06.11.2018  
Прэс-рэліз

Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 лістапада склалі 7,1 млрд. долараў ЗША


Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь на 1 лістапада 2018 года, па папярэдніх звестках, склалі 7 107,6 млн. долараў ЗША (у эквіваленце).

За кастрычнік 2018 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 181,3 млн. долараў ЗША (на 2,6 працэнта) пасля зніжэння ў верасні 2018 года на 320 млн. долараў ЗША (на 4,4 працэнта).

Павелічэнню ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў у кастрычніку спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, паступленне чарговага траншу Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, паступленне сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа". Станоўчы ўплыў на ўзровень рэзерваў таксама аказала павелічэнне кошту манетарнага золата.

Урадам і Нацыянальным банкам у кастрычніку выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму каля 290 млн. долараў ЗША.

Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2019 года з улікам пагашэння Урадам Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце павінен скласці не менш за 6 млрд. долараў ЗША.