14.04.2021  
Прэс-рэліз

Стаўка рэфінансавання з 21 красавіка павышаецца да 8,5 працэнта гадавых


З 21 красавіка 2021 года стаўка рэфінансавання складзе 8,5 працэнта гадавых, стаўка па крэдыце авернайт – 9,5 працэнта гадавых, стаўка па дэпазіце авернайт – 7,5 працэнта гадавых.

Адпаведныя рашэнні прыняты Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы 14 красавіка 2021 года з улікам комплексу знешніх і ўнутраных фактараў, якія ўплываюць на бягучую і будучую дынаміку спажывецкіх цэн.

У канцы 2020 года інфляцыйныя працэсы паскорыліся, што было абумоўлена пераносам у цэны паслаблення беларускага рубля, якое адбылося, а таксама шокамі прапановы на рынках асобных харчовых тавараў.

У пачатку 2021 года інфляцыя працягнула паскарацца пад уплывам далейшага павышэння сусветных цэн на харчовыя тавары, а таксама на імпартаваныя нехарчовыя тавары, кошт якіх для спажыўца павялічыўся з-за ўзрослых лагістычных выдаткаў і перабояў з пастаўкамі з прычыны пандэміі.

Дадатковы праінфляцыйны ўплыў на ўнутраным рынку Беларусі сфарміраваўся ў сувязі з адменай ільгот па падатку на дабаўленую вартасць.

Названыя фактары на фоне паскоранай інфляцыі і яе працяглага адхілення ад 5-працэнтнага ўзроўню прывялі да павышэння інфляцыйных чаканняў, што пацвярджаецца вынікамі апытання насельніцтва і маніторынгу прадпрыемстваў. Як следства, пашырыўся пералік тавараў і паслуг спажывецкага кошыка, цэны на якія сталі расці больш высокімі тэмпамі. Па выніках сакавіка 2021 года прырост спажывецкіх цэн склаў 8,5 працэнта ў гадавым выражэнні.

З мэтай абмежавання інфляцыі Нацыянальным банкам у рамках рэжыму манетарнага таргетавання прыняты комплекс мер, накіраваных на ўзмацненне кантролю за грашовай прапановай.

У сусветнай эканоміцы ў бліжэйшай перспектыве чакаецца павышаны інфляцыйны фон, што абумоўлена правядзеннем шэрагам развітых краін стымулюючай грашова-крэдытнай палітыкі. Высокай таксама чакаецца інфляцыя ў краінах – асноўных гандлёвых партнёрах Беларусі. Так, паводле прагнозаў Банка Расіі, рост спажывецкіх цэн у Расійскай Федэрацыі запаволіцца да мэтавых арыенціраў не раней за першую палову 2022 года.

Адначасова больш значным можа быць уплыў на інфляцыю ў Беларусі шокаў харчовых цэн, а таксама наступстваў пандэміі ў частцы павышэння кошту імпартаваных нехарчовых тавараў.

У сукупнасці названыя фактары фарміруюць перадумовы для захавання павышаных інфляцыйных чаканняў эканамічных агентаў працяглы час, што ўзмацняе рызыкі захавання павышанай інфляцыі ў будучыні.

У той жа час слабы спажывецкі і інвестыцыйны попыт унутры краіны будзе некалькі абмяжоўваць інфляцыю.

У гэтых умовах з мэтай абмежавання праінфляцыйных рызык і ўзмацнення мер у галіне кантролю над грашовай прапановай Праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб павышэнні стаўкі рэфінансавання на 75 базісных пунктаў.

З улікам уплыву ўсіх фактараў ужо пачынаючы з II квартала 2021 года прагназуецца зніжэнне квартальных тэмпаў росту спажывецкіх цэн. Разам з тым паскарэнне, якое адбылося раней, будзе адлюстроўвацца ў гадавой інфляцыі да канца гэтага года. Чакаецца, што гадавы тэмп росту цэн павялічыцца ў II квартале ў параўнанні з бягучым значэннем і затым знізіцца да канца гэтага года. У снежні 2021 года прырост спажывецкіх цэн ацэньваецца паблізу 7 працэнтаў.

У далейшым гадавая інфляцыя працягне запавольвацца і з II квартала 2022 года ацэньваецца на ўзроўні сярэднетэрміновага мэтавага арыенціру – паблізу 5 працэнтаў.

Пры разглядзе пытанняў па грашова-крэдытнай палітыцы Праўленне Нацыянальнага банка па-ранейшаму будзе зыходзіць з неабходнасці падтрымання цэнавай стабільнасці. Рашэнні, якія прымаюцца, будуць грунтавацца на ўсебаковым аналізе знешніх і ўнутраных фактараў з улікам працягласці іх уплыву і магчымых другасных эфектаў, а таксама на ацэнцы інфляцыйных рызык.