06.01.2021  
Прэс-рэліз

Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 студзеня склалі 7,5 млрд. долараў ЗША


Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 2021 года, паводле папярэдніх звестак, склалі 7 468,5 млн. долараў ЗША (у эквіваленце). Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен быў скласці не менш за 7,3 млрд. долараў ЗША.

За снежань золатавалютныя рэзервы выраслі на 92,1 млн. долараў ЗША (на 1,2 працэнта) пасля зніжэння ў лістападзе на 109,2 млн. долараў ЗША (на 1,5 працэнта).

У цэлым па выніках 2020 года міжнародныя рэзервовыя актывы скараціліся на 1,9 млрд. долараў ЗША (на 20,5 працэнта).

Зніжэнне ўзроўню золатавалютных рэзерваў па выніках 2020 года ў асноўным абумоўлена планавым пагашэннем Урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 3,9 млрд. долараў ЗША, у тым ліку ў снежні – 227 млн. долараў ЗША, а таксама продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа".

Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у 2020 годзе спрыялі паступленне сродкаў ад размяшчэння Міністэрствам фінансаў на знешнім і ўнутраным рынках аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, прыцягненне знешніх дзяржаўных пазык, іншыя паступленні замежнай валюты ў бюджэт, а таксама рост кошту манетарнага золата.

У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года з улікам пагашэння Урадам i Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш за 6,0 млрд. долараў ЗША.