ССРД. Метаданыя

у фармаце pdf
Краіна Рэспубліка Беларусь
Катэгорыя даных Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце

Асоба, адказная за кантакты Чыжэўскі Андрэй Сяргеевіч
Пасада: Намеснік начальніка ўпраўлення
Назва структурнага падраздзялення Упраўленне плацежнага балансу
Арганізацыя Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Адрас: пр. Незалежнасці, 20
Горад: Мінск
Краіна: Рэспубліка Беларусь
Паштовы індэкс: 220008
Тэлефон +375 17 219 23 44
Факс +375 17 327 48 79
Email: A.Chizhevskij@nbrb.by

Метадалогія

Канцэпцыі і вызначэнні

Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце распрацоўваюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, выкладзенымі ў Даведніку ”Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце. Форма прадстаўлення даных: кіруючыя прынцыпы“ (МВФ, 2013) і ў шостым выданні Даведніка па плацежным балансе і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (МВФ, 2009) (далей – ДПБ6).

Даныя аб міжнародных рэзервовых актывах і ліквіднасці ў замежнай валюце ўяўляюць сабой сукупнасць эканамічных паказчыкаў, якія дазваляюць супаставіць запасы фінансавых актываў і іншых запланаваных паступленняў у замежнай валюце з аднаго боку з наяўнымі абавязацельствамі і іншымі запланаванымі затратамі замежнай валюты з іншага боку.

Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь вызначаюцца як высокаліквідныя замежныя актывы, якія складаюцца з манетарнага золата, спецыяльных правоў запазычання, рэзервовай пазіцыі Рэспублікі Беларусь у МВФ, валютных рэзерваў, што могуць быць аператыўна выкарыстаны для фінансавання плацежнага балансу, правядзення інтэрвенцый на валютных рынках з мэтай аказання ўздзеяння на валютны курс і іншых мэт.

Ахоп

Ахоп даных

Ахоп аперацый: Даныя аб міжнародных рэзервовых актывах і ліквіднасці ў замежнай валюце ўключаюць актывы і абавязацельствы ў замежнай валюце (у тым ліку пазабалансавыя) Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны банк), Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства фінансаў) і ДУ ”Агенцтва па гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў“ як у адносінах да рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, так і да нерэзідэнтаў.

Даныя аб міжнародных рэзервовых актывах уключаюць высокаліквідныя актывы ў замежнай валюце Нацыянальнага банка, Міністэрства фінансаў у адносінах да нерэзідэнтаў.

Да міжнародных рэзерваў адносяць замежныя актывы ў валютах замежных дзяржаў (долар ЗША, еўра, фунт стэрлінгаў, іена, кітайскі юань, швейцарскі франк, аўстралійскі і канадскі долар) з тэрмінамі выканання нерэзідэнтамі абавязацельстваў да аднаго года ўключна і размешчаныя ў фінансавых арганізацыях – нерэзідэнтах Рэспублікі Беларусь альбо ў каштоўныя паперы, эмітаваныя нерэзідэнтамі, з доўгатэрміновымі крэдытнымі рэйтынгамі не ніжэй за інвестыцыйную катэгорыю па рэйтынгавых шкалах міжнародных рэйтынгавых агенцтваў Fitch Ratings, Standard and Poor's і Moody's Investors Service.

Геаграфічны ахоп: Да эканамічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адносіцца геаграфічная тэрыторыя краіны, якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Урада Рэспублікі Беларусь і ў межах якой могуць свабодна перамяшчацца рабочая сіла, тавары і капітал. Эканамічная тэрыторыя краіны ўключае наземную і паветраную прастору, тэрытарыяльныя анклавы ў іншых краінах (выразна адзначаныя зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў іншых краінах і належаць або арандуюцца Урадам Рэспублікі Беларусь з дыпламатычнымі, ваеннымі, навуковымі або іншымі мэтамі, свабодныя зоны і мытныя склады і прадпрыемствы, эксплуатацыя якіх ажыццяўляецца пад кантролем мытных органаў). Эканамічная тэрыторыя Рэспублікі Беларусь не ўключае анклавы замежных урадаў і міжнародных арганізацый, якія размешчаны ў межах геаграфічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Выключэнні з ахопу: У міжнародныя рэзервы не ўключаюцца актывы, размешчаныя ў банках-рэзідэнтах; каштоўныя паперы, якія служаць забеспячэннем па здзелках РЭПО; закладзеныя актывы, а таксама актывы ў банках-нерэзідэнтах, у статутным капітале якіх Нацыянальны банк мае долевы ўдзел.

Класіфікацыя/дзяленне па сектарах

Класіфікацыя, якая выкарыстоўваецца, і метады ацэнкі адпавядаюць рэкамендацыям Даведніка ”Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце. Форма прадстаўлення даных: кіруючыя прынцыпы“ (МВФ, 2013).

Аснова ўліку

Вартасная ацэнка

Аперацыі ацэньваюцца па кошце іх ажыццяўлення, валютныя рэзервы адлюстроўваюцца па рынкавым кошце.

Кошт манетарнага золата ацэньваецца па рынкавай цане, якая разлічваецца на падставе цаны на золата, што ўстанаўліваецца Лонданскай асацыяцыяй удзельнікаў рынку каштоўных металаў.

Даныя прадстаўляюцца ў доларах ЗША. Пералік замежных актываў у долары ЗША ажыццяўляецца па крос-курсах долара ЗША да іншых замежных валют на аснове афіцыйнага курса беларускага рубля ў адносінах да адпаведных замежных валют, устаноўленага Нацыянальным банкам на справаздачную дату.

Працэдуры вылічэння валавых/чыстых паказчыкаў

Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце ўлічваюцца на валавай аснове.

Зыходныя даныя

Збор зыходных даных

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі, якія выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы даных аб міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце, з'яўляюцца:

  • балансавыя даныя Нацыянальнага банка аб замежных актывах і абавязацельствах Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, аб астатках каштоўных металаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у банках-нерэзідэнтах і Цэнтральным сховішчы Нацыянальнага банка;
  • інфармацыя Міністэрства фінансаў аб запасах манетарнага золата;
  • даныя аб графіках пагашэння асноўнага доўгу і працэнтаў па тэрміновых здзелках прыцягнення і размяшчэння замежнай валюты Нацыянальным банкам у разрэзе здзелак;
  • інфармацыя аб графіку плацяжоў па пагашэнні і абслугоўванні знешняга дзяржаўнага доўгу Міністэрства фінансаў;
  • інфармацыя аб маючых адбыцца плацяжах па крэдытах і пазыках у замежнай валюце, прадастаўленых Урадам Рэспублiкi Беларусь, па асноўным доўгу і працэнтах;
  • інфармацыя аб графіку плацяжоў па пагашэнні і абслугоўванні доўгу ў замежнай валюце, гарантаванага Урадам Рэспублікі Беларусь;
  • інтэрнэт-сайт Міжнароднага валютнага фонду (http://www.imf.org/external/) у частцы даных аб узаемаадносінах Рэспублікі Беларусь з МВФ.

Вызначэнні, ахоп, класіфікацыі, ацэнка і час уліку зыходных даных

Даныя па міжнародных рэзервовых актывах і ліквіднасці ў замежнай валюце ўключаюць даныя аб афіцыйных рэзервовых актывах, іншых актывах у замежнай валюце, загадзя ўстаноўленых кароткатэрміновых чыстых затратах актываў у замежнай валюце, абумоўленых кароткатэрміновых чыстых затратах актываў у замежнай валюце і іншую інфармацыю аб чаканых патоках замежнай валюты.

Велічыня міжнародных рэзервовых актываў Рэспублікі Беларусь разлічваецца як сума актываў у спецыяльных правах запазычання і іншай замежнай валюце, манетарным золаце, якія ўлічваюцца на рахунках балансу Нацыянальнага банка, а таксама манетарнага золата Урада Рэспублікі Беларусь і рэзервовай пазіцыі ў Міжнародным валютным фондзе.

Манетарнае золата вызначаецца як золата, якое знаходзіцца ў распараджэнні Нацыянальнага банка і Урада Рэспублікі Беларусь, у выглядзе залатых банкаўскiх i мерных злiткаў і залатых памятных і зліткавых (інвестыцыйных) манет, якія захоўваюцца ў Нацыянальным банку, з чысцінёй металу не ніжэй за 995/1000.

Спецыяльныя правы запазычання ўяўляюць сабой міжнародныя рэзервовыя актывы, якія размяркоўваюцца МВФ паміж дзяржавамі – членамі МВФ прапарцыйна квоце гэтых краін.

Рэзервовая пазіцыя Рэспублікі Беларусь у МВФ складаецца са сродкаў, размешчаных Рэспублікай Беларусь на рахунку агульных рэсурсаў МВФ.

Валютныя рэзервы складаюцца з высокаліквідных замежных актываў і могуць быць выражаны ў форме наяўнай замежнай валюты і іншых сродкаў плацяжу, якія з'яўляюцца абавязацельствам нерэзідэнтаў; рэшткаў сродкаў на рахунках у банках-нерэзідэнтах з першапачатковым тэрмінам пагашэння да аднаго года ўключна; ліквідных каштоўных папер, эмітаваных нерэзідэнтамі; актываў, перададзеных у давернае кіраванне; іншых патрабаванняў да нерэзідэнтаў з першапачатковым тэрмінам пагашэння да аднаго года ўключна.

Іншыя актывы ў замежнай валюце ўяўляюць актывы, якія не задавальняюць крытэрыям, устаноўленым для міжнародных рэзервовых актываў. У адрозненне ад міжнародных рэзерваў гэтыя актывы ўключаюць патрабаванні як да нерэзідэнтаў, так і да рэзідэнтаў.

Загадзя ўстаноўленыя кароткатэрміновыя чыстыя затраты актываў у замежнай валюце ўключаюць мяркуемыя на працягу аднаго года паступленні і выплаты асноўнага доўгу і працэнтаў па наяўных фінансавых актывах і абавязацельствах у замежнай валюце, а таксама чаканыя ў гэты перыяд патокі валюты, звязаныя з форварднымі, ф'ючарснымі кантрактамі і свопамі.

Абумоўленыя кароткатэрміновыя чыстыя затраты актываў у замежнай валюце адлюстроўваюць умоўныя прытокі або адтокі замежнай валюты на працягу аднаго года, якія выкліканы дагаворнымі абавязацельствамі, звязанымі з патэнцыйным або магчымым будучым павелічэннем фінансавых актываў і абавязацельстваў у замежнай валюце. Да такога віду патэнцыйных патокаў валюты адносяцца сумы нявыбраных крэдытных ліній, выдадзеныя або атрыманыя гарантыі, а таксама апцыённыя кантракты.

Іншая інфармацыя аб чаканых патоках замежнай валюты ўключае дадатковую інфармацыю аб адлюстраваных вышэй патоках замежнай валюты, а таксама раскрывае валютную структуру міжнародных рэзерваў – актывы, намініраваныя ў валютах, якія ўваходзяць у кошык спецыяльных правоў запазычання (долар ЗША, еўра, кітайскі юань, фунт стэрлінгаў і іена).

Своечасовасць зыходных даных

Графік паступлення зыходных даных дазваляе своечасова фарміраваць даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце і выконваць патрабаванні Спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных Міжнароднага валютнага фонду (далей – ССРД) у дачыненні да распаўсюджвання даных знешняга сектара.

Ацэнка зыходных даных

Складальнікі міжнародных рэзервовых актываў сістэматычна праводзяць ацэнку зыходных даных і, калі ўзнікае патрэба, ініцыіруюць працэс іх мадыфікацыі з мэтай удасканалення статыстычнай справаздачнасці.

Статыстычныя метады

Іншыя статыстычныя працэдуры

Статыстычныя карэкціроўкі адсутнічаюць.

Ацэнка і праверка прамежкавых і выходных статыстычных даных

Праверка прамежкавых даных

Прамежкавыя вынікі рэгулярна звяраюцца з іншымі справаздачамі, якія ёсць у распараджэнні Нацыянальнага банка. Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце параўноўваюцца з данымі грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкай дзяржаўных фінансаў, статыстыкай плацежнага балансу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі.

Ацэнка прамежкавых даных

Праводзіцца аналіз прамежкавых даных з пункту гледжання ўнутранай і часовай супастаўнасці.

Ацэнка разыходжанняў і іншых праблем у выходных статыстычных даных

Пры наяўнасці якіх-небудзь разыходжанняў і невытлумачальных вялікіх ваганнях даных іх прычыны даследуюцца пры прамым кантакце з пастаўшчыкамі інфармацыі.

Практыка пераглядаў даных

Практыка і аналіз пераглядаў даных

Даныя, якія публікуюцца, з'яўляюцца канчатковымі і перагляду не падвяргаюцца.

Практычная прыдатнасць

Перыядычнасць і своечасовасць

Перыядычнасць

Штомесячная.

Своечасовасць

Міжнародныя рэзервы: на 7-ы дзень пасля справаздачнага перыяду.

Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце: на 15-ы дзень пасля справаздачнага перыяду.

Узгодненасць

Унутраная ўзгодненасць

Выконваецца метадалогія складання даных міжнародных рэзерваў і ліквіднасці ў замежнай валюце (асноўныя паняцці, канцэпцыі, класіфікацыя, крыніцы інфармацыі).

Часовая ўзгодненасць

Спецыялісты Нацыянальнага банка, якія адказваюць за фарміраванне даных, прадпрымаюць належныя меры па забеспячэнні часовай супастаўнасці даных.

Узгодненасць паміж сектарамі і рознымі сферамі

Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце ўзаемазвязаны з данымі грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкай дзяржаўных фінансаў, статыстыкай плацежнага балансу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыяй.

Палітыка і практыка перагляду даных

Графік перагляду даных

Даныя, якія публікуюцца, з'яўляюцца канчатковымі і перагляду не падвяргаюцца.

Аб змяненнях у метадалогіі складання даных па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце паведамляецца ў прэс-рэлізах Нацыянальнага банка.

Даступнасць

Даныя

Статыстычнае прадстаўленне

Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце публікуюцца ў прадстаўленнях, якія адпавядаюць рэкамендацыям ”Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце. Форма прадстаўлення даных: кіруючыя прынцыпы“ (МВФ, 2013).

Спосабы і фарматы распаўсюджвання даных

На папяровым носьбіце – Штоквартальны бюлетэнь

Даныя па статыстыцы міжнародных рэзерваў і ліквіднасці ў замежнай валюце публікуюцца ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным бюлетэні Нацыянальнага банка ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“.

У электронным выглядзе – Бюлетэнь або даныя ў рэжыме анлайн

На афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт размяшчаюцца:

У электронным выглядзе – Іншае

Публікуюцца ў выданнях Міжнароднага валютнага фонду.

Каляндар выпуску даных

Каляндар папярэдніх тэрмінаў публікацыі даных, якія распаўсюджваюцца Нацыянальным банкам у адпаведнасці з патрабаваннямі ССРД, размяшчаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт:

У Статыстычным бюлетэні распаўсюджваецца інфармацыя аб тэрмінах публікацыі даных, устаноўленых ССРД, якая змяшчае звесткі пра даты распаўсюджвання паказчыкаў у бягучым і трох наступных месяцах.

Адначасовы выпуск

Даныя па міжнародных рэзервах і ліквіднасці ў замежнай валюце ва ўстаноўленыя тэрміны размяшчаюцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт і становяцца даступнымі адначасова для ўсіх карыстальнікаў.

Даступнасць даных

Распаўсюджванне дакументацыі аб канцэпцыях, ахопе, класіфікацыях, аснове ўліку, крыніцах даных і статыстычных метадах

Метадалагічныя тлумачэнні размяшчаюцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт. Класіфікацыі, якія выкарыстоўваюцца, метады вартаснай ацэнкі і ахоп аперацый, што ўлічваюцца, у цэлым адпавядаюць рэкамендацыям ”Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце. Форма прадстаўлення даных: кіруючыя прынцыпы“ і ДПБ6.

Узровень дэталізацыі даных, якія прадастаўляюцца

Узровень дэталізацыі адпавядае метадалагічным патрабаванням.

Дапамога карыстальнікам

Распаўсюджванне інфармацыі аб кантактах

У метаданых, размешчаных на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, змяшчаецца імя, нумар тэлефона і факса, электронны адрас кантактнай асобы.

Даступнасць дакументаў і інфармацыі аб публікацыях

Спіс публікацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь даступны на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт.