ССРД. Метаданыя

у фармаце pdf
Краіна Рэспубліка Беларусь
Катэгорыя даных Міжнародная інвестыцыйная пазіцыя

Асоба, адказная за кантакты Лішык Наталля Анатольеўна
Пасада: Начальнік упраўлення
Назва структурнага падраздзялення Упраўленне плацежнага балансу
Арганізацыя Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Адрас: пр. Незалежнасці, 20
Горад: Мінск
Краіна: Рэспубліка Беларусь
Паштовы індэкс: 220008
Тэлефон +375 17 219 24 60
Факс +375 17 327 48 79
Email: N.Lishyk@nbrb.by

Метадалогія

Канцэпцыі і вызначэнні

У адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам Рэспублікі Беларусь складанне і распаўсюджванне статыстыкі міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі Рэспублікі Беларусь (далей – МІП) адносіцца да функцый Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны банк). МІП распрацоўваецца ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, выкладзенымі ў шостым выданні Даведніка па плацежным балансе і міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі (далей – ДПБ6) (МВФ, 2009).

Міжнародная інвестыцыйная пазіцыя Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой статыстычную справаздачу, якая адлюстроўвае на пэўны момант часу вартасць і структуру фінансавых актываў рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, што ўяўляюць сабой патрабаванні да нерэзідэнтаў і золата ў злітках, якое служыць рэзервовым актывам, і абавязацельстваў рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь перад нерэзідэнтамі.

Стандартнымі кампанентамі з'яўляюцца знешнія актывы і абавязацельствы на пачатак і канец справаздачнага перыяду, а таксама ўсе тыя іх змяненні, якія адбыліся на працягу справаздачнага перыяду ў выніку фінансавых аперацый, вартасных змяненняў (пераацэнкі) і іншых змяненняў.

Змяненні за кошт пераацэнкі адлюстроўваюць змяненне вартасці фінансавых рэсурсаў за кошт прычын, не звязаных з рэальнымі аперацыямі. Да такіх прычын можна аднесці змяненне вартасці запасаў за кошт змянення цэн рэсурсаў, якія ўлічваюцца, а таксама змяненне вартасці фінансавых актываў за кошт змянення курсаў валют.

Змяненні, звязаныя з перакласіфікацыяй фінансавых актываў і абавязацельстваў, адлюстроўваюць аперацыі, якія не ўключаюцца ў плацежны баланс.

Розніца паміж знешнімі актывамі і абавязацельствамі складае чыстую інвестыцыйную пазіцыю краіны. Перавышэнне абавязацельстваў над актывамі паказвае на тое, што краіна з'яўляецца ”чыстым даўжніком“ перад знешнім светам. Перавышэнне знешніх актываў над абавязацельствамі перад знешнім светам паказвае на тое, што краіна з'яўляецца ”чыстым крэдыторам“.

Прынцыпы і канцэпцыі, якія выкарыстоўваюцца пры складанні балансу міжнародных інвестыцый, адпавядаюць прынцыпам складання плацежнага балансу краіны (прынцыпы эканамічнай тэрыторыі краіны, рэзідэнцтва, прынцыпы ацэнкі і часу рэгістрацыі аперацый і іншыя).

Структура паказчыкаў міжнароднай інвестыцыйнай пазіцыі адпавядае структуры фінансавага рахунку плацежнага балансу.

Змяненні, якія знайшлі адлюстраванні ў плацежным балансе за пэўны перыяд, уключаюцца ў міжнародную інвестыцыйную пазіцыю краіны за гэты перыяд.

Ахоп

Ахоп даных

Ахоп аперацый: МІП уключае замежныя фінансавыя актывы рэзідэнтаў і знешнія абавязацельствы перад нерэзідэнтамі.

Актывы адлюстроўваюць кошт інвестыцый рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь за мяжу ў выглядзе прамых, партфельных інвестыцый, вытворных фінансавых інструментаў, рэзервовых актываў і іншых інвестыцый Рэспублікі Беларусь на пэўны момант часу.

Абавязацельствы адлюстроўваюць кошт інвестыцый нерэзідэнтаў у беларускую эканоміку ў выглядзе прамых, партфельных, іншых інвестыцый, а таксама вытворных фінансавых інструментаў на пэўны момант часу.

Геаграфічны ахоп: Да эканамічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адносіцца геаграфічная тэрыторыя краіны, якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Урада Рэспублікі Беларусь і ў межах якой могуць свабодна перамяшчацца рабочая сіла, тавары і капітал. Эканамічная тэрыторыя краіны ўключае наземную і паветраную прастору, тэрытарыяльныя анклавы ў іншых краінах (выразна адзначаныя зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў іншых краінах і належаць або арандуюцца Урадам Рэспублікі Беларусь з дыпламатычнымі, ваеннымі, навуковымі або іншымі мэтамі, свабодныя зоны і мытныя склады і прадпрыемствы, эксплуатацыя якіх ажыццяўляецца пад кантролем мытных органаў). Эканамічная тэрыторыя Рэспублікі Беларусь не ўключае анклавы замежных урадаў і міжнародных арганізацый, якія размешчаны ў межах геаграфічнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Няўлічаная дзейнасць: Нацыянальны банк робіць ацэнку змянення аб'ёму наяўнай замежнай валюты ў сектары нефінансавых арганізацый, хатніх гаспадарак і некамерцыйных арганізацый, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Класіфікацыя/дзяленне па сектарах

Класіфікацыя, якая выкарыстоўваецца, і метады ацэнкі адпавядаюць рэкамендацыям ДПБ6.

Вылучаюцца наступныя інстытуцыянальныя сектары:

  • цэнтральны банк – уключае аперацыі афіцыйных органаў, якія ажыццяўляюць кантроль над ключавымі аспектамі фінансавай сістэмы, уключаючы эмісію грошай, кіраванне міжнароднымі рэзервамі і рэгуляванне дзейнасці дэпазітных карпарацый. У Рэспубліцы Беларусь да іх адносіцца Нацыянальны банк;
  • сектар дзяржаўнага кіравання ўключае рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Рэспублікі Беларусь, фонды, інстытуты, нярыначныя некамерцыйныя арганізацыі, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, і іншыя падкантрольныя дзяржаве арганізацыі, што займаюцца нярыначнымі відамі дзейнасці. Дыпламатычныя i iншыя афiцыйныя прадстаўніцтвы Урада Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь, таксама адносяцца да сектара дзяржаўнага кіравання сваёй краіны;
  • дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем цэнтральнага банка, уключаюць арганізацыі, якія займаюцца фінансавым пасрэдніцтвам, звязаным з прыцягненнем сродкаў ва ўклады (дэпазіты), як асноўным відам дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь да гэтага сектара адносяцца банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі (далей – НКФА);
  • іншыя сектары ўключаюць (1) іншыя фінансавыя арганізацыі, а таксама (2) нефінансавыя арганізацыі, хатнія гаспадаркі і некамерцыйныя арганізацыі, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі, не ўлічаныя ў складзе вышэйзгаданых сектараў.

Аснова ўліку

Вартасная ацэнка

Знешнія актывы і абавязацельствы ацэньваюцца ў асноўным па намінальным кошце. Кошт манетарнага золата ацэньваецца па рынкавай цане.

Даныя МІП фарміруюцца ў доларах ЗША.

Пералік рэшткаў замежных актываў і абавязацельстваў на пачатак і канец справаздачнага перыяду, намініраваных у іншых валютах, у долары ЗША ажыццяўляецца з выкарыстаннем крос-курсаў долара ЗША да іншых замежных валют на аснове афіцыйнага курса беларускага рубля ў адносінах да адпаведных замежных валют, устаноўленага Нацыянальным банкам на справаздачную дату.

Пералік аперацый, якія ажыццяўляюцца ў іншых валютах, у долары ЗША ажыццяўляецца з выкарыстаннем крос-курсаў долара ЗША да іншых замежных валют на аснове афіцыйнага курса беларускага рубля ў адносінах да адпаведных замежных валют, устаноўленага Нацыянальным банкам на дату здзяйснення аперацый. У выпадку адсутнасці інфармацыі аб датах аперацый прымяняецца штомесячны і штоквартальны сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь.

Аснова ўліку

Час рэгістрацыі аперацый вызначаецца на аснове прынцыпу налічэння. У адпаведнасці з прынцыпам налічэння аперацыі адначасова ўлічваюцца бакамі, а налічаныя на дэпазіты, крэдыты і каштоўныя паперы працэнты ўключаюцца ў наяўную суму фінансавых абавязацельстваў, а не разглядаюцца ў якасці складніка іншай крэдыторскай запазычанасці.

Пратэрмінаваная запазычанасць улічваецца разам з тым фінансавым інструментам, па якім яна ўзнікла.

Працэдуры вылічэння валавых/чыстых паказчыкаў

Улік актываў і абавязацельстваў фінансавага рахунку вядзецца на чыстай аснове паасобна па кожным фінансавым актыве і абавязацельстве без указання крэдытавых і дэбетавых праводак.

Дакладнасць і пэўнасць

Зыходныя даныя

Збор зыходных даных

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі, якія выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы МІП, з'яўляюцца:

  • даныя справаздачнасці аб знешнеэканамічнай дзейнасці, якая прадстаўляецца ў Нацыянальны банк дэпазітнымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь як аб знешнеэканамічных аперацыях сваіх кліентаў – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь, так і аб сваіх уласных знешнеэканамічных аперацыях; арганізацыямі – рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь;
  • даныя справаздачнасці арганізацый – рэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь аб знешнеэканамічных аперацыях, якая прадстаўляецца ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (далей – Белстат): інфармацыя аб прыцягненні замежных інвестыцый у эканоміку краіны і прадастаўленні беларускіх інвестыцый за мяжу, якія ажыццяўляюцца іншымі фінансавымі і нефінансавымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь;
  • іншыя афіцыйныя крыніцы інфармацыі Рэспублікі Беларусь: Белстат, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства фінансаў), Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы;
  • штоквартальная інфармацыя Цэнтральнага банка Расійскай Федэрацыі, якая прадстаўляецца ў адпаведнасці з узгодненым рэгламентам абмену інфармацыяй паміж Цэнтральным банкам Расійскай Федэрацыі і Нацыянальным банкам;
  • даныя міжнародных арганізацый;
  • сродкі масавай інфармацыі, Інтэрнэт-рэсурсы.

Вызначэнні, ахоп, класіфікацыі, ацэнка і час уліку зыходных даных

Класіфікацыя артыкулаў МІП мае некалькі ўзроўняў: актывы і абавязацельствы; функцыянальнае прызначэнне або від інвестыцый; від фінансавага інструмента; інстытуцыянальны сектар; першапачатковы тэрмін пагашэння пазыковага абавязацельства.

Прамыя інвестыцыі

Прамыя інвестыцыі – гэта катэгорыя трансгранічных інвестыцый, пры якой рэзідэнт адной краіны ажыццяўляе кантроль або мае значную ступень уплыву на кіраванне прадпрыемствам, што з'яўляецца рэзiдэнтам другой краіны (валодае інструментамі ўдзелу ў капітале, якія забяспечваюць яму 10 ці больш працэнтаў галасоў у кіраванні прадпрыемствам прамога інвеставання).

Аперацыі з прамымі інвестыцыямі па тыпе фінансавага інструмента падпадзяляюцца на інструменты ўдзелу ў капітале і долі ў інвестыцыйных фондах (у тым ліку рэінвеставанне даходаў) і даўгавыя інструменты.

Даныя аб прамых інвестыцыях дэпазітных арганізацый паступаюць у Нацыянальны банк з іх справаздач. Пры ўліку прамых інвестыцый іншых сектараў выкарыстоўваюцца даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу, даныя справаздачнасці аб міжнародных плацяжах (ITRS), даныя справаздачнасці іншых фінансавых арганізацый, адміністрацыйныя даныя, даныя краін-партнёраў, даныя міжнародных арганізацый.

Партфельныя інвестыцыі

Партфельныя інвестыцыі ўключаюць трансгранічныя аперацыі, звязаныя з даўгавымі каштоўнымі паперамі ці каштоўнымі паперамі, якія забяспечваюць удзел у капітале, акрамя тых, якія ўключаюцца ў прамыя інвестыцыі або рэзервовыя актывы.

Асноўнымі крыніцамі інфармацыі для партфельных інвестыцый з'яўляюцца справаздачнасць аб міжнародных плацяжах (ITRS), справаздачнасць дэпазітных арганізацый, іншых фінансавых арганізацый, даныя Міністэрства фінансаў, даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу, даныя краін-партнёраў, даныя міжнародных арганізацый.

Вытворныя фінансавыя інструменты

Вытворныя фінансавыя інструменты ўяўляюць сабой фінансавыя інструменты, якія прывязаны да іншага канкрэтнага (базавага) інструмента і з дапамогай якіх на фінансавых рынках можа ажыццяўляцца гандаль канкрэтнымі фінансавымі рызыкамі (такімі як працэнтная і валютная рызыка, рызыка, звязаная з ваганнямі цэн на акцыі і тавары, крэдытная рызыка і да т. п.) незалежна ад базавага інструмента. Вытворныя фінансавыя інструменты падпадзяляюцца на форвардныя кантракты і апцыёны.

Даныя фарміруюцца на аснове аглядаў Нацыянальнага банка і іншых дэпазітных арганізацый.

Іншыя інвестыцыі

У гэтым артыкуле адлюстроўваецца рэшткавая катэгорыя інвестыцый, якая ўключае аперацыі, не аднесеныя да прамых і партфельных інвестыцый, вытворных фінансавых інструментаў і рэзервовых актываў.

Артыкул класіфікуецца па наступных тыпах фінансавых інструментаў: іншыя інструменты ўдзелу ў капітале; наяўная валюта і дэпазіты; крэдыты і пазыкі; страхавыя тэхнічныя рэзервы, не звязаныя са страхаваннем жыцця, правы на выплаты па страхаванні жыцця і ануітэтам, правы на пенсійныя выплаты і рэзервы на пакрыццё патрабаванняў па стандартных гарантыях; гандлёвыя крэдыты і авансы; іншая дэбіторская/крэдыторская запазычанасць; спецыяльныя правы запазычання.

Іншыя інструменты ўдзелу ў капітале адносяцца да іншых інвестыцый у тых выпадках, калі яны не з'яўляюцца прамымі інвестыцыямі або рэзервовымі актывамі. Іншыя інструменты ўдзелу ў капітале не маюць формы каштоўных папер, таму яны не ўключаюцца ў партфельныя інвестыцыі. Членства ў шэрагу міжнародных арганізацый не прымае форму каштоўных папер і таму класіфікуецца як іншыя інструменты ўдзелу ў капітале.

Наяўная валюта складаецца з банкнотаў і манет, якія маюць фіксаваны намінальны кошт і выпускаюцца або іх выпуск санкцыянуецца цэнтральным банкам або ўрадамі.

Дэпазіты ўключаюць усе патрабаванні, якія адносяцца да цэнтральнага банка, дэпазітных арганізацый, за выключэннем цэнтральнага банка, і ў некаторых выпадках да іншых інстытуцыянальных адзінак і пацверджаны сведчаннем аб укладзе.

Даныя аб наяўнай валюце і дэпазітах Нацыянальнага банка, банкаў і НКФА Рэспублікі Беларусь фарміруюцца на аснове бухгалтарскіх балансаў, даных нефінансавых арганізацый аб руху сродкаў на рахунках за мяжой, справаздачнасці іншых фінансавых арганізацый. Акрамя таго, Нацыянальны банк робіць ацэнку змянення аб'ёму наяўнай замежнай валюты ў сектары нефінансавых арганізацый, хатніх гаспадарак і некамерцыйных арганізацый, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Крэдыты і пазыкі ўяўляюць сабой фінансавыя актывы, якія ствараюцца, калі крэдытор дае сродкі наўпрост пазычальніку і ў якасці сведчання атрымлівае дакументы, якія не з'яўляюцца абарачальнымі. Гэтая катэгорыя ахоплівае ўсе крэдыты і пазыкі, у тым ліку якія прадастаўляюцца праз механізмы авердрафту, акрамя дэбіторскай/крэдыторскай запазычанасці, што разглядаецца як асобная катэгорыя фінансавых актываў.

У якасці крыніцы даных па крэдытах і пазыках цэнтральнага банка выкарыстоўваецца справаздачнасць Нацыянальнага банка аб замежных актывах і пасівах; для сектара дзяржаўнага кіравання – справаздачнасць Міністэрства фінансаў аб знешнім дзяржаўным доўгу; для сектара дэпазітных арганізацый, за выключэннем цэнтральнага банка, – кансалідаваны баланс банкаў і НКФА; для іншых сектараў – даныя Белстата аб інвестыцыях у Рэспубліку Беларусь з-за мяжы і інвестыцыях з Рэспублікі Беларусь за мяжу, справаздачнасць іншых фінансавых арганізацый, даныя краін-партнёраў.

Страхавыя і пенсійныя праграмы і праграмы стандартных гарантый ахопліваюць страхавыя тэхнічныя рэзервы (акрамя страхавання жыцця); правы на выплаты па страхаванні жыцця і ануітэтам; правы на атрыманне пенсіі, патрабаванні пенсійных фондаў да спонсараў, правы на выплаты з не пенсійных фондаў; рэзервы на пакрыццё патрабаванняў па стандартных гарантыях.

Страхавыя тэхнічныя рэзервы (акрамя страхавання жыцця) уключаюць рэзервы незаробленых страхавых прэмій, якія ўяўляюць сабой папярэднюю аплату прэмій; рэзервы на пакрыццё непагашаных страхавых патрабаванняў, якія ўяўляюць сабой сумы, вызначаныя страхавымі арганізацыямі для пакрыцця чаканых імі выплат, што вынікаюць з ужо насталых падзей, патрабаванні па якіх яшчэ не былі ўрэгуляваны.

Для фарміравання даных па страхавых, пенсійных праграмах і праграмах стандартных гарантый выкарыстоўваюцца даныя справаздачнасці страхавых арганізацый.

Гандлёвыя крэдыты і авансы ўключаюць крэдыты, прадастаўленыя наўпрост пастаўшчыкамі тавараў і паслуг сваім кліентам, авансы за работы на стадыі незавершанай вытворчасці (або якія яшчэ трэба будзе пачаць), авансы за работы на стадыі незавершанай вытворчасці (або якія яшчэ трэба будзе выканаць) і перадаплату кліентаў за тавары і паслугі, якія яшчэ не прадастаўлены.

Для фарміравання даных па гандлёвых крэдытах і авансах выкарыстоўваюцца даныя Белстата на аснове абследавання нефінансавых арганізацый, даныя справаздачнасці іншых фінансавых арганізацый, даныя краін-партнёраў.

Іншая дэбіторская/крэдыторская запазычанасць уключае дэбіторскую або крэдыторскую запазычанасць, не аднесеную да гандлёвых крэдытаў і авансаў ці іншых інструментаў. Яна ахоплівае абавязацельствы па падатках, куплі-продажы каштоўных папер, плаце за прадастаўленне каштоўных папер у доўг, плаце за крэдыт у золаце, абавязацельствы па заработнай плаце, дывідэндах і узносах/адлічэннях на сацыяльныя патрэбы, якія былі налічаны, але яшчэ не выплачаны. Катэгорыя ўключае таксама перадаплату па гэтых артыкулах.

Пры фарміраванні даных аб іншай дэбіторскай/крэдыторскай запазычанасці выкарыстоўваюцца справаздачы Нацыянальнага банка, банкаў і НКФА, іншых фінансавых арганізацый, даныя Белстата на аснове абследавання нефінансавых арганізацый, даныя Міністэрства фінансаў.

Спецыяльныя правы запазычання ўяўляюць сабой міжнародныя рэзервовыя актывы, якія ствараюцца МВФ і размяркоўваюцца паміж дзяржавамі – членамі МВФ у дадатак да існуючых рэзервовых актываў. Размеркаванне спецыяльных правоў запазычання членам МВФ адлюстроўваецца як прыняцце абавязацельстваў у раздзеле іншыя інвестыцыі. Актывы і размеркаванне спецыяльных правоў запазычання ўлічваюцца на балансе Нацыянальнага банка.

Рэзервовыя актывы – гэта знешнія актывы, якія ёсць у вольным распараджэнні органаў грашова-крэдытнага рэгулявання і кантралююцца iмi з мэтай задавальнення патрабаванняў у фінансаванні плацежнага балансу, правядзення інтэрвенцый на валютных рынках для аказання ўздзеяння на валютны курс і іншымі адпаведнымі мэтамі (такімі як падтрыманне даверу да валюты і эканомікі, a таксама ў якасці асновы для замежнага запазычання).

Даныя аб змяненні рэзервовых актываў фарміруюцца на аснове справаздачнасці Нацыянальнага банка аб замежных актывах і абавязацельствах, інфармацыі аб каштоўных металах, рынкавым кошце золата, крэдытных рэйтынгах контрагентаў-нерэзідэнтаў, даных Міністэрства фінансаў, а таксама даных Міжнароднага валютнага фонду.

Размежаванне паміж доўгатэрміновымі і кароткатэрміновымі фінансавымі актывамі і абавязацельствамі для пазыковых інструментаў заснавана на крытэрыі першапачатковага тэрміну пагашэння: кароткатэрміновыя – прадастаўленыя на тэрмін адзін год і менш; доўгатэрміновыя – прадастаўленыя на тэрмін больш за адзін год.

Своечасовасць зыходных даных

Графік паступлення зыходных даных дазваляе своечасова фарміраваць даныя па МІП і выконваць патрабаванні Спецыяльнага стандарту распаўсюджвання даных Міжнароднага валютнага фонду (далей – ССРД) у дачыненні да распаўсюджвання даных знешняга сектара.

Ацэнка зыходных даных

Складальнікі МІП сістэматычна праводзяць ацэнку зыходных даных і, калі ўзнікае патрэба, ініцыіруюць працэс іх мадыфікацыі з мэтай удасканалення статыстычнай справаздачнасці.

Статыстычныя метады

Статыстычныя метады работы з зыходнымі данымі

Фарміраванне статыстыкі МІП ажыццяўляецца на абагульненай статыстычнай інфармацыі і пры неабходнасці дапаўняецца ацэнкавымі данымі Нацыянальнага банка.

Прамыя інвестыцыі: у аб'ём прамых інвестыцый банкаў уключаецца ацэначны паказчык рэінвесціраваных даходаў, разлічаны на падставе справаздачы банкаў і НКФА аб прыбытках і стратах і інфармацыі Нацыянальнага банка аб долі замежнага інвестара ва ўдзеле ў капітале банка і НКФА. У аб'ём прамых інвестыцый сектара дзяржаўнага кіравання ўключаюцца звесткі, атрыманыя з адміністрацыйных крыніц, аб куплі-продажы акцый, паёў і доляй, нерухомай маёмасці, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці. У аб'ём прамых інвестыцый іншых сектараў уключаецца аб'ём інвестыцый хатніх гаспадарак, ажыццёўленых у нерухомасць за мяжой, а таксама аб'ём інвестыцый хатніх гаспадарак-нерэзідэнтаў, якія набылі нерухомасць у Рэспубліцы Беларусь.

Пры будаўніцтве краінай-нерэзідэнтам буйных аб'ектаў на тэрыторыі краіны-рэзідэнта (і наадварот) (збудаванне мастоў, плацін, электрастанцый, магістральных трубаправодаў і да т. п.) можа выкарыстоўвацца інфармацыя сродкаў масавай інфармацыі.

Нацыянальны банк робіць ацэнку змянення аб'ёму наяўнай замежнай валюты ў сектары нефінансавых арганізацый, хатніх гаспадарак і некамерцыйных арганізацый, якія абслугоўваюць хатнія гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Іншыя статыстычныя працэдуры

Даныя не падвяргаюцца сезоннаму згладжванню.

Ацэнка і праверка прамежкавых і выходных статыстычных даных

Праверка прамежкавых даных

Прамежкавыя вынікі рэгулярна звяраюцца з іншымі справаздачамі, якія ёсць у распараджэнні Нацыянальнага банка. Даныя МІП параўноўваюцца з данымі грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкай дзяржаўных фінансаў і статыстыкай рэальнага сектара.

Ацэнка прамежкавых даных

Праводзіцца аналіз прамежкавых даных з пункту гледжання ўнутранай і знешняй супастаўнасці.

Ацэнка разыходжанняў і іншых праблем у выходных статыстычных даных

Пры наяўнасці якіх-небудзь разыходжанняў і невытлумачальных вялікіх ваганнях даных іх прычыны даследуюцца пры прамым кантакце з пастаўшчыкамі інфармацыі.

Практыка пераглядаў даных

Практыка і аналіз пераглядаў даных

Даныя на справаздачную дату пры першым апублікаванні з'яўляюцца папярэднімі. Палітыка перагляду даных для статыстыкі МІП вызначана рэгламентам перагляду даных і апісана ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным бюлетэні Нацыянальнага банка ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“. Пры гэтым робяцца заўвагі пра тое, што ў даныя МІП могуць уносіцца змяненні ў будучых публікацыях. Асобным дадаткам публікуецца пералік унесеных у статыстыку МІП змяненняў з указаннем па кожным артыкуле прычыны і даты, на якую яны ўнесены (штоквартальна). Змяненні могуць уносіцца ў сувязі з удакладненнем справаздачных даных, змяненнем метадалогіі або методыкі разліку асобных паказчыкаў, з'яўленнем новых крыніц інфармацыі, перакласіфікацыяй інструментаў (паказчыкаў), змяненнем у справаздачных даных па ўзгадненні з краінамі-партнёрамі, па іншых прычынах.

Практычная прыдатнасць

Перыядычнасць і своечасовасць

Перыядычнасць

Квартальная.

Своечасовасць

На 75-ы дзень пасля справаздачнага перыяду.

Узгодненасць

Унутраная ўзгодненасць

Даныя МІП фарміруюцца на штоквартальнай аснове. Пры гэтым цалкам выконваецца метадалогія складання даных МІП (асноўныя паняцці, канцэпцыі, класіфікацыя, крыніцы інфармацыі) і тым самым гарантуецца супастаўнасць даных рознай перыядычнасці.

Часовая ўзгодненасць

Спецыялісты Нацыянальнага банка, якія адказваюць за фарміраванне даных, прадпрымаюць належныя меры па забеспячэнні часовай супастаўнасці даных. У выпадку змянення класіфікацыі даныя за максімальна магчымы папярэдні перыяд пераглядаюцца адпаведным чынам.

Узгодненасць паміж сектарамі і рознымі сферамі

Даныя МІП узаемазвязаны з данымі грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкі дзяржаўных фінансаў, статыстыкі рэальнага сектара.

Палітыка і практыка перагляду даных

Графік перагляду даных

Штоквартальна ў апублікаваныя раней даныя пры неабходнасці могуць уносіцца змяненнi на даты, папярэднія справаздачнай. У адпаведнасці з рэгламентам перагляд гадавых даных статыстыкі МІП ажыццяўляецца адзін раз у год і публікуецца штогод у верасні пры выпуску даных за першае паўгоддзе бягучага года.

Абазначэнне (ідэнтыфікацыя) папярэдніх і/або перагледжаных даных

У табліцах, якія распаўсюджваюцца, і ў рамках публікацыі МІП прыводзіцца пералік унесеных змяненняў.

Распаўсюджванне даных пасля пераглядаў

Гістарычныя рады даных па МІП даступны з 1996 года да 2011 года ў адпаведнасці з пятым выданнем Даведніка па плацежным балансе (далей – ДПБ5) і з 2000 года па цяперашні час – у адпаведнасці з ДПБ6.

Даступнасць

Даныя

Статыстычнае прадстаўленне

Даныя МІП публікуюцца ў некалькіх прадстаўленнях з рознай ступенню дэталізацыі даных, адпаведнай рэкамендацыям ДПБ6.

Інтэграваная справаздача аб МІП адлюстроўвае сувязі паміж змяненнямі МІП і аперацыямі па фінансавым рахунку плацежнага балансу і рахунку іншых змяненняў у фінансавых актывах і абавязацельствах на працягу перыяду.

Спосабы і фарматы распаўсюджвання даных

На папяровым носьбіце – Штоквартальны бюлетэнь

Даныя па статыстыцы МІП публікуюцца ў штоквартальным інфармацыйна-аналітычным бюлетэні Нацыянальнага банка ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“.

У электронным выглядзе – Бюлетэнь або даныя ў рэжыме анлайн

На афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт размяшчаюцца:

У электронным выглядзе – Іншае

Публікуюцца ў выданнях Міжнароднага валютнага фонду – зборніках ”International Financial Statistics“ (”Міжнародная фінансавая статыстыка“) і ”Balance of Payments Statistics. Yearbook“ (”Статыстыка плацежных балансаў. Штогоднік“).

Каляндар выпуску даных

Каляндар папярэдніх тэрмінаў публікацыі даных, якія распаўсюджваюцца Нацыянальным банкам у адпаведнасці з патрабаваннямі ССРД, размяшчаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт:
на рускай мове
https://www.nbrb.by/statistics/SStandard/calendar.asp;
на англійскай мове
https://www.nbrb.by/engl/statistics/sdds/calendar.asp.

У Статыстычным бюлетэні распаўсюджваецца інфармацыя аб тэрмінах публікацыі даных, устаноўленых ССРД, якая змяшчае звесткі пра даты распаўсюджвання паказчыкаў у бягучым і трох наступных месяцах.

Адначасовы выпуск

Даныя МІП ва ўстаноўленыя тэрміны размяшчаюцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт і становяцца даступнымі адначасова для ўсіх карыстальнікаў.

Распаўсюджванне па запыце

Даныя, якія не публікуюцца, і неканфідэнцыяльныя даныя могуць быць прадстаўлены па запыце.

Даступнасць даных

Распаўсюджванне дакументацыі аб канцэпцыях, ахопе, класіфікацыях, аснове ўліку, крыніцах даных і статыстычных метадах

Метадалагічныя тлумачэнні, апісанне крыніц даных у дачыненні да кожнага асобнага артыкула, а таксама метады, якія выкарыстоўваюцца пры ацэнцы асобных аперацый, размяшчаюцца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, а таксама публікуюцца ў інфармацыйна-аналітычным бюлетэні ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“, што размяшчаецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт. Класіфікацыі, якія выкарыстоўваюцца, метады вартаснай ацэнкі і ахоп аперацый, што ўлічваюцца, у цэлым адпавядаюць ДПБ6.

Узровень дэталізацыі даных, якія прадастаўляюцца

Узровень дэталізацыі адпавядае метадалагічным патрабаванням.

Дапамога карыстальнікам

Распаўсюджванне інфармацыі аб кантактах

У метаданых, размешчаных на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт, і ў інфармацыйна-аналітычным бюлетэні ”Плацежны баланс, міжнародная інвестыцыйная пазіцыя і валавы знешні доўг Рэспублікі Беларусь“ прыводзяцца імя, нумар тэлефона і факса, электронны адрас кантактнай асобы.

Даступнасць дакументаў і інфармацыі аб публікацыях

Спіс публікацый Нацыянальнага банка даступны на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт.