23.11.2021  
Прэс-рэліз

У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці адкрылася выстава "Срэбны юбілей: 25 гадоў беларускай памятнай манеце"


У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці 22 лістапада 2021 года адкрылася выстава "Срэбны юбілей: 25 гадоў беларускай памятнай манеце", прымеркаваная да выпуску ў абарачэнне першай беларускай памятнай манеты. Наведаць выставу можна па 31 студзеня 2022 года.

Нацыянальны банк аб’явіў аб выпуску ў абарачэнне першай беларускай памятнай манеты 27 снежня 1996 года. Яна была прысвечана 50-годдзю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, заснавальнікам і членам якой з 1945 года з'яўляецца Беларусь. За мінулыя 25 гадоў Нацыянальным банкам у рамках серый і аўтаномна было выпушчана больш за 500 найменняў памятных манет з каштоўных і некаштоўных металаў.

"Сёння беларускія памятныя манеты добра вядомыя ва ўсім свеце і па вартасці ацэненыя нумізматычнай супольнасцю. Высокі ўзровень выканання і дызайну беларускіх манет не аднойчы адзначаўся на самых прэстыжных міжнародных выставах і конкурсах. Асноўнымі мэтамі выпуску памятных манет Нацыянальнага банка былі і застаюцца прасоўванне каштоўнасцей беларускай дзяржаўнасці, культурнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа, яго дасягненняў, а таксама адлюстраванне найважнейшых падзей у жыцці краіны", – сказаў на адкрыцці выставы намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Лапко.

Прадстаўленыя на выставе экспанаты адлюстроўваюць асноўныя напрамкі работы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па выпуску памятных манет з 1996 года па цяперашні час. Наведвальнікі экспазіцыі могуць азнаёміцца з унікальнымі артэфактамі, якія ілюструюць стадыі распрацоўкі і выпуску памятных манет: эскізнымі праектамі, гіпсавымі мадэлямі аверса і рэверса, эталоннымі і працоўнымі інструментамі, прызначанымі для чаканкі манет, а таксама гатовымі манетамі розных серый і аўтаномных выпускаў.

Выстава прызначана для розных катэгорый наведвальнікаў. Асабліва цікавая яна будзе для прафесійных нумізматаў і калекцыянераў, а таксама тых, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці размешчаны па адрасе: г. Мінск, вул. Карла Маркса, 38, пад'езд 4. Тэлефоны для даведак: +375 17 234 01 52, +375 17 322 06 97.