04.11.2020  
Прэс-рэліз

У Рэспубліцы Беларусь пашыраюцца магчымасці выкарыстання электронных грошай


У Рэспубліцы Беларусь уносяцца змяненні ў Правілы ажыццяўлення аперацый з электроннымі грашыма, якія пашыраюць магчымасці іх выкарыстання. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 21 кастрычніка 2020 г. № 328 "Аб змяненні пастановы Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 26 лістапада 2003 г. № 201" (далей – пастанова № 328). Дакумент уваходзіць у сілу ў два этапы.

З 1 студзеня 2021 г. для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў здымаюцца абмежаванні па мэтах расходавання электронных грошай, якія эмітуюцца беларускімі банкамі. Суб'екты гаспадарання змогуць іх выкарыстоўваць у рамках сваёй гаспадарчай дзейнасці на мэты, якія не забаронены заканадаўствам.

Акрамя таго, з 1 студзеня 2021 г. банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі Рэспублікі Беларусь (далей – банкі) змогуць аказваць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам паслугі абмену электронных грошай адной сістэмы разлікаў з выкарыстаннем электронных грошай на электронныя грошы іншай сістэмы разлікаў з выкарыстаннем электронных грошай, а таксама абмену электронных грошай, намініраваных у розных валютах і эмітаваных у рамках адной сістэмы разлікаў з выкарыстаннем электронных грошай. Аказанне такіх паслуг будзе магчыма толькі банкамі пры ўмове заключэння адпаведных дагавораў паміж імі і эмітэнтамі электронных грошай.

Пасля афіцыйнага апублікавання пастановы № 328 з Правілаў ажыццяўлення аперацый з электроннымі грашыма выключаецца норма, якая ўстанаўлівае для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў канкрэтны тэрмін пагашэння электронных грошай, якія паступілі ў іх электронныя кашалькі. Тэрмін напраўлення электронных грошай на пагашэнне будзе рэгулявацца ў рамках дагаворных адносін паміж беларускім банкам-эмітэнтам і юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам.

Адначасова захоўваецца норма, якая ўстанаўлівае канкрэтны тэрмін напраўлення на пагашэнне электронных грошай, што былі эмітаваны нерэзідэнтам і паступілі ў электронны кашалёк юрыдычнай асобы (індывідуальнага прадпрымальніка).

У рамках праводзімай работы па дэвалютызацыі эканомікі ў Правілы ажыццяўлення аперацый з электроннымі грашыма ўнесена патрабаванне аб правядзенні разлікаў паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь толькі ў беларускіх рублях пры эмісіі, распаўсюджванні і пагашэнні электронных грошай.

Акрамя таго, прадугледжана, што пры ажыццяўленні аперацый з электроннымі грашыма паміж рэзідэнтамі выкарыстоўваюцца электронныя грошы, эмітаваныя банкамі, калi iншае не вызначана Правіламі ажыццяўлення аперацый з электроннымі грашыма або заканадаўчымі актамі.

Канкрэтызаваны парадак і ўмовы ўзаемадзеяння банка – эмітэнта электронных грошай і яго агентаў пры распаўсюджванні электронных грошай, выпушчаных у абарачэнне гэтым банкам. Удакладнены спектр аперацый, якія могуць ажыццяўляць з электроннымі грашыма фізічныя асобы.

З мэтай абароны правоў спажыўцоў пры правядзенні аперацый з электроннымі грашыма пастановай № 328 прадугледжаны шэраг дапаўненняў, накіраваных на своечасовае і якаснае інфармаванне трымальнікаў (уладальнікаў электронных кашалькоў), у тым ліку пры планавых перапынках або ўзнікненні збояў, якія прывялі да непрацаздольнасці аб'ектаў інфраструктуры.

Пастанова № 328 таксама змяшчае норму аб недапушчальнасці ўскладання на трымальнікаў (уладальнікаў электронных кашалькоў) безумоўнай адказнасці за дзеянні трэціх асоб, вынікам якіх з'явіліся несанкцыянаваныя аперацыі з электроннымі грашыма.

Прынятыя змяненні будуць спрыяць развіццю рынку электронных грошай у Рэспубліцы Беларусь, больш шырокаму выкарыстанню электронных грошай эмітэнтаў-рэзідэнтаў, дэвалютызацыі эканомікі краіны, а таксама ўзмацненню абароны правоў і інтарэсаў уладальнікаў электронных кашалькоў.