15.06.2021  
Інфармацыйнае паведамленне

Нацыянальны банк уводзіць у эксплуатацыю вэб-партал "Рэгістрацыя валютных дагавораў"


З мэтай рэалізацыі палажэнняў новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 лiпеня 2003 г. № 226-З "Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі", накіраванай на лібералізацыю валютных адносін і спрашчэнне парадку правядзення валютных аперацый, Нацыянальны банк уводзіць у эксплуатацыю вэб-партал "Рэгістрацыя валютных дагавораў" (далей – вэб-партал).

Нагадаем, што з 9 ліпеня 2021 г. у ліку іншага для фізічных асоб адмяняецца дазвольны парадак правядзення валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу (купля нерухомасці за мяжой, узнос у статутны фонд нерэзідэнта, набыццё каштоўных папер, выпушчаных нерэзідэнтам, і г. д.). Для юрыдычных асоб адмяняецца дазвольны парадак адкрыцця рахункаў за межамі нашай краіны, а таксама неабходнасць рэгістрацыі валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу, у банку.

У сваю чаргу, з 9 ліпеня 2021 г. уводзіцца ў дзеянне сістэма валютнага маніторынгу Нацыянальнага банка, адным з асноўных складнікаў функцыянавання якой з'яўляецца рэгістрацыя валютных дагавораў на вэб-партале.

Так, з названай даты рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь неабходна будзе рэгістраваць на вэб-партале, размешчаным на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка, валютныя дагаворы, заключаныя c нерэзідэнтамі. Рэгістрацыі падлягаюць валютныя дагаворы, сума грашовых абавязацельстваў на дату заключэння якіх не вызначана або роўная цi перавышае ў эквіваленце 2000 базавых велічынь для фізічных асоб і 4000 базавых велічынь для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пералік валютных аперацый, пры правядзенні якіх валютны дагавор падлягае рэгістрацыі, вызначаны пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 12 лютага 2021 г. № 37.

Цяпер карыстальнікі вэб-партала могуць стварыць асабісты кабінет, а таксама ў тэставым рэжыме ажыццявіць рэгістрацыю валютных дагавораў. Звяртаем увагу, што напярэдадні 9 ліпеня 2021 г. уведзеныя даныя па дагаворах будуць выдалены, але пры гэтым захаваюцца створаныя на вэб-партале асабістыя кабінеты карыстальнікаў з адпаведнымі наладамі.

На вэб-партале змяшчаецца падрабязная інфармацыя аб рэгістрацыі валютных дагавораў і рабоце вэб-партала. Тут можна азнаёміцца з нарматыўнымі дакументамі, якія рэгламентуюць названыя пытанні, інструкцыяй па наладзе працоўнага месца, з якога будзе ажыццяўляцца ўвод інфармацыі, парадкам функцыянавання вэб-партала. Таксама размешчаны адказы на найбольш папулярныя пытанні па рэгістрацыі валютных дагавораў, якія будуць дапаўняцца па меры неабходнасці.

У выпадку ўзнікнення пытанняў тэхнічнага характару, звязаных з уваходам на вэб-партал або работай з ім, кансультацыю можна атрымаць у службе тэхнічнай падтрымкі вэб-партала па тэлефоне 8 (017) 311 10 11.