15.04.2021  
Прэс-рэліз

Дваццаць першае пасяджэнне Кансультацыйнага савета па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў – членаў ЕАЭС адбылося ў фармаце відэаканферэнцыі


Дваццаць першае пасяджэнне Кансультацыйнага савета па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў – членаў Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) адбылося 15 красавіка 2021 года ў фармаце відэаканферэнцыі.

У рабоце Кансультацыйнага савета ўзялі ўдзел Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Павел Калаур, Старшыня Цэнтральнага банка Рэспублікі Арменія Мартын Галсцян, Старшыня Нацыянальнага Банка Рэспублікі Казахстан Ербалат Дасаеў, Старшыня Нацыянальнага банка Кыргызскай Рэспублікі Талкунбек Абдыгулаў, Старшыня Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі Эльвіра Набіуліна, прадстаўнікі Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь і рэгулятараў фінансавых рынкаў краін ЕАЭС.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі бягучую эканамічную сітуацыю і ход рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў дзяржавах – членах ЕАЭС, у тым ліку эфектыўнасць прынятых мер, накіраваных на зніжэнне негатыўных наступстваў пандэміі каранавіруса. На пасяджэнні бакі абмяняліся меркаваннямі адносна падрыхтоўкі міжнароднага дагавора аб наднацыянальным органе па рэгуляванні фінансавага рынку, абмеркавалі пытанні, звязаныя з распрацоўкай рэгулятарамі фінансавых рынкаў дзяржаў – членаў ЕАЭС праекта міжнароднага дагавора аб стандартызаванай ліцэнзіі.

Разгледжаны шэраг іншых актуальных тэм інтэграцыйнага ўзаемадзеяння.

Даведачна. Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе прадугледжана, што дзяржавы – члены ЕАЭС пасля завяршэння гарманізацыі заканадаўства ў сферы фінансавых рынкаў прымуць рашэнне аб паўнамоцтвах і функцыях наднацыянальнага органа па рэгуляванні фінансавага рынку і створаць яго з месцазнаходжаннем у горадзе Алматы ў 2025 годзе. Згодна з Канцэпцыяй фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС Наднацыянальны орган з'яўляецца органам, непасрэдна падсправаздачным Вышэйшаму Еўразійскаму эканамічнаму савету. Асноўнымі задачамі яго павінны стаць паглыбленне эканамічнай інтэграцыі дзяржаў – членаў ЕАЭС з мэтай развіцця агульнага фінансавага рынку і забеспячэння недыскрымінацыйнага доступу на фінансавыя рынкі дзяржаў-членаў.

Кансультацыйны савет па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў – членаў Дагавора аб ЕАЭС з'яўляецца кансультатыўна-дарадчым органам. Яго асноўная мэта – каардынацыя валютнай палітыкі, у тым ліку выпрацоўка адзіных падыходаў і напрамкаў курсавой палітыкі. Першае пасяджэнне Савета адбылося ў красавіку 2012 года (на той момант – Кансультацыйны савет па валютнай палітыцы цэнтральных (нацыянальных) банкаў дзяржаў – удзельніц Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы).