Аб змяненні працэнтных ставак па банкаўскіх укладах (дэпазітах)
Банкаўская дзейнасць мае сваю спецыфіку: банкі прыцягваюць часова свабодныя грашовыя сродкі насельніцтва і прадпрыемстваў і прадастаўляюць іх у якасці крэдытаў тым кліентам, якія маюць патрэбу ў грашовых сродках.
Банкі самастойна вызначаюць умовы заключэння здзелак з кліентамі і ўстанаўліваюць узровень працэнтных ставак па банкаўскіх укладах (дэпазітах), зыходзячы з узроўню стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, стану грашовага рынку, уласнай дэпазітнай палітыкі і неабходнасці забеспячэння даступнасці крэдытаў. Па асобных відах банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) памер працэнтных ставак вызначаецца тэрмінам укладу (дэпазіту), сумай, частатой выплаты даходу, аб'ёмам і характарам спадарожных паслуг, нарэшце, залежыць ад захавання кліентам умоў дагавора.
Нацыянальны банк, не ўмешваючыся ў дагаворныя адносіны банкаў і іх кліентаў, з'яўляецца рэгулятарам грашова-крэдытнага рынку і выкарыстоўвае розныя метады, каб забяспечыць абарону захаванасці рублёвых зберажэнняў ад інфляцыі.
Згодна з артыкулам 187 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь укладаатрымальнік выплочвае ўкладчыку працэнты па ўкладзе (дэпазіце) у памеры, якi вызначаецца дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазіту).
Памер працэнтаў па ўкладзе (дэпазіце) можа вызначацца:
- у абсалютным лічбавым выражэнні (фіксаваная гадавая працэнтная стаўка);
- зыходзячы з разліковай велічыні, прывязанай да базавага паказчыка, у парадку, узгодненым бакамі пры заключэнні дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту) (пераменная гадавая працэнтная стаўка).
Укладаатрымальнік не мае права ў аднабаковым парадку паменшыць памер працэнтаў па ўкладзе (дэпазіце). Умовы дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту), якія дазваляюць укладаатрымальніку паменшыць памер працэнтаў па ўкладзе (дэпазіце) у аднабаковым парадку, абмяжоўваюць правы ўкладчыка і лічацца нікчэмнымі. Памяншэнне зменнай гадавой працэнтнай стаўкі з прычыны памяншэння базавага паказчыка не з'яўляецца памяншэннем памеру працэнтаў па ўкладзе (дэпазіце) у аднабаковым парадку.
Перад падпісаннем дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту) варта ўважліва вывучаць яго ўмовы, у тым ліку звяртаючы асаблівую ўвагу на наступныя моманты: працэнтная стаўка па ўкладзе (дэпазіце) з'яўляецца фіксаванай або зменнай, а таксама на памер працэнтнай стаўкі, у тым ліку пры датэрміновым зняцці ўкладу (ці будуць пералічаны працэнты па паніжанай працэнтнай стаўцы, калі Вы вырашыце скасаваць дзеючы дагавор). У выпадку ўзнікнення цяжкасцей з разуменнем умоў дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазіту) звяртайцеся да кансультантаў банка па тлумачэнні і дапамогу.