Нацыянальны банк Рэспублiкi Беларусь 27 кастрычнiка 2011 г. уводзiць у абарачэнне памятныя манеты "М. Багдановiч. 120 гадоў"
- срэбную – намiналам 10 рублёў, пробай сплаву 925, масай 16,81 г, дыяметрам 32,00 мм;
- медна-нiкелевую – намiналам 1 рубель, масай 13,16 г, дыяметрам 32,00 мм.
Манеты маюць форму круга, з пярэдняга i адваротнага бакоў – кант, якi выступае па акружнасцi. Бакавая паверхня манет з насечкай.
Аверс: у абрамленнi арнаменту, выкарыстанага пры афармленнi зборнiка вершаў "Вянок", уверсе – рэльефны вiдарыс Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь, пад iм надпiс: РЭСПУБЛIКА БЕЛАРУСЬ i намiнал 10 РУБЛЁЎ (на срэбнай) i 1 РУБЕЛЬ (на медна-нiкелевай); унiзе – год чаканкi; справа (на срэбнай манеце) – проба сплаву.
Рэверс: злева – рэльефная выява партрэта класiка беларускай лiтаратуры Максiма Багдановiча; справа па крузе ў два радкi надпiсы: М. Багдановiч, 1891–1917 (гады жыцця) i арнаментальны матыў з васiлькоў.
Манеты адчаканены на АТ "Манетны двор Польшчы": срэбная якасцю "пруф", медна-нiкелевая – "пруф-лайк". Тыраж срэбнай i медна-нiкелевай манет – па 2000 штук.
Памятныя манеты, што ўводзяцца ў абарачэнне, з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублiкi Беларусь, абавязковым да прыёму па намiнальным кошце пры ўсiх вiдах плацяжоў без усялякiх абмежаванняў.

