25.11.2021  
Прэс-рэліз

Вызначаны патрабаванні да дзейнасці аператараў сэрвісаў анлайн-запазычання


Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь вызначаны патрабаванні да дзейнасці аператараў сэрвісаў анлайн-запазычання. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Праўлення Нацыянальнага банка ад 26 кастрычніка 2021 г. № 310 (далей – пастанова № 310) у рамках рэалізацыі палажэнняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 мая 2021 г. № 196 "Аб сэрвісах анлайн-запазычання і лізінгавай дзейнасці".

У прыватнасці, пастановай № 310 зацверджана Інструкцыя аб патрабаваннях да правілаў сэрвісу анлайн-запазычання і сэрвісу анлайн-запазычання. Яе нормы накіраваны на забеспячэнне абароны правоў спажыўцоў паслуг сэрвісаў анлайн-запазычання, у тым ліку з дапамогай належнага інфармавання кліентаў сэрвісаў аб:

  • пераліку паслуг, якія аказваюцца аператарам сэрвісу на падставе дагавора, парадку ажыццяўлення разлікаў па гэтым дагаворы, памеры плацяжоў, звязаных з парушэннем яго ўмоў, парадку дасудовага ўрэгулявання спрэчак, парадку вызначэння памеру ўзнагароджання аператара;
  • патрабаваннях да праграмна-тэхнічных сродкаў кліентаў (абсталявання, праграмнага забеспячэння, у тым ліку мабільных дадаткаў для доступу кліентаў да сэрвісу), а таксама сродкаў абароны інфармацыі пры карыстанні сэрвісам;
  • парадку прадастаўлення кліенту інфармацыі аб умовах дагавораў пазыкі, якія прапаноўваюцца да заключэння з дапамогай сэрвісу анлайн-запазычання, дагавораў у забеспячэнне выканання абавязацельстваў па дагаворы пазыкі, а таксама аб парадку і наступствах заключэння, змянення, скасавання такіх дагавораў і дзеянняў кліентаў і сэрвісу ў выпадку іх невыканання;
  • парадку фарміравання і захоўвання асабістай справы кліента і доступу да яе;
  • крытэрыях, методыцы, парадку і тэрмінах ажыццяўлення ацэнкі здольнасці кліента выканаць свае абавязацельствы па дагаворах, якія заключаюцца з дапамогай сэрвісу анлайн-запазычання.

Таксама ўстаноўлены патрабаванні да сэрвісу анлайн-запазычання ў частцы абавязковага забеспячэння належнай ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі юрыдычных і фізічных асоб – спажыўцоў паслуг такога сэрвісу, магчымасці абароненага злучэння сэрвісу з праграмна-тэхнічнымі сродкамі кліентаў, бесперабойнага функцыянавання, збору, апрацоўкі, захоўвання і прадастаўлення неабходнай інфармацыі ва ўмовах, якія забяспечваюць прадухіленне крадзяжу, страты, скажэння, падробкі інфармацыі (яе носьбітаў).

Пры гэтым пастановай № 310 вызначаны гранічны памер узнагароджання (платы), якое спаганяецца за паслугі аператара сэрвісу анлайн-запазычання. Узнагароджанне павінна складаць не больш за 10% ад сумы грашовых сродкаў, прадастаўленых па дагаворы пазыкі, заключаным з дапамогай сэрвісу анлайн-запазычання.

Акрамя таго, зацверджана Інструкцыя аб патрабаваннях да формы і зместу дакумента аб заключэнні дагавора з дапамогай сэрвісу анлайн-запазычання, а таксама формы, аб'ёму і зместу асабістай справы кліента, якая фарміруецца аператарам сэрвісу анлайн-запазычання.

Названай інструкцыяй, у прыватнасці, вызначана, што дакумент аб здзяйсненні здзелкі з дапамогай сэрвісу анлайн-запазычання выдаецца на папяровым носьбіце або ў электронным выглядзе з указаннем істотных умоў дагавора, а таксама іншых звестак у адпаведнасці з патрабаваннямі Нацыянальнага банка. Таксама ўстаноўлена, што асабістая справа кліента сэрвісу фарміруецца ў электронным выглядзе і захоўваецца ў асобным раздзеле на сайце сэрвісу з захаваннем умоў, якія забяспечваюць канфідэнцыяльнасць і захаванасць інфармацыі.

Акрамя гэтага, пастановай № 310 унесены змяненні ў Інструкцыю аб выкарыстанні праграмна-апаратных сродкаў і тэхналогій, правядзенні працэдур аддаленай ідэнтыфікацыі, аддаленага абнаўлення (актуалізацыі), зацверджаную пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2019 г. № 379. У адпаведнасці са змяненнямі аператары сэрвісаў анлайн-запазычання становяцца карыстальнікамі міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі з мэтай ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі сваіх кліентаў. Пры гэтым устанаўліваецца, што пры ажыццяўленні аперацый з дапамогай сэрвісаў анлайн-запазычання праводзіцца шматфактарная аўтэнтыфікацыя фізічных і юрыдычных асоб.

Прадугледжаныя пастановай № 310 падыходы будуць спрыяць абароне правоў кліентаў аператараў сэрвісаў анлайн-запазычання, а таксама забеспячэнню празрыстасці функцыянавання новага сегмента фінансавага рынку.

Пастанова № 310 уваходзіць у сілу з 29 лістапада 2021 г.