24.09.2021  
Прэс-рэліз

Каментарый "Аб Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання"


З мэтай павышэння якасці і даступнасці банкаўскіх паслуг, узмацнення сацыяльнай абароненасці грамадзян Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Указ ад 23 верасня 2021 г. № 363 "Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання" (далей – Указ), асноўныя палажэнні якога ўваходзяць у сілу з 1 сакавіка 2022 года.

Асноўнай адметнай асаблівасцю базавага рахунку ад звычайнага бягучага (разліковага) банкаўскага рахунку з'яўляецца магчымасць бясплатна здзяйсняць наступныя аперацыі:

  • адкрыццё і закрыццё базавага рахунку;
  • залічэнне на яго выплат сацыяльнага характару, заработнай платы i прыраўнаваных да яе выплат, стыпендый;
  • пераводы грашовых сродкаў паміж базавым рахункам і іншымі рахункамі яго ўладальніка, адкрытымі ў гэтым жа банку;
  • пералічэнне з базавага рахунку грашовых сродкаў на iншы рахунак па прычыне яго закрыцця, пры пераносе ў іншы банк або пераафармленні ў бягучы рахунак унутры аднаго банка;
  • разлікі за тавары (работы, паслугі), у тым ліку ў сетцы Інтэрнэт або праз АРІП, пры выкарыстанні плацежных інструментаў або сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання;
  • зняцце наяўных грашовых сродкаў праз касы, банкаматы і іншую інфраструктуру банка, у якім адкрыты базавы рахунак, у сувязі з яго закрыццём альбо ў пэўным аб'ёме, які будзе ўстаноўлены ў падзаконным акце;
  • пераафармленне бягучага рахунку ў базавы рахунак і назад;
  • іншыя аперацыі, устаноўленыя Нацыянальным банкам.

Указ прадастаўляе права фiзiчнай асобе на адкрыццё аднаго базавага рахунку ў банкаўскай сістэме і выбар банка для абслугоўвання з ліку банкаў, якія адкрываюць базавыя рахункі. У адпаведнасці з Указам адкрываць базавыя рахункі абавязаны банкі, у статутных фондах якіх больш за 50 працэнтаў акцый (долей) належыць Рэспубліцы Беларусь. Іншым банкам прадастаўляецца права на адкрыццё базавых рахункаў фізічным асобам.

Пры гэтым варта адзначыць, што наяўнасць базавага рахунку не абмяжоўвае права фізічнай асобы на адкрыццё ў банках іншых рахункаў і выкарыстанне розных плацежных інструментаў у адпаведнасці з банкаўскім заканадаўствам.

Для фізічных асоб абавязковасць адкрыцця базавага рахунку прадугледжана толькі ў выпадках, калі яны жадаюць або абавязаны ў адпаведнасці з актамі заканадаўства атрымліваць сацыяльныя і прыраўнаваныя да іх выплаты ў безнаяўнай форме. Пры гэтым пераход ад дзеючай практыкі атрымання названых выплат да новай будзе ажыццяўляцца паступова да 1 ліпеня 2025 г.

Нароўні з гэтым Указ не абмяжоўвае магчымасці фізічных асоб па атрыманні сацыяльных выплат у наяўнай форме праз паштовыя аддзяленні.

Для наймальнікаў Указам прадугледжаны абавязак пералічваць належныя фiзiчнай асобе грашовыя сродкі ў выглядзе заработнай платы i прыраўнаваных да яе выплат на ўказаны работнікам базавы рахунак. Парадак, умовы і форма прадстаўлення звестак аб базавым рахунку ў банк вызначаецца працадаўцам самастойна з улікам патрабаванняў заканадаўства.

Варта адзначыць, што сучасныя банкаўскія тэхналогіі дазваляюць працадаўцам хутка і з максімальным выключэннем ручной працы фарміраваць рэестры сваіх працаўнікоў для такога пералічэння незалежна ад банка, у якім адкрыты рахунак атрымальніка. Для гэтага дастаткова накіраваць у абслугоўваючы працадаўцу банк адно зводнае плацежнае даручэнне на перавод грашовых сродкаў на карысць рознай колькасці работнікаў, тых, што маюць рахункі ў банку-адпраўніку або розных банках, так і тых, што атрымліваюць наяўныя грашовыя сродкі ў розных банках без адкрыцця ім рахункаў.

Пры гэтым з мэтай папярэджання неабгрунтаванага завышэння памеру банкаўскай камісіі, якая выплачваецца наймальнікам пры пераліку ўказаных выплат на базавыя рахункі, устанаўліваюцца абмежаванні на памер такога ўзнагароджання. У адпаведнасці з Указам яно не павінна перавышаць памер узнагароджання за пералічэнне заработнай платы i прыраўнаваных да яе выплат на базавыя рахункі і бягучыя рахункі, адкрытыя ў банку-адпраўніку.

Такім чынам, Указам ствараюцца ўмовы для пашырэння колькасці банкаў, якія ўдзельнічаюць у выплаце пенсій і іншых сацыяльных выплат. Пры гэтым для работнікаў устанаўліваецца магчымасць самастойнага выбару банка для адкрыцця рахунку для залічэння заработнай платы.

Уладальнік базавага рахунку можа здзяйсняць аперацыі па ім у адпаведнасці з парадкам, устаноўленым банкаўскім заканадаўствам, у тым ліку праз сучасныя плацежныя інструменты. Пры гэтым вызначана, што банкі могуць прадастаўляць фізічным асобам доступ да базавага рахунку з дапамогай банкаўскай плацежнай карткі толькі нацыянальнай плацежнай сістэмы, кабейджынгавай карткі дзвюх плацежных сістэм, аператарам адной з якіх з'яўляецца рэзідэнт Рэспублікі Беларусь, альбо іншага беларускага плацежнага інструмента.

Прынятыя рашэнні палепшаць абарону законных правоў і інтарэсаў спажыўцоў плацежных паслуг у частцы свабоднага выбару такіх паслуг, будуць спрыяць мінімізацыі выдаткаў грамадзян па найбольш запатрабаваных банкаўскіх аперацыях, а таксама стымуляваць канкурэнцыю ў банкаўскай сістэме краіны.