ССРД. Метаданыя

у фармаце pdf
Краіна Рэспубліка Беларусь
Катэгорыя даных Плацежны баланс

Асоба, адказная за кантакты Лішык Наталля Анатольеўна
Пасада: Начальнік упраўлення
Назва структурнага падраздзялення Упраўленне плацежнага балансу
Арганізацыя Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Адрас: пр. Незалежнасці, 20
Горад: Мінск
Краіна: Рэспубліка Беларусь
Паштовы індэкс: 220008
Тэлефон +375 17 219 24 60
Факс +375 17 327 48 79
Email: N.Lishyk@nbrb.by

Метадалогія

Канцэпцыі і вызначэнні

У адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь складанне плацежнага балансу Рэспублікі Беларусь (далей – плацежны баланс) адносіцца да функцый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны банк). Плацежны баланс распрацоўваецца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, выкладзенымі ў шостым выданні Даведніка па плацежным балансе і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (далей – ДПБ6) (МВФ, 2009), іншымі міжнароднымі метадалагічнымі стандартамі:

  • Сістэма нацыянальных рахункаў (МВФ, 2008);
  • Міжнародныя рэзервы і ліквіднасць у замежнай валюце. Форма прадстаўлення даных. Кіруючыя прынцыпы (МВФ, 2013);
  • Міжнародныя аперацыі з грашовымі пераводамі: Даведнік для складальнікаў і карыстальнікаў (МВФ, 2009).

Плацежны баланс Рэспублікі Беларусь – гэта статыстычная справаздача, якая адлюстроўвае ў сумарным выглядзе эканамічныя аперацыі паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі за справаздачны перыяд.

Да аперацый плацежнага балансу адносяцца як аперацыі, якія суправаджаюцца фактычнымі плацяжамі, так і аперацыі, якія не прадугледжваюць грашовых плацяжоў.

Эканамічная аперацыя паміж рэзідэнтам і нерэзідэнтам – гэта ўзаемадзеянне дзвюх інстытуцыянальных адзінак, якое ажыццяўляецца па ўзаемнай дамове або ў сілу дзеяння закона і суправаджаецца абменам эканамічнымі каштоўнасцямі або трансфертам. Аперацыя прадугледжвае абмен эканамічнымі каштоўнасцямі і таму складаецца з двух эканамічных патокаў, па адным у кожным напрамку. Трансферты – гэта перадача рэальных або фінансавых рэсурсаў адной адзінкай другой адзінцы без атрымання ўзамен якога-небудзь вартаснага эквіваленту.

Інстытуцыянальная адзінка з'яўляецца рэзідэнтам эканамічнай тэрыторыі той краіны, якая з'яўляецца цэнтрам яе пераважнай эканамічнай цікавасці (як правіла, інстытуцыянальная адзінка лічыцца рэзідэнтам у выпадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці на гэтай тэрыторыі тэрмінам адзін год і больш).

Аперацыі плацежнага балансу групуюцца па трох рахунках: рахунку бягучых аперацый, рахунку аперацый з капіталам і фінансавым рахунку.

Рахунак бягучых аперацый адлюстроўвае патокі тавараў, паслуг, першасных даходаў і другасных даходаў паміж рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі.

Рахунак аперацый з капіталам паказвае: а) капітальныя трансферты да атрымання і аплаты паміж рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі; б) набыццё і адчужэнне нявырабленых нефінансавых актываў паміж рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі.

Фінансавы рахунак адлюстроўвае чыстае набыццё і выбыццё фінансавых актываў і абавязацельстваў.

Фінансавы рахунак групуецца па функцыянальных катэгорыях, інстытуцыянальных сектарах, фінансавых інструментах і тэрмінах пагашэння (для даўгавых інструментаў).

Пратэрмінаваная запазычанасць улічваецца разам з тым фінансавым інструментам, па якім яна ўзнікла.

Кампаненты фінансавага рахунку па тыпе інвестыцый або функцыянальнай ролі, якая выконваецца імі, класіфікуюцца на прамыя інвестыцыі, партфельныя інвестыцыі, вытворныя фінансавыя інструменты, іншыя інвестыцыі і рэзервовыя актывы.

Велічыня сальда рахунку бягучых аперацый і рахунку аперацый з капіталам уяўляе сабой чыстае крэдытаванне або чыстае запазычанне эканомікі краіны ў дачыненні да астатняга свету і канцэптуальна роўная велічыні сальда па фінансавым рахунку.

Незбалансаванасць рахункаў плацёжнага балансу, якая ўзнікае на практыцы з прычыны недасканаласці зыходных дадзеных і метадаў складання статыстыкі, адлюстроўваецца па артыкуле ”Чыстыя памылкі і пропускі“. Чыстыя памылкі і пропускі вылічаюцца рэшткавым спосабам як розніца паміж чыстым крэдытаваннем/чыстым запазычаннем па дадзеных фінансавага рахунку і аналагічнай артыкулам, атрыманай на аснове дадзеных рахункаў бягучых аперацый і аперацый з капіталам

Для публікацыі даных плацежнага балансу выкарыстоўваюцца стандартнае і аналітычнае прадстаўленні.

Стандартнае прадстаўленне плацежнага балансу групуе знешнеэканамічныя аперацыі з таварамі, паслугамі, даходамі і фінансавымі каштоўнасцямі ў адпаведнасці са стандартнай класіфікацыяй, Сістэмы нацыянальных рахункаў і іншых сістэм макраэканамічнай статыстыкі.

Аналітычнае прадстаўленне з'яўляецца рэарганізацыяй стандартнага прадстаўлення статыстыкі плацежнага балансу, якое забяспечвае размежаванне паміж (1) рэзервовымі актывамі і звязанымі з імі артыкуламі і (2) іншымі аперацыямі. Гэтае прадстаўленне паказвае, як рэзервовыя актывы разам са звязанымі з імі артыкуламі, прадстаўленымі крэдытамі і пазыкамі МВФ і выключным фінансаваннем (у форме назапашвання пратэрмінаванай запазычанасці, прабачэння доўгу, трансфертаў паміж органамі дзяржаўнага кіравання і рэструктурызацыі доўгу), выкарыстоўваюцца для фінансавання іншых міжнародных аперацый.

З мэтай задавальнення інтарэсаў карыстальнікаў у шэрагу выпадкаў прымяняюцца дадатковыя класіфікацыі даных.

Ахоп

Ахоп даных

Ахоп аперацый: Статыстыка плацежнага балансу ўключае аперацыі паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі.

Геаграфічны ахоп: Да эканамічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адносіцца геаграфічная тэрыторыя краіны, якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Урада Рэспублікі Беларусь і ў межах якой могуць свабодна перамяшчацца рабочая сіла, тавары і капітал. Эканамічная тэрыторыя краіны ўключае наземную і паветраную прастору, тэрытарыяльныя анклавы ў іншых краінах (выразна адзначаныя зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў іншых краінах і належаць або арандуюцца Урадам Рэспублікі Беларусь з дыпламатычнымі, ваеннымі, навуковымі або іншымі мэтамі, свабодныя зоны і мытныя склады і прадпрыемствы, эксплуатацыя якіх ажыццяўляецца пад кантролем мытных органаў). Эканамічная тэрыторыя Рэспублікі Беларусь не ўключае анклавы замежных урадаў і міжнародных арганізацый, якія размешчаны ў межах геаграфічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Няўлічаная дзейнасць: Нацыянальны банк ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі распрацаваў і выкарыстоўвае сістэму ацэнак для вызначэння аб'ёмаў знешняга гандлю таварамі, няўлічаных афіцыйнай статыстыкай, а таксама аб'ёму шэрагу аперацый, якія ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі, такіх як паездкі, аплата працы рэзідэнтаў, якія працуюць за мяжой, і нерэзідэнтаў – у Рэспубліцы Беларусь. Акрамя таго, Нацыянальны банк робіць ацэнку змянення аб'ёму наяўнай замежнай валюты ў сектары нефінансавых арганізацый, хатніх гаспадарак і некамерцыйных арганізацый, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Класіфікацыя/дзяленне па сектарах

Класіфікацыя, якая выкарыстоўваецца, і метады ацэнкі адпавядаюць рэкамендацыям ДПБ6.

Вылучаюцца наступныя інстытуцыянальныя сектары:

  • цэнтральны банк – уключае аперацыі афіцыйных органаў, якія ажыццяўляюць кантроль над ключавымі аспектамі фінансавай сістэмы, уключаючы эмісію грошай, кіраванне міжнароднымі рэзервамі і рэгуляванне дзейнасці дэпазітных карпарацый. У Рэспубліцы Беларусь да іх адносіцца Нацыянальны банк;
  • сектар дзяржаўнага кіравання ўключае рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Рэспублікі Беларусь, фонды, інстытуты, нярынкавыя некамерцыйныя арганізацыі, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, і іншыя падкантрольныя дзяржаве арганізацыі, якія займаюцца нярынкавымі відамі дзейнасці. Дыпламатычныя і іншыя афіцыйныя прадстаўніцтвы Урада Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, таксама адносяцца да сектара дзяржаўнага кіравання сваёй краіны;
  • дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем цэнтральнага банка, уключаюць арганізацыі, якія займаюцца фінансавым пасрэдніцтвам, звязаныя з прыцягненнем сродкаў ва ўклады (дэпазіты), як асноўным відам дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь да гэтага сектара адносяцца банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі (далей – НКФА);
  • іншыя сектары ўключаюць (1) іншыя фінансавыя арганізацыі, а таксама (2) нефінансавыя арганізацыі, хатнія гаспадаркі і некамерцыйныя арганізацыі, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі, не ўлічаныя ў складзе вышэйзгаданых сектараў.

Аснова ўліку

Вартасная ацэнка

Пры ацэнцы аперацый плацежнага балансу выкарыстоўваюцца рынкавыя цэны. Экспарт і імпарт тавараў прыводзяцца ў цэнах ФОБ.

Даныя плацежнага балансу фарміруюцца ў доларах ЗША і беларускіх рублях. Пералік аперацый, якія ажыццяўляюцца ў іншых валютах, у долары ЗША робіцца з выкарыстаннем крос-курсаў долара ЗША да іншых замежных валют на аснове афіцыйнага курса беларускага рубля ў адносінах да адпаведных замежных валют, устаноўленага Нацыянальным банкам на справаздачную дату. У выпадку адсутнасці інфармацыі аб датах аперацый прымяняецца штомесячны і штоквартальны сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь.

Аснова ўліку

Плацежны баланс пабудаваны на аснове прынцыпу ”двайнога запісу“, пры якім кожная аперацыя адлюстроўваецца двойчы − па крэдыце аднаго артыкула і дэбеце другога. Сума ўсіх крэдытавых праводак павінна супадаць з сумай дэбетавых, а іх агульнае сальда павінна раўняцца нулю. Аднак на практыцы такі баланс не дасягаецца. Гэта адбываецца таму, што даныя, якія характарызуюць розныя бакі адной і той жа аперацыі, складальнікі плацежнага балансу атрымліваюць з розных крыніц інфармацыі.

Час рэгістрацыі аперацый вызначаецца на аснове прынцыпу налічэння. Рэгістрацыя аперацый ажыццяўляецца ў той момант, калі эканамічны кошт ствараецца, пераўтвараецца, абменьваецца, перадаецца або ліквідуецца. Узнікненне фінансавых патрабаванняў і абавязацельстваў звязана з пераходам права ўласнасці на якія-небудзь рэсурсы ад аднаго ўдзельніка знешнеэканамічнай аперацыі да другога. Такі пераход можа быць аформлены юрыдычна, а можа меркаваць фактычную перадачу рэсурсаў або ўстанаўленне кантролю над гэтымі рэсурсамі другім бокам. Калі пераход права ўласнасці не відавочны, лічыцца, што ён адбываецца ў той момант, калі абодва ўдзельніка аперацыі робяць адпаведныя запісы ў сваіх бухгалтарскіх кнігах або рахунках.

У адпаведнасці з прынцыпам налічэння аперацыі адначасова ўлічваюцца бакамі, а налічаныя на дэпазіты, крэдыты і каштоўныя паперы працэнты ўключаюцца ў наяўную суму фінансавых актываў або пасіваў, а не разглядаюцца ў якасці складнікаў іншай дэбіторскай/крэдыторскай запазычанасці.

Пратэрмінаваная запазычанасць улічваецца разам з тым фінансавым інструментам, па якім яна ўзнікла.

Працэдуры вылічэння валавых/чыстых паказчыкаў

Улік па рахунку бягучых аперацый і па рахунку з капіталам вядзецца на валавой аснове.

Па крэдыце рахунку бягучых аперацый і аперацый з капіталам адлюстроўваюцца экспарт тавараў і паслуг, першасныя і другасныя даходы да атрымання, капітальныя трансферты да атрымання, а таксама выбыццё нявырабленых нефінансавых актываў.

Па дэбеце рахунку бягучых аперацый і аперацый з капіталам адлюстроўваюцца імпарт тавараў і паслуг, першасныя і другасныя даходы да выплаты, капітальныя трансферты да выплаты, а таксама набыццё нявырабленых нефінансавых актываў.

Улік актываў і абавязацельстваў фінансавага рахунку вядзецца на чыстай аснове паасобна па кожным фінансавым актыве або абавязацельстве без указання крэдытавых і дэбетавых праводак. Пры адлюстраванні аперацый з фінансавымі актывамі і абавязацельствамі выкарыстоўваюцца тэрміны ”чыстае набыццё фінансавых актываў“ і ”чыстае прыняцце абавязацельстваў“.

Чыстае набыццё актываў роўна павелічэнню актываў за вылікам іх памяншэння. Чыстае прыняцце абавязацельстваў роўна павелічэнню абавязацельстваў за вылікам іх памяншэння.

Змяненне са знакам ”плюс“ указвае на павелічэнне актываў або абавязацельстваў, а змяненне са знакам ”мінус“ – на іх памяншэнне.

Дакладнасць і пэўнасць

Зыходныя даныя

Збор зыходных даных

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі, якія выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы плацежнага балансу, з'яўляюцца:

  • даныя справаздачнасці аб знешнеэканамічнай дзейнасці, якая прадстаўляецца ў Нацыянальны банк дэпазітнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь як аб знешнеэканамічных аперацыях сваіх кліентаў – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, так і аб сваіх уласных знешнеэканамічных аперацыях; арганізацыямі – рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь;
  • даныя справаздачнасці арганізацый – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь аб знешнеэканамічных аперацыях, якая прадстаўляецца ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (далей – Белстат): інфармацыя аб знешнім гандлі таварамі і паслугамі, аб прыцягненні замежных інвестыцый у эканоміку краіны і прадастаўленні беларускіх інвестыцый за мяжу, што ажыццяўляюцца іншымі фінансавымі і нефінансавымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь;
  • іншыя афіцыйныя крыніцы інфармацыі Рэспублікі Беларусь: Белстат, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства фінансаў), Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы;
  • інфармацыя краін-партнёраў, у тым ліку штоквартальная інфармацыя Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі, якая прадстаўляецца ў адпаведнасці з узгодненым рэгламентам абмену інфармацыяй паміж Цэнтральным банкам Расійскай Федэрацыі і Нацыянальным банкам;
  • ацэначныя методыкі Нацыянальнага банка;
  • даныя міжнародных арганізацый;
  • сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсы.

Вызначэнні, ахоп, класіфікацыі, ацэнка і час уліку зыходных даных

Тавары

Па артыкулах экспарту і імпарту тавараў па метадалогіі плацежнага балансу адлюстроўваецца кошт тавараў, права ўласнасці на якія на працягу справаздачнага перыяду перайшло ад рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь да нерэзідэнтаў (экспарт) і ад нерэзідэнтаў да рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь (імпарт). У склад артыкула ”Тавары“ ўключаюцца ў тым ліку рээкспарт і неманетарнае золата.

Да экспарту або імпарту тавараў не адносяцца: тавары, якія ўлічваюцца ў складзе паслуг па артыкулах ”Паездкі“, ”Будаўніцтва“ і ”Дзяржаўныя тавары і паслугі, не аднесеныя да іншых катэгорый“; вяртанне тавараў; тавары, накіраваныя на перапрацоўку, і тавары, вернутыя пасля перапрацоўкі.

Паказчыкі аб экспарце і імпарце тавараў распрацоўваюцца на аснове даных Белстата аб знешнім гандлі таварамі і затым карэктуюцца ў адпаведнасці з метадалогіяй плацежнага балансу (ДПБ6).

Паслугі

У плацежным балансе ўлічваюцца паслугі, прадастаўленыя рэзідэнтамі нерэзідэнтам (экспарт паслуг) і аказаныя нерэзідэнтамі рэзідэнтам (імпарт паслуг).

Класіфікацыя паслуг у асноўным робіцца па відзе паслуг, а не інстытуцыйнай адзінкі, якая яе прадастаўляе (у выпадку паездак, будаўніцтва, дзяржаўных тавараў і паслуг, не аднесеных да іншых катэгорый, класіфікацыя заснавана на тым, хто з'яўляецца бокам аперацыі). Вылучаюцца паслугі па апрацоўцы матэрыяльных рэсурсаў, якія належаць іншым бакам; паслугі па рамонце і тэхнічным абслугоўванні, не аднесеныя да іншых катэгорый; транспарт (уключаючы паштовыя паслугі і паслугі кур’ерскай сувязі); паездкі; будаўніцтва; паслугі ў галіне страхавання і пенсійнага забеспячэння; фінансавыя паслугі; плата за карыстанне інтэлектуальнай уласнасцю, не аднесеная да іншых катэгорый; тэлекамунікацыйныя, камп’ютарныя і інфармацыйныя паслугі; іншыя дзелавыя паслугі; паслугі прыватным асобам і паслугі ў сферы культуры і адпачынку; дзяржаўныя тавары і паслугі, не аднесеныя да іншых катэгорый.

Паслугі па апрацоўцы матэрыяльных рэсурсаў, якія належаць іншым бакам, уключаюць апрацоўку, зборку, маркіроўку, упакоўку, што вырабляецца прадпрыемствамі, якім не належаць адпаведныя тавары. Для разліку выкарыстоўваюцца даныя справаздачнасці аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя краін-партнёраў.

Паслугі па рамонце і тэхнічным абслугоўванні, не аднесеныя да іншых катэгорый, ахопліваюць работы па рамонце і тэхнічным абслугоўванні, якія праводзяцца рэзідэнтамі ў дачыненні да тавараў, што належаць нерэзідэнтам (і наадварот). Выкарыстоўваюцца даныя Белстата аб знешнім гандлі паслугамі Рэспублікі Беларусь, даныя краін-партнёраў.

Транспарт уяўляе сабой працэс перамяшчэння людзей і аб'ектаў з аднаго месца ў іншае, а таксама звязаныя з імі спадарожныя і дапаможныя паслугі. У гэтую катэгорыю таксама ўключаюцца паштовыя паслугі і паслугі кур’ерскай сувязі. Транспарт класіфікуецца па наступных крытэрыях: (a) від транспарту (чыгуначны, аўтамабільны, паветраны, марскі, трубаправодны і перадача электраэнергіі, а таксама іншы); (б) аб’ект перавозкі (пасажыры або грузы).

Для фарміравання даных аб знешнім гандлі паслугамі транспарту выкарыстоўваюцца даныя абследаванняў юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюцца Белстатам, даныя краін-партнёраў. Па імпарце грузавых паслуг праводзіцца карэкціроўка ў адпаведнасці з методыкай карэкціроўкі імпарту тавараў з цэнаў СІФ у цэны ФОБ.

Па крэдыце артыкула паездкі адлюстроўваюцца тавары і паслугі, якія былі набыты ў Рэспубліцы Беларусь нерэзідэнтамі падчас яе наведвання для асабістых патрэб або для бязвыплатнай перадачы іншым асобам. Па дэбеце артыкула паездкі адлюстроўваюцца тавары і паслугі, набытыя ў іншых краінах рэзідэнтамі падчас наведвання гэтых краін для асабістых патрэб або для бязвыплатнай перадачы іншым асобам. Класіфікацыя паездак прадугледжвае разбіўку на дзелавыя і асабістыя паездкі.

Даныя па паездках фарміруюцца на аснове даных Белстата аб турызме, аб знешнім гандлі паслугамі Рэспублікі Беларусь; даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь аб колькасці замежных грамадзян, якія наведалі Рэспубліку Беларусь, і грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія выехалі за мяжу; даных Міністэрства фінансаў аб нормах аплаты камандзіровачных расходаў пры службовых камандзіроўках за мяжу; экспертнай ацэнкі Нацыянальнага банка аб працягласці знаходжання, нормах расходаў на харчаванне і дадатковых расходаў; даных краін-партнёраў.

Будаўніцтва ўключае стварэнне, мадэрнізацыю, рамонт або пашырэнне асноўных фондаў у форме будынкаў, добраўпарадкаванне зямлі інжынернага характару і ўзвядзенне іншых інжынерных збудаванняў, такіх як дарогі, масты, дамбы і г. д. У гэты артыкул таксама ўключаюцца сумежныя работы па мантажы і зборцы, падрыхтоўка ўчастка і агульнае будаўніцтва, а таксама спецыялізаваныя паслугі, такія як афарбоўка, водаправодна-каналізацыйныя і дахавыя работы і знос. Будаўніцтва падзяляецца на будаўніцтва за межамі Рэспублікі Беларусь і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Даныя фарміруюцца на аснове даных Белстата аб знешнім гандлі паслугамі Рэспублікі Беларусь, даных краін-партнёраў.

Паслугі ў галіне страхавання і пенсійнага забеспячэння ўключаюць паслугі па страхаванні жыцця і ануітэты, страхаванне, акрамя страхавання жыцця, перастрахаванне, страхаванне грузаў, пенсіі, стандартныя гарантыі і паслугі, якія з'яўляюцца дапаможнымі ў дачыненні да страхавання, пенсійных праграм і праграм стандартных гарантый. Разлічваюцца на аснове даных справаздачнасці аб міжнародных плацяжах (ITRS), узгодненых паказчыкаў краін-партнёраў. Па імпарце страхавых паслуг праводзіцца карэкціроўка ў адпаведнасці з методыкай карэкціроўкі імпарту тавараў з цэнаў СІФ у цэны ФОБ.

Фінансавыя паслугі ўключаюць фінансавыя пасрэдніцкія і дапаможныя паслугі, акрамя паслуг страхавання і пенсійных фондаў. У гэтую катэгорыю ўключаюцца паслугі, якія звычайна прадастаўляюцца банкамі і іншымі фінансавымі арганізацыямі. Фарміруюцца на падставе даных Белстата аб экспарце і імпарце паслуг, даных аб паслугах фінансавага пасрэдніцтва, што вымяраюцца ўскосным чынам (разлік Нацыянальнага банка), даных краін-партнёраў.

Плата за карыстанне інтэлектуальнай уласнасцю, не аднесеная да іншых катэгорый, уключае: плату за карыстанне правамі ўласніка; плату за ліцэнзіі на ўзнаўленне і распаўсюджванне інтэлектуальнай уласнасці, увасобленай у арыгіналах або прататыпах, і звязаныя з імі правы. Фарміруюцца на аснове даных Белстата аб знешнім гандлі паслугамі Рэспублікі Беларусь, даных краін-партнёраў.

Тэлекамунікацыйныя, камп’ютарныя і інфармацыйныя паслугі фарміруюцца на аснове даных Белстата аб знешнім гандлі паслугамі Рэспублікі Беларусь, даных краін-партнёраў.

Іншыя дзелавыя паслугі ўключаюць паслугі ў галіне навуковых даследаванняў і распрацовак, прафесійныя паслугі і кансультацыйныя паслугі ў галіне кіравання, тэхнічныя, звязаныя з гандлем і іншыя дзелавыя паслугі. Фарміруюцца на аснове даных Белстата аб знешнім гандлі паслугамі Рэспублікі Беларусь, даных краін-партнёраў.

Паслугі прыватным асобам і паслугі ў сферы культуры і адпачынку ўключаюць: аўдыёвізуальныя і звязаныя з імі паслугі; іншыя паслугі прыватным асобам і паслугі ў сферы культуры і адпачынку. Фарміруюцца на аснове даных Белстата аб знешнім гандлі паслугамі Рэспублікі Беларусь, даных краін-партнёраў.

Дзяржаўныя тавары і паслугі, не аднесеныя да іншых катэгорый, уключаюць тавары і паслугі, якія пастаўляюцца і атрымліваюцца анклавамі, такімі як пасольствы, ваенныя базы і міжнародныя арганізацыі; тавары і паслугі, якія набываюцца ў краіне знаходжання дыпламатамі, консульскімі работнікамі і ваенным персаналам, размешчанымі за мяжой, і іх утрыманцамі; паслугі, якія прадстаўляюцца і атрымліваюцца органамі дзяржаўнага кіравання і не ўключаюцца ў іншыя катэгорыі паслуг. Фарміруюцца на аснове даных Белстата аб знешнім гандлі паслугамі Рэспублікі Беларусь, даных краін-партнёраў.

Першасныя даходы

Першасныя даходы ўяўляюць сабой прыбытак інстытуцыянальных адзінак за іх уклад у вытворчы працэс або за прадастаўленне фінансавых актываў і перадачу ў арэнду прыродных рэсурсаў іншым інстытуцыянальным адзінкам. Уключаюць аплату працы работнікаў, даходы ад інвестыцый і іншыя першасныя даходы.

Аплата працы работнікаў уяўляе сабой узнагароду за ўклад працы ў вытворчы працэс, выраблены фізічнай асобай, якая знаходзіцца з прадпрыемствам у адносінах работадаўца-работнік. Даныя фарміруюцца на аснове ацэначнай методыкі Нацыянальнага банка з прымяненнем разліковых паказчыкаў па заработнай плаце і колькасці працоўных-мігрантаў – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, якія працуюць за мяжой, і нерэзідэнтаў, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь; узгодненых разліковых паказчыкаў краін-партнёраў.

Інвестыцыйны даход – прыбытак ад прадастаўлення фінансавых актываў. Гэтая катэгорыя адлюстроўвае даходы ад прамых, партфельных і іншых інвестыцый. Інвестыцыйныя даходы ўключаюць дывідэнды, рэінвеставаныя даходы, працэнты і інвестыцыйны даход, які адносіцца на рахунак трымальнікаў страхавых і пенсійных полісаў і стандартных гарантый. Улік інвестыцыйных даходаў (працэнтаў) ажыццяўляецца па прынцыпе налічэння.

Дывідэнды ўяўляюць сабой даходы, якія размяркоўваюцца і пералічваюцца ўладальнікам долей капіталу за прадастаўленне сродкаў у распараджэнне арганізацыі.

Рэінвеставаныя даходы ўяўляюць сабой долю прамога інвестара, прапарцыянальную долі ў капітале, што належыць яму, у даходах замежных даччыных і асацыіраваных прадпрыемстваў, якія яны не размяркоўваюць як дывідэнды. Рэінвеставанне даходаў у некаторых выпадках можа складаць адмоўную велічыню, напрыклад, у выпадку страт прадпрыемства прамога інвеставання або калі дывідэнды, якія падлягаюць выплаце, у разгляданы перыяд перавышаюць чыстыя даходы за гэты перыяд. Аналагічна станоўчым рэінвеставаным даходам, якія разглядаюцца як уліванне капіталу ў арганізацыю прамога інвеставання з боку прамога інвестара, адмоўныя рэінвеставаныя даходы лічацца выняццем сродкаў з капіталу.

Узнагароджанне (працэнты) уяўляе сабой форму інвестыцыйнага даходу, які падлягае атрыманню ўладальнікамі пэўных відаў фінансавых актываў, прадстаўленых дэпазітамі, даўгавымі каштоўнымі паперамі, крэдытамі і пазыкамі і іншай дэбіторскай або крэдыторскай запазычанасцю, за прадастаўленне іх у распараджэнне іншай інстытуцыянальнай адзінкі. Працэнты адлюстроўваюцца па прынцыпе налічэння, гэта значыць яны адлюстроўваюцца як працэнты, якія бесперапынна налічваюцца з цягам часу крэдытору на непагашаную суму.

Інвестыцыйны даход, які адносіцца на рахунак трымальнікаў страхавых і пенсійных полісаў і стандартных гарантый, уяўляе сабой прыбытак трымальнікаў полісаў на іх патрабаванні ў рамках праграм страхавання і стандартных гарантый у форме тэхнічных рэзерваў і даходаў да выплаты па правах на атрыманне пенсій.

Даход ад прамых інвестыцый: для сектара дэпазітных арганізацый выкарыстоўваецца справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS); для іншых сектараў – даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу. Пры вызначэнні аб'ёмаў рэінвеставаных даходаў выкарыстоўваюцца даныя Белстата, гадавая справаздача банкаў аб прыбытках і стратах, інфармацыя Нацыянальнага банка аб долі ўдзелу замежнага інвестара ў капітале банка. У асобных выпадках выкарыстоўваюцца звесткі са сродкаў масавай інфармацыі, даныя краін-партнёраў.

Даходы ад партфельных інвестыцый: выкарыстоўваюцца даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу, справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя Нацыянальнага банка, звесткі Міністэрства фінансаў аб даходах па дзяржаўных каштоўных паперах, справаздачнасць іншых фінансавых арганізацый.

Даходы ад іншых інвестыцый: крыніцы даных прымяняюцца ў залежнасці ад інстытуцыянальнага сектара. Даходы цэнтральнага банка фарміруюцца на аснове справаздачнасці Нацыянальнага банка. Даходы сектара дзяржаўнага кіравання разлічваюцца на аснове справаздачнасці Міністэрства фінансаў па знешнім дзяржаўным доўгу, а таксама справаздачнасці аб міжнародных плацяжах (ITRS). Для сектара дэпазітных арганізацый, за выключэннем цэнтральнага банка, выкарыстоўваюцца даныя кансалідаванага бухгалтарскага балансу аб астатках запазычанасці па адпаведных фінансавых інструментах (крэдытах і пазыках, дэпазітах, рахунках, іншай дэбіторскай/крэдыторскай запазычанасці) і інфармацыя аб сярэдніх працэнтных стаўках па банкаўскіх крэдытах і пазыках, рахунках і дэпазітах. Для іншых сектараў выкарыстоўваюцца даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу, а таксама справаздачнасць іншых фінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь.

Даходы ад рэзервовых актываў: выкарыстоўваецца справаздачнасць Нацыянальнага банка.

Іншыя першасныя даходы ахопліваюць падаткі на вытворчасць і імпарт, субсідыі і рэнту.

Рэнта: улічваюцца даходы, атрыманыя рэзідэнтамі ад прадастаўлення ім у карыстанне зямлі і прыродных рэсурсаў нерэзідэнтамі, і наадварот. Прыклады рэнты ўключаюць сумы да аплаты за карыстанне зямлёй, здабычу мінеральных рэсурсаў і іншых падземных актываў, а таксама за права лоўлі рыбы, выкарыстання лесу і паш, плацяжы або паступленні ў форме рэнты за зямлю без будынкаў (напрыклад, за ваенныя базы).

Для фарміравання даных выкарыстоўваюцца даныя Белстата аб знешнім гандлі паслугамі і даныя краін-партнёраў.

Другасныя даходы

Другасныя даходы адлюстроўваюць бягучыя трансферты паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі. Бягучыя трансферты ўяўляюць сабой кампенсуючыя праводкі аперацый, якія адпавядаюць прадастаўленню тавару, паслугі, фінансавага актыву ці іншага нявырабленага актыву без атрымання наўзамен іншага аб'екта, які мае эканамічную вартасць. Прыкладам бягучых трансфертаў з'яўляюцца гранты, гуманітарная і тэхнічная дапамога.

Асноўным кампанентам другасных даходаў з'яўляюцца асабістыя трансферты, што ўключаюць бягучыя трансферты ў грашовай і натуральнай форме, якія атрымліваюцца хатнімі гаспадаркамі-рэзідэнтамі ад хатніх гаспадарак-нерэзідэнтаў або вырабляюцца хатнімі гаспадаркамі-рэзідэнтамі на карысць хатніх гаспадарак-нерэзідэнтаў. Да бягучых трансфертаў таксама адносяцца падаткі на даходы і маёмасць, адлічэнні на сацыяльныя патрэбы, сацыяльныя дапамогі, чыстыя страхавыя прэміі і страхавыя кампенсацыі (акрамя страхавання жыцця), трансферты ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва, іншыя бягучыя трансферты.

Сектар дзяржаўнага кіравання: выкарыстоўваецца справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя Белстата аб знешнім гандлі таварамі Рэспублікі Беларусь, даныя аб падаходных падатках, падатках на даходы з дывідэндаў ад прамых і партфельных інвестыцый, даныя краін-партнёраў.

Іншыя сектары: выкарыстоўваецца справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя аб падаходных падатках, падатках на даходы з дывідэндаў, даныя краін-партнёраў.

Рахунак аперацый з капіталам

Уключае капітальныя трансферты да атрымання і да выплаты паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі; набыццё і адчужэнне нявырабленых нефінансавых актываў паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі.

Капітальныя трансферты ўключаюць аперацыі, у працэсе якіх адзін з бакоў прадастаўляе рэсурсы для інвестыцыйных мэт другому боку, не атрымліваючы наўзамен эканамічных каштоўнасцей. Да капітальных трансфертаў адносяцца буйныя аперацыі, якія не маюць рэгулярнага характару: прабачэнне даўгоў, страхавыя кампенсацыі, інвестыцыйныя гранты, буйныя падарункі, спадчына і іншае.

Нявырабленыя нефінансавыя актывы ўлічваюць набыццё і выбыццё тавараў, якія не з'яўляюцца вынікам вытворчасці (зямля і яе нетры), і/або актываў нематэрыяльнага характару, такіх як патэнты, аўтарскія правы, гандлёвыя знакі, правы ў сістэме франчайзінгу і іншае.

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі для распрацоўкі рахунку аперацый з капіталам з'яўляюцца справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя Нацыянальнага банка, Міністэрства фінансаў, іншых міністэрстваў і ведамстваў, краін-партнёраў.

Фінансавы рахунак

У фінансавым рахунку адлюстроўваюцца аперацыі з фінансавымі актывамі і абавязацельствамі паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і нерэзідэнтамі.

Фінансавы рахунак дае ўяўленне аб функцыянальных катэгорыях, інстытуцыянальных сектарах, фінансавых інструментах і тэрмінах пагашэння, якія выкарыстоўваюцца ў чыстых міжнародных аперацыях фінансавання. Патокі фінансавых актываў і абавязацельстваў у рахунках знешнеэканамічнай дзейнасці адлюстроўваюцца на чыстай аснове. Змяненне знешняй запазычанасці ў выніку іншых змяненняў: 1) пераацэнкі актываў і абавязацельстваў (у выніку змяненняў валютных курсаў, іншых змяненняў цэн), а таксама 2) іншых змяненняў у аб'ёме (змяненняў у выніку анулявання і спісання, эканамічнага ўзнікнення і выбыцця актываў, змянення класіфікацыі, змянення ў фінансавых актывах, выкліканых змяненнем рэзідэнтскай прыналежнасці інстытуцыянальных адзінак) – у фінансавым рахунку не адлюстроўваецца.

Знешнія фінансавыя актывы складаюцца з патрабаванняў рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь да нерэзідэнтаў па прадастаўленых інвестыцыях, а таксама манетарнага золата ў сховішчы.

У абавязацельствах адлюстроўваюцца змяненні аб'ёмаў інвестыцый нерэзідэнтаў у эканоміку Рэспублікі Беларусь.

Агульнае сальда фінансавага рахунку называецца чыстым крэдытаваннем/чыстым запазычаннем. Чыстае крэдытаванне азначае, што ў чыстым выражэнні краіна дае сродкі астатняму свету з пункту гледжання набыцця і выбыцця фінансавых актываў і прыняцця і пагашэння абавязацельстваў (чыстае запазычанне азначае супрацьлеглае).

У фінансавым рахунку актывы і абавязацельствы класіфікуюцца па функцыянальнай прыкмеце па наступных асноўных кампанентах: прамыя інвестыцыі, партфельныя інвестыцыі, вытворныя фінансавыя інструменты, іншыя інвестыцыі і рэзервовыя актывы.

Прамыя інвестыцыі

Прамыя інвестыцыі – гэта катэгорыя трансгранічных інвестыцый, пры якой рэзідэнт адной краіны ажыццяўляе кантроль або мае значную ступень уплыву на кіраванне прадпрыемствам, што з'яўляецца рэзідэнтам іншай краіны (валодае інструментамі ўдзелу ў капітале, якія забяспечваюць яму 10 або больш працэнтаў галасоў у кіраванні прадпрыемствам прамога інвеставання).

Аперацыі з прамымі інвестыцыямі па тыпе фінансавага інструмента падпадзяляюцца на інструменты ўдзелу ў капітале і долі ў інвестыцыйных фондах (у тым ліку рэінвеставанне даходаў) і даўгавыя інструменты.

Пры ўліку прамых інвестыцый выкарыстоўваюцца даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу, даныя справаздачнасці аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя справаздачнасці іншых фінансавых арганізацый, адміністрацыйныя даныя, даныя краін-партнёраў, даныя міжнародных арганізацый.

Партфельныя інвестыцыі

Партфельныя інвестыцыі ўключаюць трансгранічныя аперацыі, звязаныя з даўгавымі каштоўнымі паперамі або каштоўнымі паперамі, якія забяспечваюць удзел у капітале, акрамя тых, якія ўключаюцца ў прамыя інвестыцыі або рэзервовыя актывы.

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі для партфельных інвестыцый з'яўляюцца справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), справаздачнасць дэпазітных арганізацый, іншых фінансавых арганізацый, даныя Міністэрства фінансаў, даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу, даныя краін-партнёраў, даныя міжнародных арганізацый.

Вытворныя фінансавыя інструменты

Вытворныя фінансавыя інструменты ўяўляюць сабой фінансавыя інструменты, якія прывязаны да іншага канкрэтнага (базавага) інструмента і з дапамогай якіх на фінансавых рынках можа ажыццяўляцца гандаль канкрэтнымі фінансавымі рызыкамі (такімі як працэнтная і валютная рызыка, рызыка, звязаная з ваганнямі цэн на акцыі і тавары, крэдытная рызыка і да т. п.) незалежна ад базавага інструмента. Вытворныя фінансавыя інструменты падпадзяляюцца на форвардныя кантракты і апцыёны.

Даныя фарміруюцца на аснове аглядаў Нацыянальнага банка і іншых дэпазітных арганізацый.

Іншыя інвестыцыі

У гэтым артыкуле адлюстроўваецца рэшткавая катэгорыя інвестыцый, якая ўключае аперацыі, не аднесеныя да прамых і партфельных інвестыцый, вытворных фінансавых інструментаў і рэзервовых актываў.

Артыкул класіфікуецца па наступных тыпах фінансавых інструментаў: іншыя інструменты ўдзелу ў капітале; наяўная валюта і дэпазіты; крэдыты і пазыкі; страхавыя тэхнічныя рэзервы, не звязаныя са страхаваннем жыцця, правы на выплаты па страхаванні жыцця і ануітэтах, правы на пенсійныя выплаты і рэзервы на пакрыццё патрабаванняў па стандартных гарантыях; гандлёвыя крэдыты і авансы; іншая дэбіторская/крэдыторская запазычанасць; спецыяльныя правы запазычання.

Іншыя інструменты ўдзелу ў капітале адносяцца да іншых інвестыцый у тых выпадках, калі яны не з'яўляюцца прамымі інвестыцыямі або рэзервовымі актывамі. Іншыя інструменты ўдзелу ў капітале не маюць формы каштоўных папер, таму яны не ўключаюцца ў партфельныя інвестыцыі. Членства ў шэрагу міжнародных арганізацый не прымае форму каштоўных папер і таму класіфікуецца як іншыя інструменты ўдзелу ў капітале.

Наяўная валюта складаецца з банкнотаў і манет, якія маюць фіксаваны намінальны кошт і выпускаюцца або іх выпуск санкцыянуецца цэнтральным банкам або ўрадамі.

Дэпазіты ўключаюць усе патрабаванні, якія адносяцца да цэнтральнага банка, дэпазітных арганізацый, за выключэннем цэнтральнага банка, і ў некаторых выпадках да іншых інстытуцыянальных адзінак і пацверджаны пасведчаннем аб укладзе.

Даныя аб наяўнай валюце і дэпазітах Нацыянальнага банка, банкаў і НКФА Рэспублікі Беларусь фарміруюцца на аснове бухгалтарскіх балансаў, даных нефінансавых арганізацый аб руху сродкаў на рахунках за мяжой, справаздачнасці іншых фінансавых арганізацый. Акрамя таго, Нацыянальны банк робіць ацэнку змянення аб'ёму наяўнай замежнай валюты ў сектары нефінансавых арганізацый, хатніх гаспадарак і некамерцыйных арганізацый, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Крэдыты і пазыкі ўяўляюць сабой фінансавыя актывы, якія ствараюцца, калі крэдытор дае сродкі наўпрост пазычальніку і ў якасці пасведчання атрымлівае дакументы, якія не з'яўляюцца абарачальнымі. Гэтая катэгорыя ахоплівае ўсе крэдыты і пазыкі, у тым ліку тыя, якія прадастаўляюцца праз механізмы авердрафту, акрамя дэбіторскай/крэдыторскай запазычанасці, якая разглядаецца як асобная катэгорыя фінансавых актываў.

У якасці крыніцы даных па крэдытах і пазыках цэнтральнага банка выкарыстоўваецца справаздачнасць Нацыянальнага банка аб замежных актывах і пасівах; для сектара дзяржаўнага кіравання – справаздачнасць Міністэрства фінансаў аб знешнім дзяржаўным доўгу; для сектара дэпазітных арганізацый, за выключэннем цэнтральнага банка, – кансалідаваны баланс банкаў і НКФА; для іншых сектараў – даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу, справаздачнасць іншых фінансавых арганізацый, даныя краін-партнёраў.

Страхавыя і пенсійныя праграмы і праграмы стандартных гарантый ахопліваюць страхавыя тэхнічныя рэзервы (акрамя страхавання жыцця); правы на выплаты па страхаванні жыцця і ануітэтам; правы на атрыманне пенсіі, патрабаванні пенсійных фондаў да спонсараў, правы на выплаты з не пенсійных фондаў; рэзервы на пакрыццё патрабаванняў па стандартных гарантыях.

Страхавыя тэхнічныя рэзервы (акрамя страхавання жыцця) уключаюць рэзервы незаробленых страхавых прэмій, якія ўяўляюць сабой папярэднюю аплату прэмій; рэзервы на пакрыццё непагашаных страхавых патрабаванняў, якія ўяўляюць сабой сумы, вызначаныя страхавымі арганізацыямі для пакрыцця чаканых імі выплат, што вынікаюць з ужо насталых падзей, патрабаванні па якіх яшчэ не былі ўрэгуляваны.

Для фарміравання даных па страхавых, пенсійных праграмах і праграмах стандартных гарантый выкарыстоўваюцца даныя справаздачнасці страхавых арганізацый.

Гандлёвыя крэдыты і авансы ўключаюць крэдыты, прадастаўленыя наўпрост пастаўшчыкамі тавараў і паслуг сваім кліентам, авансы за работы на стадыі незавершанай вытворчасці (або якія яшчэ трэба будзе зрабіць), авансы за работы на стадыі незавершанай вытворчасці (або якія яшчэ трэба будзе вырабіць) і перадаплату кліентаў за тавары і паслугі, якія яшчэ не прадастаўлены.

Для фарміравання даных па гандлёвых крэдытах і авансах выкарыстоўваюцца даныя Белстата на аснове абследавання нефінансавых арганізацый, даныя справаздачнасці іншых фінансавых арганізацый, даныя краін-партнёраў.

Іншая дэбіторская/крэдыторская запазычанасць уключае дэбіторскую або крэдыторскую запазычанасць, не аднесеную да гандлёвых крэдытаў і авансаў або іншых інструментаў. Яна ахоплівае абавязацельствы па падатках, куплі-продажы каштоўных папер, плаце за прадастаўленне каштоўных папер у доўг, плаце за крэдыт у золаце, абавязацельствы па заработнай плаце, дывідэндах і ўзносах/адлічэннях на сацыяльныя патрэбы, якія былі налічаны, але яшчэ не выплачаны. Катэгорыя ўключае таксама перадаплату па гэтых артыкулах.

Пры фарміраванні даных аб іншай дэбіторскай/крэдыторскай запазычанасці выкарыстоўваюцца справаздачы Нацыянальнага банка, банкаў і НКФА, іншых фінансавых арганізацый, даныя Белстата на аснове абследавання нефінансавых арганізацый, даныя Міністэрства фінансаў.

Спецыяльныя правы запазычання ўяўляюць сабой міжнародныя рэзервовыя актывы, якія ствараюцца МВФ і размяркоўваюцца паміж дзяржавамі – членамі МВФ у дадатак да існуючых рэзервовых актываў. Размеркаванне спецыяльных правоў запазычання членам МВФ адлюстроўваецца як прыняцце абавязацельстваў у раздзеле іншыя інвестыцыі. Актывы і размеркаванне спецыяльных правоў запазычання ўлічваюцца на балансе Нацыянальнага банка.

Рэзервовыя актывы – гэта знешнія актывы, якія маюцца ў вольным распараджэнні органаў грашова-крэдытнага рэгулявання і кантралююцца імі з мэтай задавальнення патрэб у фінансаванні плацежнага балансу, правядзення інтэрвенцый на валютных рынках для аказання ўздзеяння на валютны курс і іншымі адпаведнымі мэтамі (такімі як падтрыманне даверу да валюты і эканомікі, a таксама ў якасці асновы для замежнага запазычання).

Даныя аб змяненні рэзервовых актываў фарміруюцца на аснове справаздачнасці Нацыянальнага банка аб замежных актывах і абавязацельствах, інфармацыі аб каштоўных металах, рынкавым кошце золата, крэдытных рэйтынгах контрагентаў-нерэзідэнтаў, даных Міністэрства фінансаў, а таксама даных Міжнароднага валютнага фонду.

Своечасовасць зыходных даных

Графік паступлення зыходных даных дазваляе своечасова фарміраваць даныя па плацежным балансе і выконваць патрабаванні Спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных Міжнароднага валютнага фонду (далей – ССРД) у дачыненні да распаўсюджвання даных знешняга сектара.

Ацэнка зыходных даных

Складальнікі плацежнага балансу сістэматычна праводзяць ацэнку зыходных даных і, калі ўзнікае патрэба, ініцыіруюць працэс іх мадыфікацыі з мэтай удасканалення статыстычнай справаздачнасці.

Статыстычныя метады

Статыстычныя метады работы з зыходнымі данымі

Фарміраванне статыстыкі плацежнага балансу ажыццяўляецца на абагульненай статыстычнай інфармацыі і пры неабходнасці дапаўняецца ацэначнымі данымі Нацыянальнага банка.

Тавары: Нацыянальны банк ажыццяўляе карэкціроўкі даных Белстата аб знешнім гандлі таварамі ў адпаведнасці з метадалогіяй плацежнага балансу.

З аб'ёмаў экспарту і імпарту тавараў Белстата выключаюцца аперацыі, якія не адносяцца да экспарту і імпарту тавараў па метадалогіі плацежнага балансу: вяртанне тавараў, тавары, накіраваныя на перапрацоўку, тавары, вернутыя пасля перапрацоўкі.

Аб’ёмы экспарту і імпарту тавараў карэктуюцца на аб'ёмы тавараў, якія набываюцца транспартнымі арганізацыямі ў партах.

Імпарт тавараў у цэнах СІФ (з улікам кошту паслуг па транспарціроўцы і страхаванні) па даных Белстата пералічваецца ў цэны ФОБ (без уліку кошту паслуг па транспарціроўцы і страхаванні).

Вартасная ацэнка імпарту тавараў карэктуецца да рынкавага кошту.

Для фарміравання паказчыкаў транспартных грузавых паслуг нараўне з данымі Белстата Нацыянальны банк выкарыстоўвае ацэнку прадастаўленых нерэзідэнтамі паслуг па транспарціроўцы тавараў да беларускай мяжы з краін, якія не маюць агульнай мяжы з Рэспублікай Беларусь. Гэтыя разлікі грунтуюцца на інфармацыі аб розніцы цэн СІФ і ФОБ на імпартуемыя тавары і вызначаныя экспертным шляхам долі транспартных кампаній-нерэзідэнтаў у перавозках.

Разлік страхавых паслуг заснаваны на даных справаздачнасці аб міжнародных плацяжах (ITRS), аб заробленых страхавых прэміях і ажыццёўленых страхавых выплатах і сярэдняга за шэраг гадоў значэння каэфіцыента платы за паслугі, які вызначаецца на падставе гэтай інфармацыі. Па імпарце страхавых паслуг праводзіцца карэкціроўка ў адпаведнасці з методыкай карэкціроўкі імпарту тавараў з цэн СІФ у цэны ФОБ.

Для вызначэння экспарту і імпарту паслуг, звязаных з паездкамі, прымяняецца мадэль, заснаваная на колькасці тых, хто ўязджае/выязджае (у разбіўцы па мэтах паездак), сярэдняй працягласці іх знаходжання і сярэднім узроўні выдаткаў на паездку. Разлік ажыццяўляецца з улікам даных Белстата, Міністэрства фінансаў, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Цэнтральнага банка Расіі. Атрыманыя паказчыкі па артыкуле паездкі супастаўляюцца з аналагічнымі данымі краін-партнёраў.

Бягучыя трансферты: даныя справаздачнасці аб міжнародных плацяжах (ITRS) дапаўняюцца данымі Белстата аб знешнім гандлі таварамі Рэспублікі Беларусь, аб падатках на даходы з дывідэндаў ад прамых і партфельных інвестыцый, ацэнкамі атрыманага падаходнага падатку ад нерэзідэнтаў, якія працуюць у Рэспубліцы Беларусь. Падаходны падатак рэзідэнтаў, якія працуюць за мяжой, ацэньваецца з выкарыстаннем звестак аб атрыманай імі заработнай плаце і сярэдняй стаўцы падаходнага падатку ў краіне знаходжання. Нацыянальны банк робіць параўнанне ацэначных даных з інфармацыяй краін-партнёраў.

Прамыя інвестыцыі: у аб'ём прамых інвестыцый банкаў уключаецца ацэначны паказчык рэінвеставаных даходаў, разлічаны на падставе справаздачы банкаў і НКФА аб прыбытках і стратах і інфармацыі Нацыянальнага банка аб долі замежнага інвестара ва ўдзеле ў капітале банка і НКФА. У аб'ём прамых інвестыцый сектара дзяржаўнага кіравання ўключаюцца звесткі, атрыманыя з адміністрацыйных крыніц, аб куплі-продажы акцый, паёў і долей, нерухомай маёмасці, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. У аб'ём прамых інвестыцый іншых сектараў уключаецца аб'ём інвестыцый хатніх гаспадарак, ажыццёўленых у нерухомасць за мяжой, а таксама аб'ём інвестыцый хатніх гаспадарак – нерэзідэнтаў, якія набылі нерухомасць у Рэспубліцы Беларусь.

Пры будаўніцтве краінай-нерэзідэнтам буйных аб'ектаў на тэрыторыі краіны-рэзідэнта (і наадварот) (збудаванне мастоў, плацін, электрастанцый, магістральных трубаправодаў і да т. п.) можа выкарыстоўвацца інфармацыя сродкаў масавай інфармацыі.

Нацыянальны банк робіць ацэнку змянення аб'ёму наяўнай замежнай валюты ў сектары нефінансавых арганізацый, хатніх гаспадарак і некамерцыйных арганізацый, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Іншыя статыстычныя працэдуры

Штогод распрацоўваецца зводны плацежны баланс Саюзнай дзяржавы, штоквартальна – плацежны баланс з дзяржавамі – членамі Еўразійскага эканамічнага саюза (далей – ЕАЭС) і астатнімі краінамі, з Расійскай Федэрацыяй і з Украінай.

Даныя не падвяргаюцца сезоннаму згладжванню.

Ацэнка і праверка прамежкавых і выходных статыстычных даных

Праверка прамежкавых даных

Прамежкавыя вынікі рэгулярна звяраюцца з іншымі справаздачамі, якія ёсць у распараджэнні Нацыянальнага банка. Даныя плацежнага балансу параўноўваюцца з данымі грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкай дзяржаўных фінансаў і статыстыкай нацыянальных рахункаў.

Ацэнка прамежкавых даных

Праводзіцца аналіз прамежкавых даных з пункту гледжання ўнутранай і часовай супастаўнасці.

Ацэнка разыходжанняў і іншых праблем у выходных статыстычных даных

Пры наяўнасці якіх-небудзь разыходжанняў і невытлумачальных вялікіх ваганнях даных іх прычыны даследуюцца пры прамым кантакце з пастаўшчыкамі інфармацыі.

Нацыянальны банк складае плацежны баланс Рэспублікі Беларусь з дзяржавамі – членамі ЕАЭС, двухбаковыя балансы з Расійскай Федэрацыяй і Украінай і праводзіць параўнальны аналіз люстраных даных з краінамі-партнёрамі.

Практыка пераглядаў даных

Практыка і аналіз пераглядаў даных

Даныя за справаздачны перыяд пры першым апублікаванні з'яўляюцца папярэднімі. Перагляд даных для статыстыкі плацежнага балансу вызначана рэгламентам перагляду даных і апісана ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным бюлетэні Нацыянальнага банка ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“. Пры гэтым робяцца заўвагі аб тым, што ў даныя плацежнага балансу могуць уносіцца змяненні ў будучых публікацыях. Асобным дадаткам публікуецца пералік унесеных у плацежны баланс змяненняў з указаннем па кожным артыкуле прычыны і перыяду, за які яны ўнесены (штоквартальна). Змяненні могуць уносіцца ў сувязі з удакладненнем справаздачных даных, змяненнем метадалогіі або методыкі разліку асобных паказчыкаў, з'яўленнем новых крыніц інфармацыі, перакласіфікацыяй інструментаў, змяненнем у справаздачных даных па ўзгадненні з краінамі-партнёрамі, па іншых прычынах.

Практычная прыдатнасць

Перыядычнасць і своечасовасць

Перыядычнасць

Квартальная.

Своечасовасць

На 75-ы дзень пасля справаздачнага перыяду.

Узгодненасць

Унутраная ўзгодненасць

Даныя плацежнага балансу фарміруюцца на штоквартальнай аснове. Пры гэтым цалкам выконваецца метадалогія складання даных плацежнага балансу (асноўныя паняцці, канцэпцыі, класіфікацыя, крыніцы інфармацыі) і тым самым гарантуецца супастаўнасць даных рознай перыядычнасці.

Часовая ўзгодненасць

Спецыялісты Нацыянальнага банка, якія адказваюць за фарміраванне даных, прадпрымаюць належныя меры па забеспячэнні часовай супастаўнасці даных. У выпадку змянення класіфікацыі даныя за максімальна магчымы папярэдні перыяд пераглядаюцца адпаведным чынам.

Узгодненасць паміж сектарамі і рознымі сферамі

Даныя плацежнага балансу ўзаемазвязаны з данымі статыстыкі знешняга гандлю, з сістэмай нацыянальных рахункаў, грашова-крэдытнай статыстыкай, статыстыкай дзяржаўных фінансаў, статыстыкай знешняга доўгу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыяй.

Палітыка і практыка перагляду даных

Графік перагляду даных

Штоквартальна ў апублікаваныя раней даныя пры неабходнасці ўносяцца змяненнi за кварталы, папярэднія справаздачнаму перыяду. У адпаведнасці з рэгламентам перагляд гадавых даных статыстыкі знешняга сектара ажыццяўляецца адзін раз у год і публікуецца штогод у верасні пры выпуску плацежнага балансу за першае паўгоддзе бягучага года.

Абазначэнне (ідэнтыфікацыя) папярэдніх і/або перагледжаных даных

У рамках публікацыі плацежнага балансу прыводзіцца пералік унесеных змяненняў.

Распаўсюджванне даных пасля пераглядаў

Гістарычныя рады даных па плацежным балансе даступны з 1996 года да 2011 года ў адпаведнасці з пятым выданнем Даведніка па плацежным балансе (далей – ДПБ5) і з 2000 года па цяперашні час – у адпаведнасці з ДПБ6.

Даступнасць

Даныя

Статыстычнае прадстаўленне

Плацежны баланс распаўсюджваецца ў некалькіх прадстаўленнях, якія маюць розную ступень дэталізацыі даных: асноўныя агрэгаты, стандартныя кампаненты і аналітычнае прадстаўленне. Даныя плацежнага балансу распаўсюджваюцца ў доларах ЗША.

Штогадовыя і штоквартальныя рады плацежнага балансу за 1996–2011 гады апублікаваны ў адпаведнасці з ДПБ5; пачынаючы з 2000 года – у адпаведнасці з ДПБ6.

Акрамя таго, дадаткова размяшчаюцца дэталізаваныя кампаненты плацежнага балансу: знешні гандаль таварамі па метадалогіі плацежнага балансу, інфармацыя аб папраўках да даных знешняга гандлю таварамі і паслугамі, знешні гандаль паслугамі па краінах-партнёрах, інфармацыя аб плацяжах па экспарце і імпарце тавараў і паслуг, даходах і трансфертах нефінансавых прадпрыемстваў і хатніх гаспадарак, даныя аб асабістых пераводах, прамых замежных інвестыцыях рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь за мяжу па інструментах, па краінах, рэгіёнах, кантынентах, прамых замежных інвестыцыях ва ўнутраную эканоміку Рэспублікі Беларусь па інструментах, па краінах, рэгіёнах, кантынентах.

Спосабы і фарматы распаўсюджвання даных

На папяровым носьбіце – Штоквартальны бюлетэнь

Даныя па статыстыцы плацежнага балансу публікуюцца ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным бюлетэні Нацыянальнага банка ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“.

У электронным выглядзе – Бюлетэнь або даныя ў рэжыме анлайн

На афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт размяшчаюцца:

  • штоквартальныя даныя па статыстыцы плацежнага балансу:
    на рускай мове
    https://www.nbrb.by/statistics/balpay;
    на англійскай мове
    https://www.nbrb.by/engl/statistics/balpay;
  • штоквартальны інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь Нацыянальнага банка ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“ https://www.nbrb.by/publications/balpay.
У электронным выглядзе – Іншае

Публікуюцца ў выданнях Міжнароднага валютнага фонду – зборніках ”International Financial Statistics“ (”Міжнародная фінансавая статыстыка“) і ”Balance of Payments Statistics. Yearbook“ (”Статыстыка плацежных балансаў. Штогоднік“).

Каляндар выпуску даных

Каляндар папярэдніх тэрмінаў публікацыі даных, якія распаўсюджваюцца Нацыянальным банкам у адпаведнасці з патрабаваннямі ССРД, размяшчаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт:

У Статыстычным бюлетэні распаўсюджваецца інфармацыя аб тэрмінах публікацыі даных, устаноўленых ССРД, якая змяшчае звесткі аб датах распаўсюджвання паказчыкаў у бягучым і трох наступных месяцах.

Адначасовы выпуск

Даныя па плацежным балансе ва ўстаноўленыя тэрміны размяшчаюцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт і становяцца даступнымі адначасова для ўсіх карыстальнікаў.

Распаўсюджванне па запыце

Даныя, якія не публікуюцца, і неканфідэнцыяльныя даныя могуць быць прадстаўлены па запыце.

Даступнасць даных

Распаўсюджванне дакументацыі аб канцэпцыях, ахопе, класіфікацыях, аснове ўліку, крыніцах даных і статыстычных метадах

Метадалагічныя тлумачэнні, апісанне крыніц даных у дачыненні да кожнага асобнага артыкула, а таксама метады, якія выкарыстоўваюцца пры ацэнцы асобных аперацый, размяшчаюцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, а таксама публікуюцца ў інфармацыйна-аналітычным бюлетэні ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“, што размяшчаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт. Класіфікацыі, якія выкарыстоўваюцца, метады вартаснай ацэнкі і ахоп аперацый, што ўлічваюцца, у цэлым адпавядаюць ДПБ6.

Узровень дэталізацыі даных, якія прадастаўляюцца

Узровень дэталізацыі адпавядае метадалагічным патрабаванням ДПБ6.

Дапамога карыстальнікам

Распаўсюджванне інфармацыі аб кантактах

У метаданых, размешчаных на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, і ў інфармацыйна-аналітычным бюлетэні ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“ прыводзяцца імя, нумар тэлефона і факса, электронны адрас кантактнай асобы.

Даступнасць дакументаў і інфармацыі аб публікацыях

Спіс публікацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь даступны на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.