26.11.2021  
Прэс-рэліз

Адбылося 54-е пасяджэнне Міжбанкаўскага валютнага савета цэнтральных банкаў Беларусі і Расіі


Актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння разгледжаны на чарговым, пяцьдзясят чацвёртым, пасяджэнні Міжбанкаўскага валютнага савета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі, якое прайшло 26 лістапада 2021 года ў г. Маскве з удзелам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Паўла Калаура і Старшыні Банка Расіі Эльвіры Набіулінай, іншых прадстаўнікоў цэнтральных банкаў дзвюх краін.

Удзельнікі сустрэчы разгледзелі эканамічную сітуацыю і ход рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі і Расіі ў 2021 годзе, абмеркавалі галоўныя прынцыпы і найважнейшыя параметры Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і Асноўных напрамкаў адзінай дзяржаўнай грашова-крэдытнай палітыкі Расійскай Федэрацыі на 2022 год.

Таксама на пасяджэнні ішла размова аб арганізацыі дзейнасці рабочай групы па пытаннях міжбанкаўскага двухбаковага супрацоўніцтва, сфарміраванай з прадстаўнікоў цэнтральных банкаў дзвюх краін для рэгулярнага ўзаемадзеяння з мэтай рашэння актуальных задач, у тым ліку ў рамках рэалізацыі Саюзных праграм, зацверджаных на Вышэйшым Дзяржаўным Савеце Саюзнай дзяржавы 4 лістапада 2021 года.

Даведачна. Міжбанкаўскі валютны савет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі створаны ў лістападзе 1999 года. Асноўнымі задачамі Савета з'яўляюцца падрыхтоўка міждзяржаўных пагадненняў у галіне банкаўскай дзейнасці, уніфікацыя нарматыўна-рэгулятыўнай базы фінансавай і банкаўскай сфер для стварэння роўных умоў суб'ектам гаспадарання дзвюх краін, падрыхтоўка рэкамендацый па распрацоўцы і рэалізацыі каардынаванай грашова-крэдытнай і валютнай палітыкі.