15.12.2020  
Інфармацыйнае паведамленне

Нацыянальны банк выпускае ў абарачэнне памятныя манеты "Выяўленчае мастацтва. Авангард. УНОВИС"


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь з 15 снежня 2020 г. выпускае ў абарачэнне памятныя манеты "Выяўленчае мастацтва. Авангард. УНОВИС":

  • срэбную – наміналам 20 рублёў, вагой 33,63 г, пробай сплаву 925, дыяметрам 38,61 мм, тыражом 999 штук;
  • медна-нікелевую – наміналам 1 рубель, вагой 20,00 г, дыяметрам 37,00 мм, тыражом 1 699 штук.

Манеты маюць увагнута-выпуклую форму, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.

Аверс: уверсе – відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у цэнтры – стылізаваная кампазіцыя, якая ўключае QR-код, прозвішчы членаў авангарднага мастацкага аб'яднання УНОВИС, год і месца яго заснавання; па крузе надпісы: уверсе – РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, унізе: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), год чаканкі, проба сплаву (на срэбнай).

Рэверс: у цэнтры – знак УНОВИС – чырвоны квадрат у абрамленні стылізаванай кампазіцыі, якая складаецца з канцэнтрычных акружнасцей і дуг.

Манеты адчаканены на РДП "Казахстанскі манетны двор Нацыянальнага Банка Рэспублікі Казахстан" якасцю: срэбныя – "пруф з лічбавым друкам", медна-нікелевыя – "пруф-лайк з лічбавым друкам".

Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з'яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.

Інфармацыя аб чакаемых паступленнях, адпускных цэнах і наяўнасці памятных манет у касе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, а таксама плануемых датах продажаў памятных манет размешчана на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў раздзеле "Банкноты і манеты".