05.08.2021  
Інфармацыйнае паведамленне

Нацыянальны банк выпускае ў абарачэнне памятныя манеты "Разьба па дрэве" серыі "Народныя промыслы і рамёствы беларусаў"


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь з 5 жніўня 2021 г. выпускае ў абарачэнне памятныя манеты "Разьба па дрэве" серыі "Народныя промыслы і рамёствы беларусаў":

  • срэбную – наміналам 20 рублёў, масай 33,63 г, пробай сплаву 925, дыяметрам 38,61 мм, тыражом 799 штук;
  • медна-нікелевую – наміналам 1 рубель, масай 13,16 г, дыяметрам 33,00 мм, тыражом 1 699 штук.

Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў – кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.

Аверс: у цэнтры – рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і надпісы: уверсе – РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; унізе – 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай); па крузе манеты – стылізаваны вянок з лісця і кветак валошкі і канюшыны, які ўяўляе сабой суквецце рамёстваў, цесна сплеценых паміж сабой у бясконцасць круга (сімвал даўгавечнасці, сімвал шчасця); злева – год чаканкі; справа на срэбнай манеце – проба сплаву.

Рэверс: у цэнтры – драўляная качка-сальніца, вакол – разная дэкаратыўная кампазіцыя, зверху надпіс – РАЗЬБА ПА ДРЭВЕ.

Манеты адчаканены на РДП "Казахстанскі манетны двор Нацыянальнага Банка Рэспублікі Казахстан" якасцю: срэбныя – "пруф", медна-нікелевыя – "пруф-лайк".

Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з'яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў.