17.07.2017  
Прэс-рэліз

У Беларусі створана інфармацыйная сетка па тэхналогіі блокчэйн


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь стварыў на аснове тэхналогіі блокчэйн інфармацыйную сетку, якая можа выкарыстоўвацца для вырашэння шырокага спектра сучасных і перспектыўных банкаўскіх і нябанкаўскіх задач.

На першым этапе сетка блокчэйн будзе практычна ўкаранёна ў рамках банкаўскай сістэмы краіны. Уладальнікам засведчвальнага вузла сеткі блокчэйн можа стаць любы банк або нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя Рэспублікі Беларусь. Адміністратарам сеткі блокчэйн у банкаўскай сістэме Беларусі вызначаны Разліковы цэнтр Нацыянальнага банка. У цэлым створаны самарэгулявальны механізм кіравання і развіцця беларускага сегмента сеткі блокчэйн з выкарыстаннем Савета нодаў (уладальнікаў засведчвальных вузлоў), члены якога маюць роўныя правы.

Першым прыкладам практычнага выкарыстання сеткі блокчэйн у банкаўскай сістэме Беларусі стала магчымасць перадачы інфармацыі аб выдадзенай банкаўскай гарантыі і непасрэдна самой банкаўскай гарантыі. Беларускія банкі ў найбліжэйшы час змогуць скарыстацца такой магчымасцю ў адпаведнасці з пастановай Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2017 года № 279, якая ўвайшла ў сілу 15 ліпеня 2017 года і прадугледжвае ўключэнне тэхналогіі блокчэйн у механізм перадачы інфармацыі аб банкаўскіх гарантыях. Новы механізм вядзення рэестраў банкаўскіх гарантый будзе садзейнічаць забеспячэнню ўзаемнага доступу суб'ектаў гаспадарання дзяржаў – членаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) да працэдур дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг).

Плануецца, што наступным этапам стане ўкараненне тэхналогіі блокчэйн на рынку каштоўных папер. ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа" плануе выкарыстоўваць блокчэйн для вядзення рэестра аперацый з каштоўнымі паперамі на біржавым і пазабіржавым рынках. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць фарміраваць гэты рэестр на якасна новым узроўні, што створыць умовы для павышэння празрыстасці і далейшага развіцця фондавага рынку ў Рэспубліцы Беларусь.

Выкарыстанне сеткі блокчэйн у Беларусі ў цяперашні час не прадугледжвае здзелак з віртуальнымі валютамі. Пры гэтым канцэптуальна не існуе якіх-небудзь абмежаванняў на сферы прымянення блокчэйна ў галіне інфармацыйных тэхналогій.

У перспектыве гэта тэхналогія можа быць выкарыстана як у банкаўскай сістэме, так і за яе межамі для вырашэння любых іншых задач, уключаючы, напрыклад, арганізацыю работы з "разумнымі" кантрактамі. Пры заканадаўчым забеспячэнні завераная з дапамогай сеткі блокчэйн інфармацыя ў далейшым можа выкарыстоўвацца ў разнастайных відах дзейнасці, якія патрабуюць інфармацыйнага забеспячэння, – у бізнесе, справаводстве, медыцыне, фінансавай сферы, прававой падтрымцы і шматлікіх іншых сферах.

Інфармацыйная тэхналогія блокчэйн атрымала шырокае распаўсюджванне з 2008 года. Адметнай асаблівасцю блокчэйна з'яўляецца дэцэнтралізаваная структура захавання ідэнтычных ва ўсёй сетцы блокаў інфармацыі, што забяспечвае ўбудаваную ўстойлівасць да памылак, адсутнасць цэнтралізаванага кантролю і кропак адмовы. Інфармацыя, якая захоўваецца ў сетцы блокчэйн, празрыстая, паколькі агульная база даных адначасова існуе на ўсіх камп’ютарах, якія ўваходзяць у сетку. Запісы, якія ў ёй захоўваюцца, публічныя і лёгка правяраюцца. Сетка блокчэйн не можа быць разбурана, паколькі змяненне нават адзінкі інфармацыі патрабуе неабходнасці падмены інфармацыі ва ўсёй сетцы.