02.09.2021  
Прэс-рэліз

У рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай граматнасці змогуць узяць удзел усе навучэнцы


У рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай граматнасці пачынаючы з 2021 года змогуць браць удзел усе навучэнцы, якія жадаюць, незалежна ад класа навучання.

У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці, зацверджанай сумеснай пастановай Праўлення Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 2021 г. № 216/158, удзел у алімпіядзе могуць браць навучэнцы, якія асвойваюць змест адукацыйных праграм базавай, сярэдняй адукацыі, а таксама спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. У папярэднія гады алімпіяда праводзілася толькі сярод навучэнцаў X–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У 2021 годзе алімпіяда пройдзе ў чатыры этапы:

  • ва ўстановах адукацыі – у верасні;
  • раённы этап – 15 кастрычніка;
  • абласны (Мінскі гарадскі) этап – 19 лістапада;
  • заключны этап алімпіяды – 10 снежня.

Алімпіядныя заданні ўключаюць пытанні ў выглядзе тэстаў з варыянтамі адказаў па наступных тэмах: асабістыя фінансы, наяўныя грошы, зберажэнні, запазычанні, лічбавы банкінг, дзейнасць цэнтральнага банка, страхаванне, падаткі, інвестыцыі.

Для падрыхтоўкі да алімпіяды Нацыянальным банкам распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, якія ўключаюць апісанне тэм заданняў, крыніцы інфармацыі, што рэкамендуюцца, прыклады пытанняў з адказамі і тлумачэннямі. З метадычнымі рэкамендацыямі можна азнаёміцца на Адзіным партале фінансавай граматнасці http://www.fingramota.by/.

Арганізатарамі алімпіяды традыцыйна выступаюць Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі.

Алімпіяда праходзіць у нашай краіне штогод пачынаючы з 2014 года і з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці. За гэтыя гады свае фінансавыя веды ў алімпіядзе змаглі праверыць каля 114 000 навучэнцаў, у тым ліку ў мінулым годзе – больш за 20 000 старшакласнікаў з 2 047 устаноў адукацыі.