29.09.2021  
Прэс-рэліз

У Беларусі падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні з мэтай умацавання даверу спажыўцоў фінансавых паслуг да фінансавай сістэмы


Паміж Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь, Асацыяцыяй беларускіх банкаў, Асацыяцыяй лізінгадаўцаў, Асацыяцыяй развіцця фінансавага рынку, Рэспубліканскай асацыяцыяй мікрафінансавых арганізацый у верасні 2021 года падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні з мэтай умацавання даверу спажыўцоў фінансавых паслуг да фінансавых прадуктаў, фінансавых арганізацый і фінансавай сістэмы ў цэлым (далей – Мемарандум).

Мемарандум адкрыты для далучэння іншых асацыяцый удзельнікаў фінансавага рынку і з'яўляецца асноватворным дакументам для далейшага ўзаемадзеяння Нацыянальнага банка з імі па розных напрамках.

Нацыянальны банк надае вялікае значэнне ролі асацыяцый удзельнікаў фінансавага рынку ў рабоце па падтрыманні і ўмацаванні даверу спажыўцоў фінансавых паслуг да фінансавай сістэмы. Дакументы, якія распрацоўваюцца імі, павінны ўключаць як правілы рынкавых паводзін, абавязковыя для сваіх членаў, так і агульныя падыходы па сацыяльна адказным прадастаўленні фінансавых паслуг, па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва і па парадку разгляду зваротаў спажыўцоў.

У рамках Мемарандума плануецца на аснове прынцыпаў добрасумленных (адказных) паводзін, уключаных у адпаведныя кодэксы, распрацоўваць і ўкараняць у дзейнасць фінансавых арганізацый добрасумленныя практыкі прадастаўлення фінансавых паслуг. Да работы ў гэтым напрамку мяркуецца прыцягваць прадстаўнікоў таварыстваў па абароне правоў спажыўцоў, зацікаўленых дзяржаўных органаў, а таксама іншых арганізацый.

Мемарандум прадугледжвае ўдасканаленне механізмаў узаемадзеяння са спажыўцамі фінансавых паслуг у частцы распрацоўкі агульных падыходаў па разглядзе скаргаў і ўрэгуляванні спрэчных сітуацый. Якасны разгляд звароту спажыўца на ўзроўні выканаўцы фінансавых паслуг і (або) профільнай асацыяцыі (саюза) дазваляе нівеліраваць рызыкі стварэння і падтрымання адмоўнага іміджу як асобнага сегмента фінансавага рынку, так і фінансавай сістэмы.

Акрамя таго, плануецца павысіць інфармацыйную адкрытасць фінансавых арганізацый у частцы парадку аказання фінансавых паслуг, у тым ліку на аснове аналізу зваротаў грамадзян. Пры гэтым мяркуецца, што профільныя асацыяцыі (саюзы) удзельнікаў фінансавага рынку будуць ажыццяўляць кансультаванне спажыўцоў, у тым ліку па парадку рэалізацыі і абароны сваіх правоў.

Рэалізацыя названых, а таксама іншых напрамкаў супрацоўніцтва, прадугледжаных Мемарандумам, будзе спрыяць устанаўленню празрыстых, даверных адносін паміж спажыўцамі, выканаўцамі фінансавых паслуг і іх профільнымі асацыяцыямі (саюзамі), а таксама дасць магчымасць павысіць даступнасць фінансавых паслуг.