05.10.2021  
Прэс-рэліз

X Міжнародная нумізматычная канферэнцыя праходзіць у Мінску


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь 5–8 кастрычніка 2021 года праводзіць X Міжнародную нумізматычную канферэнцыю. Сёлета мерапрыемства прымеркавана да 25-годдзя беларускай памятнай манеты і праходзіць у анлайн-фармаце.

У канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі беларускіх і замежных музеяў, профільных вытворчых прадпрыемстваў, вядучыя вучоныя-нумізматы, даследчыкі гісторыі грашовага абарачэння, банкаўскай справы і сучаснай манетнай чаканкі.

Падчас пленарнага пасяджэння і на тэматычных секцыях канферэнцыі будуць прадстаўлены даклады, якія ахопліваюць шырокае кола пытанняў, уключаючы грашовае абарачэнне на тэрыторыі Беларусі ў розныя перыяды, узаемадзеянне грашовых сістэм, фарміраванне нумізматычных калекцый і музейных збораў, гісторыю банкаўскай дзейнасці, а таксама фінансавых устаноў на беларускіх землях.

Міжнародная нумізматычная канферэнцыя праводзіцца Нацыянальным банкам пры садзейнічанні ГА "Беларускае нумізматычнае таварыства" з 2003 года і з'яўляецца значнай падзеяй у нумізматычным руху Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.