ССРД. Метаданыя

у фармаце pdf
Краіна Рэспубліка Беларусь
Катэгорыя даных Валавы знешні доўг

Асоба, адказная за кантакты Лішык Наталля Анатольеўна
Пасада: Начальнік упраўлення
Назва структурнага падраздзялення Упраўленне плацежнага балансу
Арганізацыя Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Адрас: пр. Незалежнасці, 20
Горад: Мінск
Краіна: Рэспубліка Беларусь
Паштовы індэкс: 220008
Тэлефон +375 17 219 24 60
Факс +375 17 327 48 79
Email: N.Lishyk@nbrb.by

Метадалогія

Канцэпцыі і вызначэнні

У адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь складанне і распаўсюджванне статыстыкі валавога знешняга доўгу Рэспублікі Беларусь (далей – знешні доўг) адносіцца да функцый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны банк). Знешні доўг распрацоўваецца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, выкладзенымі ў Даведніку па статыстыцы знешняга доўгу: даведнік для складальнікаў і карыстальнікаў (МВФ, 2013), у шостым выданні Даведніка па плацежным балансе і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (МВФ, 2009) (далей – ДПБ6).

Валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь на любы дадзены момант часу ўяўляе сабой непагашаную суму фактычных (а не ўмоўных) бягучых абавязацельстваў рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь перад нерэзідэнтамі эканомікі, якая патрабуе выплаты (выплат) працэнтаў і/або асноўнага доўгу ў пэўны момант (моманты) у будучыні.

Абавязацельства, якое ўключаецца ў знешні доўг, павінна існаваць фактычна і быць непагашаным.

Прынцыпы і канцэпцыі, якія выкарыстоўваюцца пры складанні знешняга доўгу, адпавядаюць прынцыпам складання плацежнага балансу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі краіны (прынцыпы эканамічнай тэрыторыі краіны, рэзідэнцтва, прынцыпы ацэнкі і часу рэгістрацыі аперацый і іншыя).

Структура паказчыкаў знешняга доўгу адпавядае структуры фінансавага рахунку плацежнага балансу і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (у частцы знешніх даўгавых абавязацельстваў).

Ахоп

Ахоп даных

Ахоп аперацый: Знешні доўг уключае запазычанасць усіх сектараў эканомікі Рэспублікі Беларусь перад нерэзідэнтамі, незалежна ад таго, у якой валюце намініравана гэтая запазычанасць. Знешнія абавязацельствы адносяцца да сектара непасрэднага пазычальніка.

Працэнты, якія налічаны, але яшчэ не падлягаюць выплаце, уключаюцца ў кошт асноўнага пазыковай інструмента

Пратэрмінаваная запазычанасць улічваецца разам з тым фінансавым інструментам, па якім яна ўзнікла.

Даныя валавога знешняга доўгу фарміруюцца ў зводным выглядзе ў цэлым па Рэспубліцы Беларусь.

У статыстыку знешняга доўгу ўключаюцца размеркаванне спецыяльных правоў запазычання; наяўная валюта і дэпазіты; даўгавыя каштоўныя паперы; крэдыты і пазыкі; гандлёвыя крэдыты і авансы; страхавыя, пенсійныя праграмы і праграмы стандартных гарантый; іншая крэдыторская запазычанасць, уключаючы межфірмавае крэдытаванне ў рамках прамых інвестыцый.

Фінансавы лізінг з нерэзідэнтамі класіфікуецца як крэдыты і пазыкі.

Прывілеяваныя акцыі, якія належаць нерэзідэнтам, класіфікуюцца ў якасці кампанента знешняга доўгу ў сувязі з абавязацельствам эмітэнта выплачваць па іх дывідэнды, пры гэтым эмітэнт не прымае на сябе абавязацельстваў па выкупе іх па рынкавай цане.

Геаграфічны ахоп: Да эканамічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адносіцца геаграфічная тэрыторыя краіны, якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Урада Рэспублікі Беларусь і ў межах якой могуць свабодна перамяшчацца рабочая сіла, тавары і капітал. Эканамічная тэрыторыя краіны ўключае наземную і паветраную прастору, тэрытарыяльныя анклавы ў іншых краінах (выразна адзначаныя зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў іншых краінах і належаць або арандуюцца Урадам Рэспублікі Беларусь з дыпламатычнымі, ваеннымі, навуковымі або іншымі мэтамі, свабодныя зоны і мытныя склады і прадпрыемствы, эксплуатацыя якіх ажыццяўляецца пад кантролем мытных органаў). Эканамічная тэрыторыя Рэспублікі Беларусь не ўключае анклавы замежных урадаў і міжнародных арганізацый, якія размешчаны ў межах геаграфічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Выключэнні з ахопу: У склад знешняга доўгу не ўключаюцца гарантыі, адкрытыя і яшчэ нявыбраныя крэдытныя лініі, вытворныя фінансавыя інструменты і іншыя ўмоўныя абавязацельствы, а таксама інструменты ўдзелу ў капітале (за выключэннем прывілеяваных акцый, што належаць нерэзідэнтам, якія ўключаюцца ў пазіцыю даўгавых каштоўных папер).

Класіфікацыя/дзяленне па сектарах

Класіфікацыя, якая выкарыстоўваецца, і метады ацэнкі адпавядаюць рэкамендацыям Даведніка па статыстыцы знешняга доўгу: даведнік для складальнікаў і карыстальнікаў (МВФ, 2013) і ДПБ6.

Вылучаюцца наступныя інстытуцыянальныя сектары:

  • цэнтральны банк – уключае аперацыі афіцыйных органаў, якія ажыццяўляюць кантроль над ключавымі аспектамі фінансавай сістэмы, уключаючы эмісію грошай, кіраванне міжнароднымі рэзервамі і рэгуляванне дзейнасці дэпазітных карпарацый. У Рэспубліцы Беларусь да іх адносіцца Нацыянальны банк;
  • сектар дзяржаўнага кіравання ўключае рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Рэспублікі Беларусь, фонды, інстытуты, нярынкавыя некамерцыйныя арганізацыі, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, і іншыя падкантрольныя дзяржаве арганізацыі, якія займаюцца нярынкавымі відамі дзейнасці. Дыпламатычныя і іншыя афіцыйныя прадстаўніцтвы Урада Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, таксама адносяцца да сектара дзяржаўнага кіравання сваёй краіны;
  • дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем цэнтральнага банка, уключаюць арганізацыі, якія займаюцца фінансавым пасрэдніцтвам, звязаныя з прыцягненнем сродкаў ва ўклады (дэпазіты), як асноўным відам дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь да гэтага сектара адносяцца банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі (далей – НКФА);
  • іншыя сектары ўключаюць (1) іншыя фінансавыя арганізацыі, а таксама (2) нефінансавыя арганізацыі, хатнія гаспадаркі і некамерцыйныя арганізацыі, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі, не ўлічаныя ў складзе вышэйзгаданых сектараў.

Акрамя таго, фарміруюцца даныя па знешнім доўгу дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні, уключаючы дзяржаўны і гарантаваны дзяржавай доўг.

Знешні доўг дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні ўключае знешнія даўгавыя абавязацельствы органаў дзяржаўнага кіравання, цэнтральнага банка, а таксама фінансавых і нефінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь, у статутных фондах якіх доля дзяржаўнай уласнасці складае 50 і больш працэнтаў.

Даўгавыя абавязацельствы іншых інстытуцыянальных адзінак, якія не трапляюць пад вызначэнне дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні, класіфікуюцца як знешні доўг прыватнага сектара.

Знешні доўг прыватнага сектара, гарантаваны дзяржавай, вызначаецца як абавязацельствы прыватнага сектара па знешнім доўгу, абслугоўванне якіх гарантавана органамі дзяржаўнага кіравання і цэнтральным банкам.

Аснова ўліку

Вартасная ацэнка

Даўгавыя абавязацельствы на справаздачную дату ацэньваюцца па намінальным кошце.

Даныя па знешнім доўгу фарміруюцца ў доларах ЗША. Пералік рэшткаў на пачатак і канец справаздачнага перыяду знешніх даўгавых абавязацельстваў, намініраваных у іншых валютах, у долары ЗША робіцца з выкарыстаннем крос-курсаў долара ЗША да іншых замежных валют на аснове афіцыйнага курса беларускага рубля ў адносінах да адпаведных замежных валют, устаноўленага Нацыянальным банкам на справаздачную дату.

Аснова ўліку

Улік знешніх даўгавых абавязацельстваў вядзецца асобна па кожным фінансавым абавязацельстве.

Час рэгістрацыі аперацый вызначаецца на аснове прынцыпу налічэння. У адпаведнасці з прынцыпам налічэння аперацыі адначасова ўлічваюцца бакамі, а налічаныя на дэпазіты, крэдыты і каштоўныя паперы працэнты ўключаюцца ў наяўную суму фінансавых абавязацельстваў, а не разглядаюцца ў якасці складніка іншай крэдыторскай запазычанасці.

Пратэрмінаваная запазычанасць улічваецца разам з тым фінансавым інструментам, па якім яна ўзнікла.

Дакладнасць і пэўнасць

Зыходныя даныя

Збор зыходных даных

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі, якія выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы знешняга доўгу, з'яўляюцца:

  • даныя справаздачнасці аб знешнеэканамічнай дзейнасці, якая прадстаўляецца ў Нацыянальны банк дэпазітнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь як аб знешнеэканамічных аперацыях сваіх кліентаў – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, так і аб сваіх уласных знешнеэканамічных аперацыях; арганізацыямі – рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь;
  • даныя справаздачнасці арганізацый – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь аб знешнеэканамічных аперацыях, якая прадстаўляецца ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (далей – Белстат): інфармацыя аб узаемных абавязацельствах арганізацый Рэспублікі Беларусь са знешнеэканамічнымі партнёрамі па экспартна-імпартных аперацыях, аб прыцягненні замежных інвестыцый у эканоміку краіны і прадастаўленні беларускіх інвестыцый за мяжу, што ажыццяўляюцца іншымі фінансавымі і нефінансавымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь;
  • іншыя афіцыйныя крыніцы інфармацыі Рэспублікі Беларусь: Белстат, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства фінансаў), Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы;
  • штоквартальная інфармацыя Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі, якая прадстаўляецца ў адпаведнасці з узгодненым рэгламентам абмену інфармацыяй паміж Цэнтральным банкам Расійскай Федэрацыі і Нацыянальным банкам;
  • даныя міжнародных арганізацый;
  • сродкі масавай інфармацыі, Інтэрнэт-рэсурсы.

Вызначэнне ўваходных даных, статыстычны ахоп, класіфікацыя, ацэнка і момант уліку

Асноўныя зыходныя даныя былі спецыяльна распрацаваны для разліку знешняга доўгу і ў цэлым адпавядаюць рэкамендацыям Даведніка па статыстыцы знешняга доўгу: даведнік для складальнікаў і карыстальнікаў (МВФ, 2013) і ДПБ6.

Даныя па знешніх даўгавых абавязацельствах на справаздачную дату класіфікуюцца па інстытуцыянальных сектарах, тэрмінах пагашэння, відах даўгавых інструментаў.

У класіфікацыі знешніх даўгавых абавязацельстваў па фінансавых інструментах вылучаюцца: спецыяльныя правы запазычання (размеркаванне); наяўная валюта і дэпазіты (у тым ліку абязлічаныя залатыя рахункі); даўгавыя каштоўныя паперы; крэдыты і пазыкі; гандлёвыя крэдыты і авансы; іншыя даўгавыя абавязацельствы (страхавыя і пенсійныя праграмы і праграмы стандартных гарантый, іншая крэдыторская запазычанасць).

Даўгавыя абавязацельствы перад прамымі інвестарамі і прадпрыемствамі прамога інвеставання ўключаюцца ў статыстыку знешняга доўгу і паказваюцца асобным артыкулам ”Прамыя інвестыцыі: межфірмавае крэдытаванне“.

Размеркаванне спецыяльных правоў запазычання ўяўляе сабой абавязацельства Рэспублікі Беларусь, якое ўзнікае пры размеркаванні МВФ спецыяльнага віду актываў – спецыяльных правоў запазычання, якія ствараюцца МВФ і размяркоўваюцца паміж дзяржавамі – членамі МВФ у дадатак да існуючых рэзервовых актываў. Размеркаванне спецыяльных правоў запазычання ўлічваецца на балансе Нацыянальнага банка. Выкарыстоўваюцца даныя Нацыянальнага банка і Міжнароднага валютнага фонду.

Наяўная валюта і дэпазіты ўключаюць абавязацельствы дэпазітных арганізацый Рэспублікі Беларусь, а таксама іншых фінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь па рахунках і дэпазітах нерэзідэнтаў. Выкарыстоўваецца штомесячная справаздачнасць Нацыянальнага банка, банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый (далей − НКФА), справаздачнасць іншых фінансавых арганізацый.

Даўгавыя каштоўныя паперы ўяўляюць сабой абавязацельствы па абарачальных інструментах, якія з'яўляюцца сведчаннем аб наяўнасці доўгу. Яны ахопліваюць вэксалі, аблігацыі, ноты, абарачальныя дэпазітныя сертыфікаты, камерцыйныя паперы, незабяспечаныя даўгавыя абавязацельствы, каштоўныя паперы, забяспечаныя актывамі, інструменты грашовага рынку і аналагічныя інструменты, звычайна абарачальныя на фінансавых рынках. Вэксалі вызначаюцца як каштоўныя паперы, якія даюць іх трымальнікам безумоўнае права на атрыманне ўсталяванай фіксаванай сумы ў названы тэрмін.

Для складання даных выкарыстоўваецца справаздачнасць банкаў і НКФА Рэспублікі Беларусь, іншых фінансавых арганізацый Рэспублікі Беларусь, даныя Міністэрства фінансаў, даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы, даныя МВФ па краінах у рамках Каардынаванага абследавання партфельных інвестыцый, даныя краін-партнёраў.

Крэдыты і пазыкі адлюстроўваюць рэшткі запазычанасці па асноўным доўгу прыцягнутых крэдытаў і пазык. Да крэдытаў і пазык адносяцца абавязацельствы, якія ўзнікаюць з прычыны таго, што крэдытор наўпрост прадастаўляе пазычальніку (даўжніку) пэўную суму фінансавых або матэрыяльных каштоўнасцей і ў якасці пасведчання атрымлівае дакументы, якія не з'яўляюцца абарачальнымі. Дагаворы аб фінансавым лізінгу лічацца крэдытамі і пазыкамі.

Для складання даных выкарыстоўваюцца наступныя крыніцы інфармацыі: для цэнтральнага банка – даныя агляду Нацыянальнага банка аб замежных актывах і пасівах; для сектара дзяржаўнага кіравання – справаздачнасць Міністэрства фінансаў аб знешнім дзяржаўным доўгу; для сектара дэпазітных арганізацый, за выключэннем цэнтральнага банка, – кансалідаваны баланс банкаў і НКФА; для іншых фінансавых арганізацый – справаздачнасць іншых фінансавых арганізацый; для іншых сектараў – даныя Белстата па замежных крэдытах і пазыках на аснове абследавання нефінансавых арганізацый, даныя краін-партнёраў.

Гандлёвыя крэдыты і авансы ўключаюць сумы доўгу, звязаныя з адтэрміноўкай плацяжу, прадстаўленай нерэзідэнтамі – пастаўшчыкамі тавараў і паслуг сваім кліентам – рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь (неаплачаны імпарт), а таксама перадаплатай нерэзідэнтамі за тавары і паслугі (экспарт), якія яшчэ не прадастаўлены (перадаплачаны экспарт). Выкарыстоўваецца справаздачнасць Белстата, заснаваная на абследаванні нефінансавых арганізацый, справаздачнасць іншых фінансавых арганізацый.

Іншыя даўгавыя абавязацельствы ўключаюць доўг па страхавых і пенсійных праграмах і праграмах стандартных гарантый і іншую крэдыторскую запазычанасць, не аднесеную да гандлёвых крэдытаў або іншых даўгавых інструментаў.

Страхавыя і пенсійныя праграмы і праграмы стандартных гарантый ахопліваюць страхавыя тэхнічныя рэзервы (акрамя страхавання жыцця); правы на выплаты па страхаванні жыцця і ануітэтам; правы на атрыманне пенсіі, патрабаванні пенсійных фондаў да спонсараў, правы на выплаты з непенсійных фондаў; рэзервы на пакрыццё патрабаванняў па стандартных гарантыях. Для складання даных выкарыстоўваецца справаздачнасць страхавых арганізацый.

Іншая крэдыторская запазычанасць ахоплівае абавязацельствы па падатках, куплі-продажы каштоўных папер, плаце за прадастаўленне каштоўных папер у доўг, плаце за пазыку ў золаце, абавязацельствы па зарплаце, дывідэндах і адлічэннях на сацыяльныя патрэбы, якія былі налічаны, але яшчэ не выплачаны. Для складання даных выкарыстоўваецца справаздачнасць Нацыянальнага банка, банкаў і НКФА, справаздачнасць Белстата, Міністэрства фінансаў, справаздачнасць іншых фінансавых арганізацый.

Межфірмавае крэдытаванне ахоплівае абавязацельствы, звязаныя з прыцягненнем пазыковых сродкаў і прадастаўленнем крэдытных рэсурсаў (даўгавыя каштоўныя паперы, гандлёвыя крэдыты і іншыя крэдыты і пазыкі, іншыя даўгавыя абавязацельствы), якія маюць месца паміж прамымі інвестарамі і іх замежнымі аддзяленнямі, даччынымі кампаніямі і асацыяванымі прадпрыемствамі. Межфірмавае крэдытаванне ў рамках прамых інвестыцый класіфікуецца ў адпаведнасці з адносінамі паміж інвестарам і эканамічнай адзінкай, якая атрымлівае інвестыцыі: (1) інвестыцыі прамога інвестара ў яго прадпрыемства прамога інвеставання; (2) зваротныя інвестыцыі прадпрыемства прамога інвеставання ў свайго ўласнага непасрэднага або ўскоснага інвестара; (3) інвестыцыі паміж сястрынскімі прадпрыемствамі – рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі. Для складання даных выкарыстоўваецца справаздачнасць Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы, даныя МВФ па краінах у рамках Каардынаванага абследавання прамых інвестыцый, даныя краін-партнёраў.

У класіфікацыі знешніх даўгавых абавязацельстваў па тэрмінах пагашэння размежаванне паміж доўгатэрміновымі і кароткатэрміновымі абавязацельствамі заснавана на крытэрыі першапачатковага тэрміну пагашэння. Кароткатэрміновыя абавязацельствы – з першапачатковым тэрмінам пагашэння адзін год і менш або тыя, што выплачваюцца па патрабаванні; доўгатэрміновыя абавязацельствы – з першапачатковым тэрмінам пагашэння больш за адзін год.

Кароткатэрміновы знешні доўг па рэшткавым тэрміну пагашэння ўключае плацяжы ў пагашэнне доўгу, тэрмін якіх надыходзіць на працягу года. Разлічваецца шляхам дадавання кошту непагашанага кароткатэрміновага знешняга доўгу (паводле першапачатковага тэрміну пагашэння) да кошту непагашанага доўгатэрміновага знешняга доўгу (паводле першапачатковага тэрміну пагашэння), які падлягае пагашэнню на працягу года.

Класіфікацыя знешняга доўгу па валютах прадугледжвае падзел на абавязацельствы, намініраваныя ў нацыянальнай валюце, і абавязацельствы, намініраваныя ў замежных валютах. Доўг у нацыянальнай валюце вызначаецца як доўг, намініраваны ў нацыянальнай валюце. Астатні доўг уяўляе сабой доўг у замежнай валюце.

Чысты знешні доўг – валавы знешні доўг за вылікам знешніх актываў у форме даўгавых інструментаў.

Замежныя актывы ў форме даўгавых інструментаў не ўключаюць актывы ў форме акцый і іншых форм удзелу ў капітале, а таксама актывы ў форме вытворных фінансавых інструментаў і манетарнага золата ў злітках.

Своечасовасць зыходных даных

Графік паступлення зыходных даных дазваляе своечасова фарміраваць даныя па валавым знешнім доўгу ў адпаведнасці з метадалогіяй складання знешняга доўгу і выконваць патрабаванні Спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных Міжнароднага валютнага фонду (далей – ССРД) у дачыненні да распаўсюджвання даных знешняга сектара.

Ацэнка зыходных даных

Складальнікі знешняга доўгу сістэматычна праводзяць ацэнку зыходных даных і, калі ўзнікае патрэба, ініцыіруюць працэс іх мадыфікацыі з мэтай удасканалення статыстычнай справаздачнасці.

Статыстычныя метады

Статыстычныя метады работы з зыходнымі данымі

Фарміраванне статыстыкі знешняга доўгу грунтуецца на абагульненай статыстычнай інфармацыі.

Іншыя статыстычныя працэдуры

Асобна распрацоўваюцца даныя аб графіку маючых адбыцца плацяжоў па валавым знешнім доўгу (асноўны доўг і працэнты), валютнай і краінавай структуры знешніх даўгавых абавязацельстваў па ўсіх сектарах эканомікі.

Даныя не падвяргаюцца сезоннаму згладжванню.

Ацэнка і праверка прамежкавых і выходных статыстычных даных

Праверка прамежкавых даных

Прамежкавыя вынікі рэгулярна звяраюцца з іншымі справаздачамі, якія ёсць у распараджэнні Нацыянальнага банка: справаздачнасць Нацыянальнага банка, іншых дэпазітных арганізацый, іншых фінансавых арганізацый, справаздачнасць Міністэрства фінансаў, даныя краін-партнёраў. Даныя знешняга доўгу параўноўваюцца з данымі грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкай дзяржаўных фінансаў і статыстыкай нацыянальных рахункаў.

Ацэнка прамежкавых даных

Праводзіцца аналіз прамежкавых даных з пункту гледжання ўнутранай і часовай супастаўнасці.

Ацэнка разыходжанняў і іншых праблем у выходных статыстычных даных

Пры наяўнасці якіх-небудзь разыходжанняў і невытлумачальных вялікіх ваганнях даных іх прычыны даследуюцца пры прамым кантакце з пастаўшчыкамі інфармацыі.

Практыка і аналіз пераглядаў даных

Даныя на справаздачную дату пры першым апублікаванні з'яўляюцца папярэднімі. Перагляд даных для статыстыкі знешняга доўгу вызначан рэгламентам перагляду даных і апісана ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным бюлетэні Нацыянальнага банка ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“. Пры гэтым робяцца заўвагі аб тым, што ў даныя знешняга доўгу могуць уносіцца змяненні ў будучых публікацыях. Асобным дадаткам публікуецца пералік унесеных у статыстыку знешняга доўгу змяненняў з указаннем па кожным артыкуле прычыны і даты, на якую яны ўнесены (штоквартальна). Змяненні могуць уносіцца ў сувязі з удакладненнем справаздачных даных, змяненнем метадалогіі або методыкі разліку асобных паказчыкаў, з'яўленнем новых крыніц інфармацыі, перакласіфікацыяй інструментаў, змяненнем у справаздачных даных па ўзгадненні з краінамі-партнёрамі, па іншых прычынах.

Практычная прыдатнасць

Перыядычнасць і своечасовасць

Перыядычнасць

Квартальная.

Своечасовасць

На 75-ы дзень пасля справаздачнага перыяду.

Узгодненасць

Унутраная ўзгодненасць

Даныя па знешнім доўгу фарміруюцца на штоквартальнай аснове. Пры гэтым цалкам выконваецца метадалогія складання даных знешняга доўгу (асноўныя паняцці, канцэпцыі, класіфікацыя, крыніцы інфармацыі) і тым самым гарантуецца супастаўнасць даных рознай перыядычнасці.

Часовая ўзгодненасць

Спецыялісты Нацыянальнага банка, якія адказваюць за фарміраванне даных, прадпрымаюць належныя меры па забеспячэнні часовай супастаўнасці даных. У выпадку змянення класіфікацыі даныя за максімальна магчымы папярэдні перыяд пераглядаюцца адпаведным чынам.

Узгодненасць паміж сектарамі і рознымі сферамі

Даныя знешняга доўгу ўзаемазвязаны з данымі міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі, плацежнага балансу, грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкі дзяржаўных фінансаў.

Палітыка і практыка перагляду даных

Графік перагляду даных

Штоквартальна ў апублікаваныя раней даныя пры неабходнасці ўносяцца змяненнi на даты, папярэднія справаздачнай. У адпаведнасці з рэгламентам штогадовы перагляд даных статыстыкі знешняга сектара ажыццяўляецца адзін раз у год і публікуецца штогод у верасні пры выпуску даных за першае паўгоддзе бягучага года.

Абазначэнне (ідэнтыфікацыя) папярэдніх і/або перагледжаных даных

У табліцах, якія распаўсюджваюцца, і ў рамках публікацыі плацежнага балансу прыводзіцца пералік унесеных змяненняў.

Распаўсюджванне даных пасля пераглядаў

Гістарычныя рады даных па знешнім доўгу даступны з 1996 года да 2011 года ў адпаведнасці з Даведнікам па статыстыцы знешняга доўгу (МВФ, 2003) і з 2000 года па цяперашні час – у адпаведнасці з Даведнікам па знешнім доўгу (МВФ, 2013) і ДПБ6.

Даступнасць

Даныя

Статыстычнае прадстаўленне

Даныя па знешнім доўгу публікуюцца з рознай ступенню дэталізацыі даных у фарматах табліц, адпаведных рэкамендацыям Даведніка па статыстыцы знешняга доўгу (МВФ, 2013).

Дадаткова размяшчаюцца даныя аб адносных паказчыках знешняга доўгу Рэспублікі Беларусь, а таксама даныя аб валавым знешнім доўгу дзяржаўнага сектара ў пашыраным вызначэнні.

Спосабы і фарматы распаўсюджвання даных

На папяровым носьбіце – Штоквартальны бюлетэнь

Даныя па статыстыцы знешняга доўгу публікуюцца ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным бюлетэні Нацыянальнага банка ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“.

У электронным выглядзе – Бюлетэнь або даныя ў рэжыме анлайн

На афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт размяшчаюцца:

У электронным выглядзе – Іншае

Публікуюцца на інтэрнэт-сайце Сусветнага банка ў раздзеле ”Квартальная статыстыка па знешнім доўгу (КСЗД)“: https://datatopics.worldbank.org/debt/qeds.

Каляндар выпуску даных

Каляндар папярэдніх тэрмінаў публікацыі даных, якія распаўсюджваюцца Нацыянальным банкам у адпаведнасці з патрабаваннямі ССРД, размяшчаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт:

У Статыстычным бюлетэні распаўсюджваецца інфармацыя аб тэрмінах публікацыі даных, устаноўленых ССРД, якая змяшчае звесткі аб датах распаўсюджвання паказчыкаў у бягучым і трох наступных месяцах.

Адначасовы выпуск

Даныя па знешнім доўгу ва ўстаноўленыя тэрміны размяшчаюцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт і становяцца даступнымі адначасова для ўсіх карыстальнікаў.

Распаўсюджванне па запыце

Даныя, якія не публікуюцца, і неканфідэнцыяльныя даныя могуць быць прадстаўлены па запыце.

Даступнасць даных

Распаўсюджванне дакументацыі аб канцэпцыях, ахопе, класіфікацыях, аснове ўліку, крыніцах даных і статыстычных метадах

Метадалагічныя тлумачэнні, апісанне крыніц даных у дачыненні да кожнага асобнага артыкула, а таксама метады, якія выкарыстоўваюцца пры ацэнцы асобных паказчыкаў, размяшчаюцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, а таксама публікуюцца ў інфармацыйна-аналітычным бюлетэні ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“, што размяшчаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт. Класіфікацыі, якія выкарыстоўваюцца, метады вартаснай ацэнкі і ахоп аперацый, што ўлічваюцца, у цэлым адпавядаюць рэкамендацыям Даведніка па статыстыцы знешняга доўгу (МВФ, 2013) і ДПБ6.

Узровень дэталізацыі даных, якія прадастаўляюцца

Узровень дэталізацыі адпавядае метадалагічным патрабаванням.

Дапамога карыстальнікам

Распаўсюджванне інфармацыі аб кантактах

У метаданых, размешчаных на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, і ў інфармацыйна-аналітычным бюлетэні ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“ прыводзяцца імя, нумар тэлефона і факса, электронны адрас кантактнай асобы.

Даступнасць дакументаў і інфармацыі аб публікацыях

Спіс публікацый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь даступны на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.