НАЦЫЯНАЛЬНЫ БАНК РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
Кантакт-цэнтр

+375 17 306-00-02

Пра абслугоўванне трымальнікаў банкаўскіх плацежных картак

Парадак здзяйснення аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак (далей – карткі) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца Інструкцыяй аб парадку здзяйснення аперацый з банкаўскімі плацежнымі карткамі, зацверджанай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 18.01.2013 № 34 (далей – Інструкцыя). Так, эмісія картак, эквайрынг, працэсінг ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным банкамі і (або) іншымі юрыдычнымі асобамі ў адпаведнасці з правіламі плацежнай сістэмы, з улікам патрабаванняў заканадаўства. Эмісія картак у тым ліку ўключае персаналізацыю карткі. Пры персаналізацыі карткі інфармацыя аб трымальніку карткі можа не наносіцца на загатоўку карткі, калі такая ўмова прадугледжана правіламі плацежнай сістэмы.

З мэтай выканання Інструкцыі, з улікам правілаў плацежных сістэм банкі вызначаюць парадак выкарыстання картак. Акрамя таго, парадак выкарыстання карткі з’яўляеццва адным з істотных умоў дагавора аб выкарыстанні карткі паміж банкам-эмітэнтам і кліентам. Так, выкарыстоўваць картку мае права толькі тая асоба, чые імя, прозвішча і (або) подпіс прастаўлены на картцы. Трымальнік карткі павінен паставіць асабісты подпіс на адваротным баку карткі і захоўваць свой ПІН-код (персанальны ідэнтыфікацыйны номер) у тайне. Перадача карткі і ПІН-кода да яе трэцяй асобе, якая не з’яўляецца трымальнікам карткі, забаронена. У выпадках, калі ў кліента ўзнікае неабходнасць даць права карыстацца грашовымі сродкамі на сваім банкаўскім рахунку іншай асобе (напрыклад, жонцы, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, ці сваяку, які пражывае ў іншым горадзе), уладальнік рахунка можа аформіць у банку-эмітэнце дадатковую картку на імя гэтай асобы. Пры гэтым парадак выкарыстання картак з’яўляецца стандартным для ўсіх банкаў-эмітэнтаў.

У адпаведнасці з Інструкцыяй пацверджаннем здзяйснення аперацыі пры выкарыстанні карткі з’яўляецца карт-чэк. Трымальнік карткі, уводзячы ПІН-код або падпісваючы карт-чэк, прызнае правільнасць указанай у карт-чэку сумы і тым самым дае ўказанне банку на спісанне гэтай сумы са свайго банкаўскага рахунка.

Банкі-экваеры, заключаючы дагаворы з арганізацыямі гандлю (сэрвісу) на абслугоўванне трымальнікаў картак, прадастаўляюць работнікам гэтых арганізацый інструкцыі па абслугоўванні трымальнікаў картак. Гэтых інструкцый павінны прытрымлівацца работнікі арганізацый гандлю (сэрвісу) пры абслугоўванні кліентаў, якія разлічваюцца за тавары (паслугі) з выкарыстаннем картак.

Работнік арганізацыі гандлю (сэрвісу) у асобных выпадках (напрыклад, не супаў подпіс пакупніка на карт-чэку з подпісам на адваротным баку карткі, пакупнік прыйшоў з чужой карткай і інш.) можа прапанаваць трымальніку карткі паказаць дакумент, які сведчыць асобу, або, у выпадку наяўнасці тэхнічнай магчымасці, увесці ПІН-код або разлічыцца наяўнымі грашовымі сродкамі.

Калі кліент разлічваецца карткай, на пярэднім баку якой не прастаўлены імя і прозвішча трымальніка карткі, работнік арганізацыі гандлю (сэрвісу) пры наяўнасці абгрунтаваных падазрэнняў (напрыклад, не супаў подпіс пакупніка на карт-чэку з подпісам на адваротным баку карткі) можа прапанаваць кліенту, пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці, увесці ПІН-код або разлічыцца наяўнымі грашовымі сродкамі.

Абавязковае патрабаванне да трымальніка карткі паказаць дакумент, які сведчыць асобу, пры аплаце тавараў (паслуг) у арганізацыі гандлю (сэрвісу), нарматыўнымі прававымі актамі Нацыянальнага банка і правіламі плацежных сістэм не вызначана.

У выпадку планавых перапынкаў або збояў, якія прывялі да непрацаздольнасці праграмна-тэхнічных сродкаў, што забяспечваюць абслугоўванне трымальнікаў картак, банк абавязаны праінфармаваць трымальнікаў картак аб немагчымасці ажыццяўлення аперацый пры выкарыстанні картак і запланаваных тэрмінах аднаўлення працаздольнасці праграмна-тэхнічных сродкаў. Канкрэтны спосаб інфармавання трымальнікаў картак, а таксама працягласць збою, якая служыць падставай для паведамлення кліента аб немагчымасці ажыццяўлення аперацый пры выкарыстанні картак, вызначаюцца ў дагаворы аб выкарыстанні карткі, што заключаецца паміж банкам-эмітэнтам і кліентам.

Інфармуем аб тым, што звесткі пра факты невыканання патрабаванняў заканадаўства ў частцы аснашчэння плацежнымі тэрміналамі і забеспячэння іх бесперапыннай работы ў арганізацыях гандлю (сэрвісу) могуць паведаміць трымальнікі банкаўскіх плацежных картак Міністэрству па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па тэлефоне (017) 229 79 79 у будныя дні з 9.00 да 18.00.