Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гг. Фінансавая і цэнавая стабільнасць.

Асноўныя задачы грашова-крэдытнай палітыкі ў наступным пяцігоддзі – фарміраванне ўмоў для ўстойлівага эканамічнага развіцця, забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці, умацаванне даверу да нацыянальнай валюты.

Прыярытэт аддадзены падтрыманню нізкага ўзроўню інфляцыі. Гэта дазволіць абараніць ад абясцэнення заработныя платы, пенсіі і іншыя даходы, а таксама зберажэнні насельніцтва ў нацыянальнай валюце.

У якасці арыенціра нізкай інфляцыі выступае падтрыманне прыросту спажывецкіх цэн паблізу 5 працэнтаў. Рост рэгуляваных цэн будзе абмяжоўвацца ўзроўнем базавай інфляцыі, за выключэннем дынамікі рэгуляваных цэн у сферах, у якіх ёсць неабходнасць ліквідаваць сфарміраваныя дыспрапорцыі (жыллёва-камунальная гаспадарка і іншыя).

Захаванне фінансавай стабільнасці мяркуецца за кошт надзейнага і бяспечнага функцыянавання ўдзельнікаў фінансавага рынку, павышэння ўстойлівасці фінансавых інстытутаў і зніжэння сістэмных рызык.

З мэтай павышэння прывабнасці зберажэнняў у нацыянальнай валюце і фарміравання крыніц для крэдытавання эканомікі будзе праводзіцца палітыка, якая забяспечвае падтрыманне працэнтных ставак крэдытна-дэпазітнага рынку на станоўчым узроўні ў рэальным выражэнні.

Будзе забяспечаны кантроль над ростам грашовай прапановы, які спрыяе захаванню цэнавай стабільнасці, не прыводзіць да назапашвання макраэканамічных дысбалансаў і дастатковы для задавальнення плацежаздольнага попыту эканомікі на грошы.

Працягнецца работа па ўдасканаленні нормаў заканадаўства з мэтай стымулявання і пашырэння сферы выкарыстання безнаяўных разлікаў.

У вобласці курсавой палітыкі працягнецца выкарыстанне механізма гібкага курсаўтварэння, што дазволіць эканоміцы падладжвацца пад змяненні знешніх умоў і згладжваць іх ўплыў.

Міжнародныя рэзервовыя актывы да канца 2025 года складуць не менш за 2 месяцы імпарту з паэтапным паляпшэннем іх структуры ў частцы памяншэння даўгавога складніка.

Уся праграма
АНГКП