыву цэнтральнага банка на змяненне цэн, з'яўляецца выбар прамежкавага мэтавага арыенціра. Агульнай якасцю прамежкавага арыенціра ў любым абраным цэнтральным банкам рэжыме манетарнай палітыкі з'яўляецца магчымасць цэнтральнага банка ўплываць на яго сваімі інструментамі, яго празрыстасць і зразумеласць.

    Гэта неабходна таму, што ўзаемасувязь паміж інструментамі грашова-крэдытнага рэгулявання і канчатковай мэтай манетарнай палітыкі складаная. Сігналы, якія пасылаюцца эканоміцы праз аперацыі і інструменты цэнтральнага банка, праяўляюцца на дынаміцы агульнага ўзроўню цэн з лагам (спазненнем).

    Найбольш папулярнымі ў сусветнай практыцы з'яўляюцца наступныя рэжымы манетарнай палітыкі:

    • рэжым таргеціравання абменнага курса;
    • рэжым манетарнага таргеціравання;
    • рэжым інфляцыйнага таргеціравання.
  • Стратэгіі (рэжымы) манетарнай палітыкі

    Рэжым таргеціравання абменнага курса азначае, што цэнтральны банк прывязвае кошт нацыянальнай валюты да курса валюты (кошыка валют) краіны (краін) з нізкім узроўнем інфляцыі, гэта значыць, прамежкавым арыенцірам манетарнай палітыкі з'яўляецца пэўны ўзровень або змяненне абменнага курса. Абапіраючыся на тэорыю адноснага парытэту пакупной здольнасці, гэты рэжым прадугледжвае, што пры фіксацыі абменнага курса інфляцыя ўнутры краіны павінна набліжацца да інфляцыі ў краіне валюты прывязкі.

    Ажыццяўленне эмісіі (вывядзенне) нацыянальнай валюты ажыццяўляецца ў абмен на замежную валюту.

    Для таго каб эфектыўна выкарыстоўваць гэты рэжым, краіна павінна валодаць істотнымі золатавалютнымі рэзервамі для процідзеяння шокам на валютным рынку.

    Рэжым манетарнага таргеціравання ў якасці прамежкавага арыенціра выкарыстоўвае адзін з паказчыкаў грашовай масы. Тэарэтычна абапіраючыся на ўраўненне абмену І.Фішара, гэты рэжым прадугледжвае наяўнасць у краіне цеснай прамой узаемасувязі абранага прамежкавага арыенціра і індэкса спажывецкіх цэн.

    Ураўненне Фішара (ураўненне абмену) — ураўненне, якое апісвае суадносіны грашовай масы, хуткасці абарачэння грошай, ўзроўню цэн і аб'ёму вытворчасці прадукцыі.

    M*V=P*Q,

    дзе:
        M — грашовая маса;
        V — хуткасць абарачэння грошай;
        P — узровень цэн;
        Q — аб'ём вытворчасці.

    Абгрунтаванне формулы даў амерыканскі эканаміст Ірвінг Фішар у сваёй рабоце "Пакупная сіла грошай" у 1911 годзе. З ураўнення абмену відаць, што здабытак колькасці грошай на хуткасць іх абарачэння ў год павінен быць роўным намінальнаму даходу (гэта значыць намінальнаму кошту набытых тавараў і паслуг).

    Эмісія (вывядзенне) нацыянальнай валюты, як правіла, ажыццяўляецца праз інструменты рэфінансавання (вывядзенне ліквіднасці) банкаў. Аб'ёмы эмісіі (вывядзенне) вызначаюцца зыходзячы з неабходнасці дасягнення прамежкавага арыенціра.

    Важнай умовай эфектыўнага ажыццяўлення рэжыму манетарнага таргеціравання з'яўляецца наяўнасць гібкага курса нацыянальнай валюты да замежных валют. Гэта дазваляе цэнтральнаму банку засяродзіцца на вырашэнні задачы па кіраванні грашовай прапановай праз інструменты рэфінансавання (вывядзенне) і мінімізаваць уплыў валютнага канала на прамежкавы арыенцір.

    Рэжым таргеціравання інфляцыі прадугледжвае, што цэнтральны банк дасягае сваёй канчатковай мэты праз кіраванне інфляцыйнымі чаканнямі. У якасці прамежкавага арыенціра выступае прагноз інфляцыі. Пры ўзнікненні рызыкі адхілення інфляцыі ад аб’яўленага мэтавага арыенціра цэнтральны банк прымяняе інструменты манетарнай палітыкі, каб прывесці яе ў адпаведнасць з мэтавым значэннем.

    Асноўнае ўздзеянне манетарнай палітыкі ажыццяўляецца, як правіла, праз канал працэнтнай стаўкі. Адпаведна аб'ёмы эмісіі (вывядзення) вызначаюцца рынкам зыходзячы з заданай цэнтральным банкам цаны грошай.

    Прымяненне гэтага рэжыму патрабуе наяўнасці ў краіне комплексу базавых арганізацыйна-прававых і макраэканамічных умоў:

    • наяўнасць у грамадстве кансэнсусу па тым, што падтрыманне цэнавай стабільнасці павінна з'яўляцца галоўнай мэтай грашова-крэдытнай палітыкі цэнтральнага банка;
    • наяўнасць фінансавых інстытутаў і рынкаў, якія дастаткова добра функцыянуюць;
    • дасягненне пагаднення з урадам аб колькасным параметры мэты па інфляцыі або незалежнае вызначэнне гэтай мэты цэнтральным банкам;
    • адсутнасць фіскальнага дамінавання над манетарнай палітыкай;
    • незалежнасць цэнтральнага банка ў выбары інструментаў манетарнай палітыкі;
    • празрыстая сістэма цэнаўтварэння;
    • наяўнасць цеснай узаемасувязі паміж узроўнем кароткатэрміновай працэнтнай стаўкі на грашовым рынку і інфляцыяй.